Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады пайшлі на некаторыя саступкі». Чаму аднаўляюць працу міжгароднія маршруткі


Архіўнае фота. Маршруткі на |Прывакзальнай плошчы ў Менску
Архіўнае фота. Маршруткі на |Прывакзальнай плошчы ў Менску

З 16 сакавіка аднавіў працу буйны прыватны міжгародні перавозчык пасажыраў «Тураўскі экспрэс», а «Полацкі экспрэс» плянуе вярнуцца на рынак бліжэйшымі днямі. Кіраўнікі гэтых кампаній расказалі Свабодзе, што ўлады пайшлі ім на пэўныя саступкі, аднак яны спадзяюцца і на зьмены ў заканадаўстве.

15 сакавіка Міністэрства транспарту і камунікацый паведаміла, што 135 міжгародніх маршрутных таксі ў Беларусі аднаўляюць сваю працу. Нерэгулярныя перавозчыкі пачынаюць працаваць як рэгулярныя.

«Дзяржава на словах ужо пайшла на кампрамісы»

Дырэктар кампаніі «Тураўскі экспрэс» ​Аляксандар Мегун патлумачыў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, чаму перавозчык аднавіў рэйсы​.

— Першая прычына — што гэты раён і так адрэзаны ад сьвету ў зьвязку з закрыцьцём тураўскага мосту. Па-другое, прымаем рашэньні з пасажырскімі апэратарамі, што езьдзіць трэба, людзей вазіць трэба. Транспарту няма ў гэтым раёне, адзін дзяржаўны аўтобус адпраўляецца зь Менску, і ня ўсім гэта зручна. Па просьбе пасажыраў вырашылі аднавіць рух.

Ілюстрацыйнае фота. Пантонны мост паміж Жыткавічамі і Туравам
Ілюстрацыйнае фота. Пантонны мост паміж Жыткавічамі і Туравам

— Усе ўмовы, кошты засталіся ранейшыя?

— Выдаткаў зьявілася больш, але цэны засталіся ранейшыя. З Турава да Менску каштуе 11 рублёў. Выдаткі зьвязаныя з тым, што за гэты час ужо два разы падняліся цэны на паліва.

— Вы перааформіліся зь нерэгулярных перавозчыкаў у рэгулярныя, як прадугледжана новым законам?

— Гэта яшчэ ў працэсе.

— То бок вы езьдзіце як нерэгулярныя?

— Так. Больш на свой страх і рызыку. На словах дазволілі, але дакумэнтальна гэта пакуль не пацьвярджаецца. Мы падалі дакумэнты, бо нічога іншага не застаецца.

Трэба шукаць кампрамісы зь дзяржавай, каб было зручна двум бакам

— У інтэрнэце зьбіраюць подпісы пад онлайн-пэтыцыямі, каб умовы для перавозчыкаў былі больш спрыяльныя.

— Так, я на іх баку. Але на гэты момант трэба шукаць кампрамісы зь дзяржавай, каб было зручна двум бакам. Яны кажуць, што на гэты момант перагледзелі ўсе пазыцыі, праводзяць нарады. На адной зь іх я сёньня прысутнічаў. Калі дзяржава, пакуль на словах, ужо пайшла на нейкія кампрамісы, паглядзім, што будзе далей.

На гэты момант мы просім дакумэнтальнага пацьверджаньня, каб нармальна працаваць. Калі дзяржава пойдзе на саступкі, мы таксама згодныя пайсьці на нейкія саступкі. Калі іх ня будзе, то мы будзем спыняць рух. Пакуль паверылі на слова.

«Нам таксама пайшлі на некаторыя саступкі»

Дырэктар «Полацкага экспрэсу» Дзьмітры Навіцкі сказаў Свабодзе, што маршруткі не аднавілі працу і пакуль невядомая канкрэтная дата, калі яны паедуць.

— Афіцыйна мы не давалі камэнтароў, што выяжджаем. Гэта ўсё падхапілі мэдыі. Дакумэнты пакуль у стадыі падпісаньня. На гэта патрэбны час. Таму пакуль мы баімся абяцаць, калі выедзем, але працуем у гэтым кірунку.

— Але чаму вы вырашылі пераафармляцца зь нерэгулярных перавозчыкаў у рэгулярныя?

— Бо ўсе нашыя пажаданьні і ўсе нашыя бачныя праблемы, з прычыны якіх мы не маглі пераходзіць, у прынцыпе, былі вырашаныя. Мы спрабуем працаваць па-новаму, нам таксама пайшлі на некаторыя саступкі. У тым ліку, што мы заключылі дамову з апэратарам як дыспэтчарская служба, гэта вельмі вялікі прарыў. Паспрабуем у гэтых варунках працаваць, пабачым, як будзе далей.

— То бок няма сэнсу зьбіраць подпісы, як гэта робіцца цяпер?

— Чаму? Я ня ведаю, што там канкрэтна патрабуецца. Але на сёньняшні момант у нас ёсьць прапанова — адмяніць конкурсы, хаця б у міжабласных зносінах. Каб сам пасажыр браў удзел у выбары перавозчыка. Можна зрабіць заяўны характар, гэта міжнародны вопыт на адлегласьцях больш за сто кілямэтраў. Перавозчыка абірае ня нейкая конкурсная камісія, а пасажыр.

— А якія яшчэ былі саступкі з боку ўладаў?

— Нам патлумачылі, што мы можам зьбіраць і высаджваць пасажыраў па прыпынках. Таксама не абавязкова заключаць дамову з вакзаламі на продаж квіткоў.

Мы ня моцна мяняем структуру, і нашы пасажыры застаюцца з намі

Мы дамагліся, што будзем плаціць пэронны збор за заезд на вакзал. І вакзал не прадае нашы білеты, бо былі праблемы, калі вакзал не вяртаў грошы перавозчыкам, былі суды.

Мы пакідаем сваю дыспэтчарскую і можам яе ўзаконіць. Мы ня моцна мяняем структуру, і нашы пасажыры застаюцца з намі.

Мы можам працаваць са сваімі мабільнымі дадаткамі. Для нас на сёньняшні момант уся праблема ў конкурсах, якіх баяцца перавозчыкі.

— Чаму перавозчыкі баяцца конкурсаў?

— Яны думаюць, што зьявіцца карупцыя, несумленны выбар і неканкурэнтная барацьба. Праблема яшчэ ў тым, што няма крытэраў конкурсу ў ніводнай вобласьці, у ніводнага апэратара. У нас цяпер заключана часовая дамова на тры месяцы, потым будзе конкурс. А крытэраў няма. Яны зьявяцца непасрэдна перад конкурсам, і я баюся, што мы ня зможам падрыхтавацца. Напрыклад, калі будзе ўмова новыя машыны. Тады нам трэба ўжо цяпер прадаваць машыны і набываць новыя.

Конкурсы могуць прывесьці да карупцыі і неканкурэнтнай барацьбы

— Колькі складае пэронны збор?

— У Паўднёва-заходняй станцыі ў Менску, ад якой мы цяпер заключаем дамову адпраўленьня, — 2 рублі на рэйс. У Наваполацку, дзе яшчэ дамова не падпісаная, — 6 рублёў. Паспрабуем яшчэ пагутарыць па гэтай цане. Але казаць, па якой цане мы паедзем, пакуль рана.

— То бок білеты для пасажыраў могуць падаражэць?

— Выдаткі ўжо павялічваюцца. І пакуль яшчэ ня ведаем магчымых рэальных выдаткаў. Да таго ж павялічыліся цэны на паліва з таго моманту, як мы прыпынілі перавозкі. Усё гэта падштурхоўвае нас да павелічэньня коштаў.

Чаму прыпынялі працу?

26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак. Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.

Цяпер перавозчыкі мусяць:

  • заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
  • забіраць пасажыраў толькі ў вызначаных месцах (на вакзалах);
  • езьдзіць па вызначаным маршруце;
  • спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
  • распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
  • вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
  • плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі — штрафы і нават канфіскацыя транспартнага сродку.

Аўтары пэтыцый: Мінтранс манапалізуе пасажырскія перавозкі

Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены закон «Аб аўтамабільных перавозках», які ўступіў у сілу 23 лютага. Аўтары звароту заяўляюць, што Міністэрства транспарту і камунікацый сваімі ініцыятывамі імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі, пазбавіўшы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па «нерэгулярных напрамках». Маршрутнікі лічаць, што дзеяньні міністэрства прывядуць да каляпсу пасажырскіх перавозак.

Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш за восем з паловай тысяч наведнікаў.

Яшчэ адну пэтыцыю на сайце petitions.by, якою патрабуюць унесьці ў закон папраўкі, якія б «не перашкаджалі працаваць», падтрымалі подпісамі амаль 1800 карыстальнікаў інтэрнэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG