Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Накіруем прэзыдэнту наш крык душы». За вяртаньне міжгародніх маршрутак сабралі больш як 50 тысяч подпісаў


Салігорская маршрутка ў Менску, архіўнае фота
Салігорская маршрутка ў Менску, архіўнае фота

У Салігорску і Слуцку кіроўцы маршрутак не пачалі зноў вазіць пасажыраў на Менск. Працягваецца збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле індывідуальнай прадпрымальніцы Вольгі, салігорскія кіроўцы маршрутак чакаюць, што ў закон будуць унесены зьмены, каб можна было працаваць.

«Мы спадзяёмся і чакаем. Ідзе збор подпісаў. Мы вырашылі працягнуць збор подпісаў у сьвяточныя дні і потым ужо накіраваць прэзыдэнту нашу просьбу, наш крык душы. На 5 сакавіка сабрана ўжо больш за 52 тысячы подпісаў па ўсёй Беларусі. Гэта ня толькі прадпрымальнікі, а людзі самі прывозяць сабраныя подпісы. Усе спадзяюцца на тое, што нейкім цудам маршруткі вернуцца і людзі змогуць вольна езьдзіць».

«Наш бізнэс пакуль прыкрыты»

Салігорскі прадпрымальнік Аляксандар кажа, што кіроўцы пакуль самі не разумеюць, што адбываецца.

Пасажырка ў Бабруйску падпісвае зварот маршрутнікаў да Лукашэнкі
Пасажырка ў Бабруйску падпісвае зварот маршрутнікаў да Лукашэнкі

«Наш бізнэс пакуль прыкрыты, гэта адназначна. У якім фармаце ён будзе працаваць далей, пакуль ніхто ня ведае. Магчыма, у фармаце таксі будзе працаваць, часткова такімі ж аўтобусамі. Хаця таксі прадугледжвае абмежаваньне па колькасьці месцаў — ня больш за восем. Але такога даступнага, камфортнага сэрвісу ўжо не вярнуць».

Паводле Аляксандра, людзі самі ставяць подпісы пад зваротам да Лукашэнкі. Чаму салігорскія кіроўцы не рэгіструюцца на рэгулярныя рэйсы?

«Перааформіцца ня так проста. Што такое індывідуальны прадпрымальнік рэгулярных перавозак? Гэта абмежаваньні па рабочым часе, патрэбны найманыя асобы. Гэта іншае падаткаабкладаньне. Пры безнаяўных плацяжах невядома, калі табе аддадуць грошы, а ехаць трэба, рамантавацца трэба і гэтак далей».

«Раней было 50–80, а цяпер 10–15 аўтобусаў, пасажыры церпяць»

Салігорскія прадпрымальнікі лічаць, што кожны горад павінен застацца з сваім перавозчыкам, які працаваў зь мясцовымі пасажырамі. На партале soligorsk.city зьявілася аб’ява нейкага Ўладзімера, які шукаў кіроўцу для рэгулярных маршрутаў Менск — Салігорск — Менск. У размове з карэспандэнтам Свабоды Ўладзімер не назваў сваю фірму і час, калі ён пачне рэйсы.

«Пакуль рыхтуюцца дакумэнты. Некалькі фірмаў падавалі дакумэнты. Як толькі машыны паедуць, інфармацыю знойдзеце на вакзалах. Калі нам дадуць дазвол, будзем набіраць кіроўцаў. У апэратара былі нарады зь мясцовымі перавозчыкамі, ім прапаноўвалі пачаць працу па дзейным заканадаўстве, у іх паслугах людзі маюць патрэбу. Раней на гэтым маршруце было 50–80 аўтобусаў. А цяпер ходзіць 10–15 аўтобусаў, пасажыры церпяць. Чаму салігорскія перавозчыкі зладзілі страйк, я ня ведаю»

«Нерэгулярныя» маршруткі на Прывакзальнай плошчы ў Менску
«Нерэгулярныя» маршруткі на Прывакзальнай плошчы ў Менску

​Для працы з прыватнымі перавозчыкамі Меншчыны створаны адмысловы апэратар «Менаблпасажыртранс». Намесьнік дырэктара сказаў карэспандэнту Свабоды праз тэлефон, што заявы падаюцца, але не назваў, якімі фірмамі.

«Мы не тармозім гэты працэс, стараемся ў мінімальны тэрмін разгледзець. Пакуль інфармацыя зьяўляецца закрытай, каб не абмежаваць канкурэнцыю. Па часовай дамове можна езьдзіць тры месяцы да конкурсу. Але параўнальна зь іншымі абласьцямі ў мяне многа людзей прыйшло».

«Ды няхай яны зьбіраюць што заўгодна»

Як рэагуюць на сытуацыю ўлады ў Салігорску і Слуцку? Намесьнік старшыні Салігорскага райвыканкаму Ўладзімер Герасевіч так пракамэнтаваў тое, што людзі зьбіраюць подпісы за вяртаньне маршрутак.

«Ды няхай яны зьбіраюць што заўгодна. Гэта ж іх права, мы ж ня можам забараніць».

Намесьнік старшыні Слуцкага райвыканкаму Мікалай Пенязь сказаў, што слуцкія маршруткі пакуль не запрацавалі, а перавозку забясьпечвае аўтобусны парк.

«Мы зьвярнуліся, каб яны пайшлі працаваць. Але зваротаў да апэратара пакуль не было. Апэратар чакае».

Мінтранс пра зьмены ў законе аб аўтаперавозках: «Выціскаць з рынку прыватнікаў не зьбіраемся»

Аўтары пэтыцый: Міністэрства транспарту і камунікацый манапалізуе пасажырскія перавозкі

Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены Закон «Аб аўтамабільных перавозках», які ўступіў у сілу 23 лютага. Аўтары звароту заяўляюць, што Міністэрства транспарту і камунікацый сваімі ініцыятывамі імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі, пазбавіўшы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па «нерэгулярных напрамках». Маршрутнікі лічаць, што дзеяньні міністэрства прывядуць да каляпсу пасажырскіх перавозак.

Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі амаль сем тысяч наведнікаў.

Яшчэ адну пэтыцыю на сайце petitions.by, якою патрабуюць унесьці ў закон папраўкі, якія б «не перашкаджалі працаваць», падтрымалі подпісамі амаль 1800 карыстальнікаў інтэрнэту.

Сутнасьць праблемы

26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак. Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.

Цяпер перавозчыкі мусяць:

  • заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
  • забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах);
  • езьдзіць па вызначаным маршруце;
  • спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
  • распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
  • вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
  • плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі — штрафы і нават канфіскацыя транспартнага сродку.

Прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў кажуць, што зьмены, унесеныя ў закон, будуць мець шэраг нэгатыўных наступстваў:

  • прыватныя дыспэтчарскія будуць скасаваныя, людзі страцяць працу;
  • кіроўцы ня змогуць прайсьці конкурс і застануцца бяз працы;
  • давядзецца падвысіць кошт праезду;
  • адпраўляцца ў рэйс давядзецца нават тады, калі маршутка ня будзе запоўненая пасажырамі;
  • маршруткі будуць спыняцца толькі на вызначаных прыпынках;
  • давядзецца паўтара-два месяцы чакаць, пакуль аўтавакзал разьлічыцца за перавозкі;
  • адбудзецца манапалізацыя рынку пасажырскіх перавозак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG