Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінтранс: 135 міжгародніх маршрутак сталі рэгулярнымі і аднаўляюць перавозкі


Маршруткі на Прывакзальнай плошчы ў Менску

Міжгароднія маршрутныя таксі ў Беларусі аднаўляюць сваю працу, паведаміў БелТА начальнік упраўленьня аўтамабільнага і гарадзкога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна.

«Рынак ажывае»

Сяргей Дубіна сказаў, што нерэгулярныя перавозчыкі «аднаўляюць сваю дзейнасьць, але ўжо ў якасьці рэгулярных».

«Рынак ажывае, цяпер заключана 25 дамоваў зь перавозчыкамі, якія раней працавалі як „нерэгуляршчыкі“. Згодна з гэтымі дамовамі 135 машын змогуць працаваць на маршрутах: хтосьці зь іх ужо ажыцьцяўляе перавозкі, хтосьці пачне бліжэйшым часам», — сказаў Сяргей Дубіна.

На гэтым тыдні падпісана першая дамова паміж апэратарам пасажырскіх перавозак і дыспэтчарскай службай. Згодна зь ёй дыспэтчар упершыню афіцыйна прызнаны перавозчыкам. Цяпер дыспэтчар будзе заключаць дамову з апэратарам на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак.

«Яму будуць даваць расклад, ён будзе несьці адказнасьць за зрыў рэйсаў. А ўжо потым дыспэтчар будзе заключаць дамовы са сваімі партнэрамі — ІП», — сказаў прадстаўнік міністэрства. Ён удакладніў, што першая дамова заключана з «Полацкім экспрэсам».

Паводле газэты «СБ. Беларусь сегодня», на маршруце паміж Менскам і Жыткавічамі 16 сакавіка аднаўляе сваю дзейнасьць «Тураўскі экспрэс». У рэжыме рэгулярных зносін паехалі маршруткі на Салігорск, а бліжэйшымі днямі паедуць маршруткі «Полацкага экспрэсу».

«Нармалізуем рэгулярныя зносіны з Бараўлянамі»

Апэратар «Менаблпасажыртранс» 27 лютага пачаў выдаваць дазволы на маршруты. Паводле намесьніка дырэктара Вадзіма Дылько, першая дамова аформленая на маршрут Менск — Слуцак. Цяпер тут арганізуюцца больш за 10 адпраўленьняў штодня. Гэты маршрут таксама афіцыйна абслугоўваюць перавозчыкі з Капыля.

«Цяпер працуем над нармалізацыяй рэгулярных зносін з Бараўлянамі, беручы пад увагу сацыяльную важнасьць мэдычных устаноў, якія там знаходзяцца. Магчымасьць узяць удзел у будучых конкурсах павінна быць у любога перавозчыка, незалежна ад аб’ёму ягонага аўтапарку», — сказаў Вадзім Дылько.

«Датавацца павінны і прыватныя перавозчыкі»

Паводле намесьніка старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, старшыні праўленьня Беларускага саюзу транспартнікаў Валерыя Барадзені, магчымасць ствараць апэратараў перавозак была прадугледжана і раней.

«Датавацца, дарэчы, праз закон на конкурснай аснове павінны ня толькі дзяржаўныя перавозчыкі, але і прыватныя. Ёсьць яшчэ адна прапанова: вакзалы, зь якімі перавозчыкі заключаюць дамовы, не павінны адносіцца да сыстэм аблаўтатрансаў ці „Менсктрансу“. Галоўнае, каб усе варыянты абмяркоўваліся з карысьцю для справы і ў інтарэсах пасажыраў», — сказаў Валеры Барадзеня.

Сутнасьць праблемы

26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак. Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.

З 26 лютага не выяжджалі ў рэйсы «нерегуляршчыкі» з Полацку і Наваполацку, Слуцку, Салігорску і Капыля.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.

Мінтранс пра зьмены ў законе аб аўтаперавозках: «Выціскаць з рынку прыватнікаў не зьбіраемся»

Цяпер перавозчыкі мусяць:

  • заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
  • забіраць пасажыраў толькі ў вызначаных месцах (на вакзалах);
  • езьдзіць па вызначаным маршруце;
  • спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
  • распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
  • вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
  • плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі — штрафы і нават канфіскацыя транспартнага сродку.

Аўтары пэтыцый: Міністэрства транспарту і камунікацый манапалізуе пасажырскія перавозкі

Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены Закон «Аб аўтамабільных перавозках», які ўступіў у сілу 23 лютага. Аўтары звароту заяўляюць, што Міністэрства транспарту і камунікацый сваімі ініцыятывамі імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі, пазбавіўшы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па «нерэгулярных напрамках». Маршрутнікі лічаць, што дзеяньні міністэрства прывядуць да каляпсу пасажырскіх перавозак.

Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі амаль восем з паловай тысяч наведнікаў.

Яшчэ адну пэтыцыю на сайце petitions.by, якою патрабуюць унесьці ў закон папраўкі, якія б «не перашкаджалі працаваць», падтрымалі подпісамі амаль 1800 карыстальнікаў інтэрнэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG