Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Татарскі палон, крывавыя дукаты і самурай. Навінкі выдавецтва «Кнігазбор»


Новы агляд Свабоды пра кніжныя навінкі 2018 году — гэтым разам ад выдавецтва «Кнігазбор».

Алег Мінкін. «Мяне тут не было...» Выбранае

Гэтую кнігу варта прачытаць ужо хаця б дзеля аднаго верша.

Над дахамі, над скачанелым гольлем,
Як попел, узьняліся крумкачы,
Злавесна засланілі далячынь,
Дзе вецер разьдзімаў зары вугольле,
І крумкалі ўтрапёна... І міжволі
Я за навалай жудаснай сачыў:
То быў мне напамін, што не ўцячы
Ад роспачы нікому і ніколі.
Гэй, гнюсы! Паняверкі чорнай сьвіта!
Прарочыце вы крыкам хіжым, тлумным
Засільле вечнай сьцюжы і зімы,
Ды праз ваш гвалт мне чуцен звон забыты
Званоў Сафіі і прызыўна-сумны,
Працяглы сьпеў абуджанай сурмы!

Верш «Сурма» даў назву першай кнізе Алега Мінкіна, якая выйшла ў 1985 годзе накладам 2200 асобнікаў. «Сурма» разьляцелася за пару месяцаў і адразу ж стала бібліяграфічнай рэдкасьцю, зрабіўшы аўтара адным з тагачасных паэтычных куміраў.

Потым былі кнігі вершаў і паэмаў «Расколіна» і «Пенаты», празаічныя творы (з якіх асабліва ўражвае аўтабіяграфічная згадка пра татарскі палон), пераклады з Эдгара По, Дантэ Аліг’еры, Арцюра Рэмбо, Гіёма Апалінэра, Цыпрыяна Норвіда, Баляслава Лесьмяна, Леапольда Стафа, іншых клясыкаў сусьветнай паэзіі.

Выбранае з усёй творчасьці Алега Мінкіна і склала ягоную новую кнігу. За яе ён ужо стаў першым ляўрэатам літаратурнай прэміі Міхася Стральцова. У рашэньні журы сказана, што прэмію прысудзілі Алегу Мінкіну «за мэтафарычнае багацьце паэтычнай мовы, за тэматычную і мэтрычную разнастайнасьць радка, за захаваньне чысьціні стылю і клясычных традыцый літаратуры».

Таму выглядае, што кніга «Мяне тут не было...» усьцешыць тых чытачоў, якія ў віры рознага кшталту літаратурных навацый і экспэрымэнтаў знудзіліся па клясыцы беларускай паэзіі XX стагодзьдзя.

Ксенія Шталенкова. «Губэрнскі дэтэктыў». Раман

Сваю першую кнігу «Адваротны бок люстра» Ксенія Шталенкова (менавіта на такой форме напісаньня свайго прозьвішча настойвае аўтарка) выдала, меўшы за плячыма ўсяго шаснаццаць гадоў. А ейная гераіня была на год маладзейшая. Таму, відаць, такім псыхалягічна дакладным атрымаўся рамантычны вобраз дзяўчынкі, якая праз старое люстэрка трапіла з сучаснасьці ў сярэднявечную Вільню. Посьпех кнігі натхніў аўтарку яшчэ на дзьве часткі, і гэтая трылёгія выйшла шэсьць гадоў таму ў «Мастацкай літаратуры».

Новая кніга мае падзагаловак «Справа аб крывавых дукатах» і ў ёй, адпаведна дэтэктыўнаму жанру, вострасюжэтна закручаныя каханьне і падман, мары і забойствы, патрыятычныя ідэалы і крах іх пад наступам цынічных прайдзісьветаў.

Падзеі адбываюцца ў XIX стагодзьдзі ў Менску, які маладая аўтарка апісвае з веданьнем справы. Раман, дарэчы, сканчаецца адмысловым чытацкім водгукам з тых часоў, пра якія ў ім расказваецца.

«...У заходнія губэрні ехаць страшна. Мяркуючы па маляўнічых апісаньнях правінцыйных наваяўленых „пісьменьніц“, у кожнай вёсцы чакаюць наіўнага наведніка пачварныя бандыты. У гарадках паболей — абавязкова сустрэнецца парачка злосных габрэяў-штукароў, ну а ўжо ў самім Менску спакойнае жыцьцё можна не іначай як толькі сьніць!

Цэнтральная сцэна з сабачкам, які і знаходзіць заяўленыя ў назьве дукаты, вядома ж, цешыць сваёй вынаходлівасьцю, але ж хацелася, каб было ў апісаньнях больш рэалістычнасьці. На жаль, у гэтым выпадку такога сказаць нельга. А ўжо чаго варты саладжавы фінал! Увогуле, такіх драўляна-станоўчых галоўных герояў, здаецца, сусьветная літаратура яшчэ ня ведала. Увесь тэкст прасякнуты залішнім рамантызмам, ад кожнага радка так і патыхае Шылерам.

Прысуд адзін: вядома ж, у замежжы зьявілася нарэшце некалькі жаночых імёнаў, што ўзбагацілі прыгожае пісьменства, аднак мы ўсё яшчэ мусім чакаць, калі і нашыя паненкі дасягнуць гэтакага ж узроўню. А шлях да таго вядомы — трэба, прынамсі, калі і ня мець уласны досьвед, але ж хаця б добра ўяўляць, пра што вы, пані, пішаце.

Уважлівы Чытач».

Наколькі супадзе ваша думка пра «Губэрнскі дэтэктыў» са зьмешчаным у ім водгукам «уважлівага чытача»? Прачытайце раман — ён варты двух вашых сакавіцкіх вечароў.

Алесь Кіркевіч. «Самурай». Апавяданьні

У адрозьненьне ад Ксеніі Шталенковай Алесь Кіркевіч перакананы, што цяпер буйныя празаічныя формы не ў пашане ў чытачоў. Сьвет перапоўнены інфармацыяй, а чалавек не адчувае «інфармацыйнага голаду», каб чытаць вялікія кніжкі. Таму шанец застаецца адно ў паэзіі ды кароткіх празаічных тэкстаў. Туды, нібы ў мікрачып, можна запісаць максымум эмоцый — каханьне, страх, роспач. Зь імі ды іншымі рэфлексамі і спрабуе гуляць аўтар «Самурая».

Большасьць твораў, якія ўвайшлі ў дэбютны зборнік Алеся Кіркевіча, ужо бачылі сьвет на старонках газэты «Наша Ніва». Аднак сабраныя пад адною вокладкай, яны робяць цэласнае ўражаньне пра творчасьць дэбютанта. Які, дарэчы, зусім не дэбютант у жыцьцёвым досьведзе. За свае перакананьні ён прайшоў ужо праз палітычныя рэпрэсіі і зьняволеньні. Многія эпізоды няпростага шляху маладога аўтара ляглі ў аснову сюжэтаў ягоных твораў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG