Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурныя гіты Маркеса і Кадарэ — упершыню па-беларуску


Дзьве кніжныя навінкі ад выдаўца Андрэя Янушкевіча.

Прыгажуня Фэрміна Даса адмовілася выйсьці замуж за Флярэнтына Арысу, якога кахала. І пабралася шлюбам зь іншым. Флярэнтына ж ня траціў надзеі і празь пяцьдзясят тры гады, сем месяцаў і адзінаццаць дзён ягоная мара ажыцьцявілася.

«Я ніколі не чытаў такой дзівоснай фінальнай часткі, такой сымфанічнай, упэўненай у сваёй дынаміцы і рытме, што плыве, бы рачная лодка, а яе дасьведчаны аўтар і штурман сьмела вядзе нас між небясьпечнымі скептыцызмам і спачуваньнем па той самай рацэ, якую ўсе мы ведаем, і безь яго навігацыі тут ня будзе каханьня...» — так узьнёсла пра раман «Каханьне падчас халеры» адгукнуўся на старонках The New York Times вядомы амэрыканскі пісьменьнік Томас Пінчан.

«Каханьне падчас халеры», раман славутага калюмбійскага пісьменьніка, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі 1982 году Габрыэля Гарсія Маркеса (1927–2014), упершыню выйшаў з друку ў 1985 годзе. А на беларускую мову яго пераклаў Карлас Шэрман.

Выходзіць у сэрыі «Noblesse Oblige — нобэлеўскія ляўрэаты па-беларуску».

І яшчэ адзін усясьветны літаратурны гіт гэтай восені — раман «Хроніка ў камені» Ісмаіла Кадарэ. Апавядальнік у рамане — малы хлопец (alter ego аўтара), чыімі вачыма чытач сочыць за італьянскай, кароткай грэцкай, а затым нямецкай акупацыяй гораду Гіракастра падчас Другой усясьветнай вайны. Гэта горад на поўдні Альбаніі, дзе нарадзіўся пісьменьнік. А яшчэ і альбанскі дыктатар Энвэр Ходжа. Праўда, зямляцтва не прынесла нічога добрага Кадарэ: ён трапіў у няласку да кіраўніка дзяржавы.

​«Хроніка ў камені» Ісмаіла Кадарэ — гэта самы перакладаны раман вядомага албанскага пісьменьніка. На сваёй мове яго ўжо прачыталі французы, брытанцы, баўгары, фіны, туркі, немцы, італьянцы, швэды, македонцы, каталёнцы... Кніга перакладзена амаль на два дзясяткі моў. Не заўсёды кнігі Кадарэ ў заходніх эўрапейскіх краінах перакладаюцца з арыгінала (часта — з французскай, што аўтар дазваляе рабіць). А беларусы гэта зрабілі з арыгіналу. Пераклаў раман на беларускую мову Максім Мудроў, які захапіўся албанскай мовай і літаратурай дзякуючы свайму бацьку, знанаму празаіку Вінцэсю Мудрову.

Толькі дзьве кнігі — і шчасьлівы чытацкі лістапад вам забясьпечаны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG