Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга пра беларусаў у арміі Напалеона


Ілюстрацыйнае фота

Пра гэтую і іншыя навінкі выдавецтва «Тэхналёгія» — у штотыднёвым кніжным аглядзе Свабоды.

Уладзімер Лякін. «Ліцьвіны ў гвардыі Напалеона»

Яны апынуліся ў адным шыхце пад імпэратарскімі арламі з высакароднай мэтай: вярнуць незалежнасьць сваёй Радзіме. Іх бліскучыя перамогі пад Самасьерай, Эсьлінгам, Ваграмам ды ў іншых бітвах цалкам апраўдваюць словы Напалеона: «Вы вартыя маёй Старой гвардыі! Вы — найлепшая кавалерыя!» Рухаючыся сьледам за аўтарам, чытачы гэтай кнігі трапяць ня толькі на палі бітваў у Гішпаніі, Расеі, Нямеччыне, Францыі, але і на велічныя парады; пазнаёмяцца са штодзённым жыцьцём і падрыхтоўкай кавалерыстаў, іх зброяй, дачыненьнямі зь вядомымі францускімі камандзірамі і баявымі сябрамі. Уладзімер Лякін займальна распавядае пра малавядомыя факты ўдзелу беларусаў (ліцьвінаў) у 1807–1815 гадах у элітных фармаваньнях францускай арміі. У дадатку да кнігі зьмешчаныя кароткія біяграфічныя зьвесткі пра больш як тысячу беларусаў — гвардзейцаў Напалеона. Шмат хто з дапытлівых чытачоў пазнае сярод іх сваіх продкаў.

Ала Раманчук, Валер Ярмоленка. «Архонт мёртвага гораду» (сэрыя «Нашы славутыя землякі»)

Імя археоляга Караля Касьцюшкі-Валюжыніча вядомае далёка за межамі радзімы, а ў Беларусі згадкі пра яго няма нават у гістарычнай энцыкляпэдыі. Гэтую несправядлівасьць выправілі аўтары кнігі. Ала Раманчук — вядомы (у тым ліку ў Заходняй Эўропе і ЗША) гісторык, археоляг, прафэсар, доктар гістарычных навук, акадэмік Акадэміі гуманітарных навук Расеі, бізантыністка і знаўца антычнай спадчыны; Валер Ярмоленка (1940–2015) — пісьменьнік, кандыдат тэхнічных навук, доктар геаграфічных навук, прафэсар. У сваёй кнізе яны даюць магчымасьць зразумець маштаб асобы Караля Касцюшкі-Валюжыніча (1847–1907), які воляй лёсу апынуўся ў гістарычным Херсанэсе ды праславіўся там, зрабіўшы сэнсацыйныя адкрыцьці. Разам з заснавальнікам і першым дырэктарам музэю старажытнага Херсанэсу чытач зможа падзівіцца на старажытную гарадзкую браму, храм з ківотам, стэлу з прысягай херсанэсцаў, «базіліку ў базіліцы» ды ўзьняцца на вежу Зянона.

Валер Міцкевіч, Уладзімер Багданаў. Пазыцыі германскіх дывізій у Беларусі (сэрыя «Памяткі Першай сусветнай»)

Гэта ўжо другі выпуск сэрыі. У ім разглядаецца ўчастак абароны дывізій у складзе 9-й і 12-й нямецкіх армій працягласьцю 82 кілямэтры ад вёскі Сэрвач Карэліцкага раёну да вёскі Вішнева Валожынскага. На мапах, выдадзеных польскім Вайсковым геаграфічным інстытутам на пачатку 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, аўтары пазначылі фартыфікацыйныя збудаваньні і вайсковыя пахаваньні пэрыяду пазыцыйнага супрацьстаяньня на Ўсходнім фронце ад верасьня 1915-га да кастрычніка 1917 году. Прааналізаваная таксама тылавая пазыцыя «Нёман», што знаходзілася за 45–50 кілямэтраў ад лініі фронту, як прыклад працягу стратэгічных вынаходак Генэральнага штабу Германіі ў арганізацыі «акопнай вайны». З дапамогай гэтай кнігі можна віртуальны аднавіць тыя падзеі ды апынуцца ў фартыфікацыях стагадовай даўніны. Чым не занятак для аматараў вайсковай гісторыі!

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG