Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагічнае, камічнае, смачнае. Кніжныя навінкі ад выдаўца Андрэя Янушкевіча


Ілюстрацыйнае фота

У традыцыйным суботнім аглядзе апошніх незалежных выданьняў — навінкі ад прыватнага кнігавыдаўца зь Менску Андрэя Янушкевіча.

Вінцэсь Мудроў. Помнік літары «Ў». Навэлі і апавяданьні

Не пасьпелі прыхільнікі творчасьці Вінцэся Мудрова нарадавацца ягонай кнізе «Забойца анёла» (найлепшая кніга прозы 2017 году па вэрсіі экспэртаў Радыё Свабода), як з друку выйшла новая. Яе склалі навэлі і апавяданьні, напісаныя цягам апошніх дзесяці гадоў. Сярод іх вылучаецца навэля «Альбанскае танга», у якой аўтар дае сваю вэрсію абставінаў разрыву савецка-альбанскіх дачыненьняў паўстагодзьдзя таму. У творы выразна прасочваюцца дзьве сюжэтныя лініі — непасрэдны канфлікт паміж Мікітам Хрушчовым і Энвэрам Ходжам і гісторыя каханьня беларускай дзяўчыны і альбанскага студэнта.

А ў апавяданьні «Помнік літары „Ў“» Мудроў камічна распавядае пра «змаганьне» з мовай у адным невялікім беларускім горадзе.

Зачаруюць чытача і іншыя адзінаццаць твораў кнігі: «Лох», «Жарсьці на аграсядзібе, альбо Ці лёгка засекчы пеўня», «Вецер вандраваньняў», «Песьні піянэрскага лета», «Сьцяг над царквою», «Нябесныя знакі», «Апошняя рэпэтыцыя», «У сьвятле бліскавіц», «Шпег», «Зямля мая вечная», «Дзень нараджэньня».

Андрэй Вашкевіч. Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу

Кніга гарадзенскага гісторыка Андрэя Вашкевіча — першая падрабязная біяграфія сьвятара і грамадзкага дзеяча Вінцэнта Гадлеўскага (1888–1942). Адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі — самай уплывовай незалежніцкай арганізацыі Заходняй Беларусі — у міжваенны час ён таксама ўзначальваў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. У Савецкай Беларусі імя сьвятара згадвалася амаль выключна ў прапагандысцкіх брашурах. Прычынай таму — яго дзейнасьць падчас фашыстоўскай акупацыі Беларусі. Гадлеўскі ўваходзіў у Раду Беларускай народнай самапомачы і быў прызначаны галоўным школьным інспэктарам пры генэральным камісарыяце. Але на кожнай працы для яго на першым месцы была беларуская справа. Таму і загінуў ад рук нацыстаў у Трасьцянецкім лесе пад Менскам.

Андрэй Вашкевіч разглядае сем вэрсій гэтага забойства.

«У незалежнай Беларусі палеміка вакол асобы В. Гадлеўскага працягваецца. Праўда, вядуць яе ўжо галоўным чынам нацыянальна арыентаваныя навукоўцы, і датычыць яна перадусім ступені ўдзелу ксяндза ў антыфашысцкім супраціве і стварэньні Беларускай незалежніцкай партыі. І сёньня Вінцэнт Гадлеўскі застаецца аб’ектам ідэалягічнай палемікі. Для адных ён — „рыцар незалежнасьці“, для іншых — „перакананы германафіл“. Афіцыйная беларуская гістарыяграфія па-ранейшаму мае негалоснае табу на тэмы, якія нейкім чынам ня ўпісваюцца ў сучасны ідэалягічны канон», — тлумачыць аўтар кнігі.

Гэтым выданьнем выдавецтва Андрэя Янушкевіча распачынае сэрыю навукова-папулярных біяграфій «Беларускія жыцьцяпісы».

Аляксандар Гужалоўскі. Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР. Кніга 2. 1943-1991 гг.

Савецкая цэнзурная машына татальна кантралявала зьмест і працэсы распаўсюджваньня інфармацыі, у тым ліку друкаваную прадукцыю, музычныя і сцэнічныя творы, творы выяўленчага мастацтва, радыё і тэлевізію, а таксама кіна-, фота-, фонапрадукцыю. Чырвоны аловак цэнзуры стаў сымбалем ідэалягічнага бар’ера для думак і ідэй. Чым больш новыя і арыгінальныя яны былі, тым менш было ў іх шансаў дайсьці да людзей. З цэнзарамі давялося пазнаёміцца ўсім грамадзянам, хто пісаў, здымаў, маляваў, ажыцьцяўляў пастаноўкі, макетаваў палосы газэт і ствараў мастацкія экспазыцыі.

Аўтар распавядае пра шматлікія падобныя «знаёмствы», якія часам заканчваліся драматычна, а часам анэкдатычна. Пра фэномэн цэнзурнага мысьленьня красамоўна сьведчыць выпадак з інкруставаным партрэтам Сталіна, вырабленым да яго сямідзесяцігодзьдзя ў 1948 годзе беларускімі майстрамі. Зроблены да яго надпіс «Вялікаму Сталіну ад беларускага народу» прыйшлося тэрмінова перакласьці на расейскую мову, бо нехта ў апошнюю хвіліну прачытаў яго з націскам на прыназоўнік «ад», пераўтварыўшы яго такім чынам у назоўнік («пекла»).

Яанна Фургаліньска. Польская кухня. Адчуй смак традыцый: Зірні. Згатуй. Зьеш. Пераклад з польскай Вольгі Гуд

Гэтая кніга зьмяшчае найбольш папулярныя рэцэпты польскай традыцыйнай кухні. Яны пададзеныя арыгінальным спосабам — у выглядзе малюнкаў і іх тлумачэньня. Дзякуючы чаму атрымаўся наглядны дапаможнік, па якім кожны зможа зь лёгкасьцю згатаваць смачныя стравы і тым самым дакрануцца да глыбокіх і блізкіх кулінарных традыцый Польшчы (не далёкіх і для беларусаў).

«У вулічнай апытанцы, праведзенай у адным з польскіх гарадоў, у адказ на пытаньне пра тыповыя польскія стравы маладыя людзі найчасьцей называлі піцу, бульбу фры, кебаб і спагеці. Падобнае ўражаньне можа скласьціся ў замежных турыстаў, якія беспасьпяхова шукаюць у польскай правінцыі рэстаран з польскімі традыцыйнымі стравамі. Відаць, у пагоні за кулінарнай модай мы забыліся на нашу шматвяковую традыцыю», — тлумачыць ідэю кнігі Яанна Фургаліньска. Яна, дарэчы, зрабіла і ўсе малюнкі.

Да выхаду кнігі Польскі інстытут і выдавецтва таксама абвясьцілі фатаконкурс. Умовы простыя: трэба згатаваць любую страву паводле рэцэпту з «Польскай кухні», зрабіць фатаздымак і разьмясьціць яго ў сацыяльных сетках («Фэйсбук», «УКантакце», «Інстаграм») з хаштэгам #Пакаштуйпольшчу. На фатаздымку абавязкова павінна быць прыгатаваная вамі страва і кніга «Польская кухня», а ўсё астатняе — ваша фантазія.

Фатаздымкі на конкурс прымаюцца да 4 красавіка, а вынікі будуць абвешчаныя 5 красавіка 2018 году. Пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы ад арганізатараў.

Усе кнігі будуць прадстаўленыя ў праграме Менскага кніжнага кірмашу (будынак Белэкспа, пр-т Пераможцаў, 14). Там жа чакаюцца аўтограф-сэсіі аўтараў: Аляксандра Гужалоўскага 3 сакавіка а 14-й, Андрэя Вашкевіча 4 сакавіка а 13-й.

Прэзэнтацыя «Польскай кухні» пройдзе 4 сакавіка а 12-й у кавярні «Меркурый».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG