Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў ня трэба прымушаць быць беларусамі. Ім трэба проста не перашкаджаць імі быць


Гэтыя словы належаць пісьменьніку Янку Брылю: маўляў, калі б беларусу загадалі быць беларусам, то гэта быў бы цудоўны беларус. Але каб здарыўся цуд, беларусу не абавязкова загадваць. Усё значна прасьцей.

Відавочна, што ўлада прыняла сёлета палітычнае рашэньне прызнаць БНР. Няўпэўнена, непераканаўча, але яна магла б увогуле нічога не рабіць, і для ўсіх гэта было б нормай. Зрабіць можна было б і больш, і лепш. Але мы ведаем рэаліі, і галоўнае — маем з чым параўноўваць.

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Адразу пасьля сьнежня 2010 году ўсё тое, што адбываецца вакол БНР цяпер, гучала б як фэйк або першакрасавіцкі жарт. Мітынг-канцэрт каля Опэрнага, канфэрэнцыя пра БНР у Акадэміі навук, выстава ў Нацыянальным гістарычным музэі, памятны знак братам Луцкевічам у цэнтры сталіцы за дзяржаўныя грошы, згода на шыльду ў гонар БНР на будынку, дзе абвесьцілі яе незалежнасьць. Усё гэта факты. І іх больш.

Многія, магчыма, упершыню пачуюць гэтую абрэвіятуру і яе гісторыю, і яна стане для іх сваёй

Улады могуць мець свае цынічныя мэты. Але ёсьць і іншы бок мэдаля — беларусы глядзяць, чытаюць і слухаюць пра БНР. Многія, магчыма, упершыню пачуюць гэтую абрэвіятуру і яе гісторыю, і яна стане для іх сваёй. Гэты вынік важнейшы за спрэчкі, чаму ўлада гэта робіць і ці варта ёй верыць.

Чытаю прозьвішчы фундатараў акцыяў у розных гарадах, шыльды ў гонар БНР, кніг, якія не выдаюць дзяржаўныя выдавецтвы. Праглядаю навіны пра цікавыя ініцыятывы з нагоды #бнр100. Адзінкі знаёмых. Гэта ўжо ня «гета», якое я ведаю амаль пайменна. І гэтыя людзі не зьявіліся выпадкова. Калі б атмасфэра вакол юбілею БНР была іншай, калі б акцыя была забароненай, калі б у арганізатараў праводзілі ператрусы і цягалі іх на допыты, гэтых новых людзей проста не было б. Яны баяліся б нават дастаць крэдытку з кашалька.

Таму згода ўладаў на забароненыя раней тэмы, рост апэтыту людзей на чарговыя крокі даюць нацыянальнаму будаўніцтву шанец выйсьці з так званага гета. Гэта заканамернасьць нашай гісторыі. Сто гадоў таму прыхільнікі абсалютна новага праекту «Беларусь» зьявіліся літаральна зь ніадкуль. Зьявіліся ўмовы — і яны сабраліся на Ўсебеларускі зьезд. А 1980-я? Беларушчына ў БССР трымалася на нефармальных суполках — такіх як «Паддашак», «Майстроўня», «Талака», «Тутэйшыя», на самвыдаце. Гэта былі сотні людзей на ўсю краіну. І як толькі камуністычны рэжым даў слабіну і атмасфэра стала больш свабоднай, шэрагі беларускіх актывістаў пачалі расьці як на дражджах. Яны мелі і свой краўдфандынг. Зь мяшком зьбіралі грошы сярод тысяч удзельнікаў дэманстрацыяў на Беларускі Народны Фронт.

І як толькі ўмовы стануць больш спрыяльнымі, гэтыя новыя людзі зьявяцца ізноў і працэс дасьць нечаканы эфэкт

Адкуль толькі ўзяліся тыя дзясяткі тысячаў, якія стваралі новую грамадзкую думку? Гэта быў эфэкт сьнежнага кому. Без аніякіх масавых пратэстаў адкрываліся беларускія школы. На выпаленай камуністамі зямлі з раней запалоханым насельніцтвам адбываліся цуды. Самі камуністы зьмянялі сьцягі, раптам узгадвалі, што ўмеюць гаварыць па-беларуску, падтрымлівалі перамены. Прычыны ў кожнага былі свае. Але лічыўся эфэкт. І ён быў.

Народ, які расстрэльвалі ў Курапатах, зьнішчалі ў ГУЛАГу, запалохвалі, русіфікалі, перакуплялі, рос як трава праз асфальт. Як толькі ўзьніклі спрыяльныя ўмовы, дзясяткі тысяч людзей кінуліся ў вір нацыянальнага руху. Усё гэта ўлады могуць імгненна спыніць, але пакуль гэта ёсьць, трэба карыстацца магчымасьцю напоўніцу. І як толькі ўмовы стануць больш спрыяльнымі, гэтыя новыя людзі зьявяцца ізноў і працэс дасьць нечаканы эфэкт. Бо беларуская справа трымаецца на пасіянарнасьці, на запале нэафітаў, на навізьне беларушчыны для кожнага чарговага пакаленьня, якое адкрывае для сябе яе прыгажосьць. Беларусаў ня трэба прымушаць быць беларусамі. Ім трэба проста не перашкаджаць імі быць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG