Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнай камісіі не паказалі палітвязьня Жамчужнага. Ён у штрафным ізалятары


Міхаіл Жамчужны (архіўныя фота)

Адміністрацыя Горацкай папраўчай калёніі № 9 не дазволіла рэспубліканскай і абласной грамадзкім назіральным камісіям пабачыцца з палітвязьнем Міхаілам Жамчужным.

Сваё рашэньне кіраўніцтва калёніі абгрунтавала тым, што асуджаны ўтрымліваецца ў штрафным ізалятары. Акрамя таго прадстаўнікам камісіі, якія наведаліся ў калёнію, было заяўлена, што, згодна з «Палажэньнем аб назіральных камісіях», адміністрацыя мае права адмовіць ім у сустрэчы з «пэўным зьняволеным».

Праваабаронца: Жамчужнага пакаралі, каб ён не паскардзіўся

Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, прадстаўнікам камісіі зрабілі экскурсію па калёніі. Паказалі адну з камэраў штрафнога ізалятару і далі пагаварыць з трыма пакаранымі. Адзін з асуджаных паскардзіўся на тое, што адміністрацыя не вытрымлівае тэмпэратурнага рэжыму ў камэры, за дзень да прыходу камісіі ў там было холадна.

Барыс Бухель
Барыс Бухель

«Мае неаднаразовыя просьбы сустрэцца з Жамчужным заставаліся не задаволенымі. Адмовіліся мне паказаць і камэру ШЫЗА, у якой утрымліваецца Жамчужны. Лічу, што яго нам не паказалі наўмысна, каб ён ня выказаў нам свае прэтэнзіі. З пазыцыяй адміністрацыі будзем разьбірацца, ці сапраўды яна мае права перашкаджаць камісіі сустракацца са зьняволенымі. Будзем пісаць у Міністэрства юстыцыі», — пракамэнтаваў сытуацыю Барыс Бухель.

Жамчужны адбывае пакараньне ў 3-м атрадзе калёніі. Яго зьбіраюцца перавесьці ў 13-ы. Пераходзіць у яго палітвязень ня хоча, бо лічыць, што ён сфармаваны з асуджаных «зь нізкіх статусам». Як сказаў Барыс Бухель, у атрадзе пацьвердзілі, што такія асуджаныя ў ім ёсьць, але жывуць яны ў асобным пакоі.

Асноўная задача назіральных камісіяў — аказаньне дапамогі органам, якія выконваюць пакараньні, у арганізацыі папраўчага працэсу асуджаных і рэадаптацыі. Камісіі ствараюцца пры ўпраўленьнях юстыцыі выканкамаў.

Праваабаронца Равяка: жыцьцю і здароўю Жамчужнага пагражае небясьпека

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

Праверыць умовы ўтрыманьня зьняволеных у Горацкай калёніі рэспубліканская і абласная грамадзкія назіральныя камісіі вырашылі пасьля звароту праваабаронцы Тацяны Равякі. Яна напісала, што жыцьцю і здароўю палітвязьня Міхаіла Жамчужнага пагражае небясьпека. Паводле ейных зьвестак, ён стаў ахвярай нападу невядомага вязьня. Акрамя інцыдэнту са зьбіваньнем, напісала праваабаронца, яе турбуе стаўленьне адміністрацыі калёніі да Жамчужнага, якога, паводле яе зьвестак, неаднаразова ад жніўня 2017 году спрабуюць перавесьці ў атрад, сфармаваны з асуджаных «зь нізкім статусам». Яна зьвярнула ўвагу камісіяў, што на Жамчужнага рэгулярна накладаюць дысцыплінарныя спагнаньні і зьмяшчаюць у штрафны ізалятар. Паводле апошніх зьвестак, у ШЫЗА Жамчужны прабыў больш за 100 сутак.

Камісіі не паказалі і палітвязьня Зьмітра Паліенку

Міхаіл Жамчужны ў судовым парадку абскарджвае спагнаньні. Яго намаганьні, аднак, не даюць плёну. Горацкі раённы і Магілёўскі абласны суд пакідаюць скаргі без задавальненьня. Іх разгляд адбываецца без прысутнасьці асуджанага. На адным з судовых пасяджэньняў у абласным судзе калегія патлумачыла, што дзяржавай не прадугледжаныя расходы на этапаваньне асуджанага на працэс у грамадзянскай справе.

Праваабаронца Міхаіл Жамчужны адбывае 6,5 года зьняволеньня праз абвінавачаньне ў спробе завалодаць сакрэтнымі зьвесткамі пра дзейнасьць міліцыі і спробе даць хабар супрацоўніку міліцыі. Беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і дамагаюцца перагляду ягонай справы ў адкрытым судовым паседжаньні.

Раней прадстаўнікі абласной грамадзкай назіральнай камісіі не змаглі сустрэцца з зьняволеным Бабруйскай калёніі Зьмітром Паліенкам. Адміністрацыя заявіла, што ён знаходзіцца на працоўным месцы. Нагодай для наведваньня калёніі камісіяй сталіся шматлікія скаргі на тое, што палітвязень не атрымлівае лістоў з волі.

У кастрычніку 2016 году грамадзкаму актывісту Зьмітру Паліенку, якога абвінавачвалі ў нападзе на міліцыянта падчас роварнай акцыі «Крытычная маса», прысудзілі 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Празь некалькі месяцаў Паліенку зноў арыштавалі і асудзілі ўжо на рэальны тэрмін за тое, што нібыта парушаў правілы адбыцьця пакараньня. Доказам сталі затрыманьні актывіста на пратэставых акцыях.

2+4. Беларускія праваабаронцы пра колькасьць палітвязьняў і кандыдатаў у палітвязьні

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG