Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Жамчужнага датэрмінова ня вызваляць, бо «ня стаў на шлях выпраўленьня»


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота 2013 году

Адміністрацыя калёніі № 9 у Горках паведаміла палітвязьню Міхаілу Жамчужнаму, што ён «ня стаў на шлях выпраўленьня», а значыць, яму ня будзе дазволена ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці замена пакараньня на больш мяккае. Вязень расьпісаўся ў паведамленьні.

Як інфармуе праваабарончы цэнтар «Вясна», на пачатку студзеня ўпраўленьне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці адмовіла ў задавальненьні скаргі на вынесеныя адміністрацыяй калёніі спагнаньні ў выглядзе зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар. Кіраўніцтва ведамства сьцьвярджае, што спагнаньні былі правамоцныя, накладзеныя «за дапушчаныя парушэньні парадку адбываньня пакараньня», падставаў для іх адмены ня маецца.

Спагнаньні адміністрацыя калёніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмову пераходзіць у атрад, сфармаваны са зьняволеных зь «нізкім статусам».

Пры гэтым ён не выключаў, што можа быць пераведзены ў ПКТ, дзе атрымае магчымасьць атрымліваць карэспандэнцыю. Аднак сувязь празь лісты з палітвязьнем адсутнічае, што дае падставы меркаваць: у дачыненьні яго па-ранейшаму выкарыстоўваюцца спагнаньні ў выглядзе зьмяшчэньня ў штрафны ізалятар.

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформ Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Летась у кастрычніку судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага Суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Жамчужны прызнаны вінаватым ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч. 5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2) — падбухторваньне да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконнае набыцьцё і збыт спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку паўторна; даваньне хабару.

Вялікія паўнамоцтвы і вялікія злоўжываньні

XS
SM
MD
LG