Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Горацкай калёніі перадумала пераводзіць палітвязьня Жамчужнага ў турму


Міхаіл Жамчужны

Адміністрацыя Горацкай калёніі № 9 адклікала прадстаўленьне аб пераводзе палітвязьня Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым адбыцьця пакараньня.

Прызначаны на 24 кастрычніка Горацкім судом разгляд справы адменены, паколькі адпалі падставы. Такія зьвесткі падаюць праваабаронцы. Суд меўся адбыцца ў калёніі.

«Калёнія адклікала прадстаўленьне і заўтра суду над Міхаілам ня будзе», — сказаў Свабодзе праваабаронца з арганізацыі «Нью платформ інавэйшн» Андрэй Бандарэнка, які апякуецца палітвязьнем

«На сёньняшні момант яны вырашылі, што ў працэсе няма неабходнасьці, але ў далейшым могуць да гэтай справы вярнуцца», — адзначыў ён.

На думку праваабаронцы, адкліканьне заявы адміністрацыяй калёніі з суду зьвязанае з самітам «Усходняга партнэрства», якое адбудзецца 24 лістапада, і на які запрошаны Аляксандар Лукашэнка.

«Азмрочыць ягоны візыт перасьледам палітвязьня яны ня хочуць, — кажа Андрэй Бандарэнка. — Спачатку яны хацелі гэтую справу вырашыць хутка і без асаблівага шуму, але паколькі гэтага ня выйшла, то вырашылі перастрахавацца і адклікаць прадстаўленне і вярнуцца да яго, калі надыдзе больш зручны момант».

Палітвязню Жамчужнаму пагражае турма, бо ён не захацеў быць у калёніі ў групе зь нізкім статусам

У пачатку 2010-х гадоў Міхаіл Жамчужны разам з Андрэем Бандарэнкам зарэгістравалі праваабарончую арганізацыю «Плятформа інавэйшн», якая займалася абаронай правоў вязьняў. У 2015 годзе Міхаіла Жамчужнага асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за спробу подкупу міліцыянта.

Ціск на Жамчужнага Бандарэнка называе помстай за ягоную праваабарончую дзейнасьць.

У калёніі Міхаіл Жамчужны лічыцца злосным парушальнікам рэжыму адбыцьця пакараньня. Паводле зьвестак Андрэя Бандарэнкі, на асуджанага накладзена шмат дысцыплінарных спагнаньняў, што дае падставы адміністрацыі зьвяртацца ў суд, каб зьмяніць яму ўмовы рэжыму ўтрыманьня.

Горацкая калёнія № 9
Горацкая калёнія № 9

На разглядзе справы Міхаіла Жамчужнага меліся быць праваабаронцы з цэнтру «Вясна». Як піша сайт праваабарончай арганізацыі, заяву з просьбай забясьпечыць прысутнасьць на працэсе падалі Валянцін Стэфановіч і Павал Сапелка.

Праваабаронцы заяўляюць, што на Міхаіла Жамчужага ў няволі аказваецца ціск. Па іх зьвестках, адміністрацыя Горацкай калёніі двойчы спрабавала перавесьці яго ў атрад, які сфармаваны з асуджаных зь «нізкім статусам». Жамчужны адмаўляецца. За гэта яго кідаюць у карцэр.

Праваабаронцы просяць Генпракуратуру ўмяшацца ў сытуацыю Міхаіла Жамчужнага

XS
SM
MD
LG