Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязню Жамчужнаму пагражае турма, бо ён не захацеў быць у калёніі ў групе зь нізкім статусам


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота 2013 году
Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота 2013 году

Вязьня калёніі № 9 у Горках, віцебскага праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага, будуць судзіць за непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы.

Суд прызначаны на 24 кастрычніка і адбудзецца ў будынку калёніі. Міхаілу Жамчужнаму пагражае перавод у турму, у ізаляваную камэру.

Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які апякуецца Міхаілам Жамчужным. Паводле зьвестак, якія атрымаў Бандарэнка з калёніі, фармальнай падставай для новага перасьледу Міхаіла Жамчужнага сталі спагнаньні за тое, што ён адмовіўся знаходзіцца ў групе зьняволеных з так званым «нізкім статусам». Андрэй Бандарэнка, калі ў 2014 годзе быў у Шклоўскай калёніі, сам апынуўся ў падобным становішчы. Праваабаронца мяркуе, што іншага выйсьця, як не падпарадкоўвацца адміністрацыі, у Жамчужнага не было:

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

«Гэтаксама я мусіў рабіць фармальныя парушэньні, не падпарадкоўвацца, каб не аказацца там, дзе мяне б палічылі за вязьня зь нізкім статусам. Для яго такія паводзіны былі адзіным выйсьцем — парушаць, ісьці ў карцэр. Інакш —зьнявага і ціск, але яшчэ і ад саміх вязьняў, а ня толькі ад адміністрацыі. Ён так бараніў свой гонар і годнасьць», — сказаў Андрэй Бандарэнка пра парушэньні, якія адміністрацыя калёніі ў Горках выявіла ў Міхаіла Жамчужнага.

4 кастрычніка Міхаіл Жамчужны адбыў месяц у карцэры і адразу атрымаў яшчэ два спагнаньні па 10 сутак кожнае. Такім чынам, вязень будзе знаходзіцца ў карцэры да 24 кастрычніка, якраз да суду.

«Адміністрацыя мэтанакіравана спрабуе дыскрэдытаваць яго сярод іншых зьняволеных. А яму даводзіцца выбіраць такія мэтады абароны, як адмова выконваць нібыта законныя патрабаваньні. Ад пачатку зразумела, што перавод яго ў спэцыялізаваны атрад, далучэньне да прыборак прыбіральняў ды іншае — гэта якраз робіцца для таго, каб ён адмовіўся, бо любы вязень у такой сытуацыі будзе адмаўляцца. І тады яго можна будзе пакараць нібыта за парушэньне рэжыму ўтрыманьня. Што і робяць зь Міхаілам Жамчужным. Гэта абсалютна стандартная схема, тое самае рабілі і са мной», — мяркуе Андрэй Бандарэнка.

У пачатку 2010-х гадоў Міхаіл Жамчужны разам з Андрэем Бандарэнкам зарэгістравалі праваабарончую арганізацыю «Плятформа інавэйшн», якая займалася абаронай правоў вязьняў. У 2015 годзе Міхаіла Жамчужнага асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за спробу подкупу міліцыянта.

Ціск на Жамчужнага Бандарэнка называе помстай за ягоную праваабарончую дзейнасьць.

Андрэй Бандарэнка прагназуе, што суд над Міхаілам Жамчужным пройдзе паводле вядомага сцэнару:

Жамчужнаму яшчэ тры гады да заканчэньня тэрміну, і вытрымаць столькі ва ўмовах беларускай турмы вельмі складана.

«Выступяць сьведкі з боку адміністрацыі, якія раскажуць, што ён нешта ня выканаў. І ўсё — пастанова аб пераводзе ў турму. Альбо ў Горадню, альбо ў Жодзіна. У магілёўскую турму адназначна не, бо туды зьмяшчаюць асуджаных ўпершыню, а ў Жамчужнага ўжо ёсьць судзімасьць. У ягонай сытуацыі перавод у крытую турму лепшы, чым бясконца сядзець у карцэры ў калёніі, там усё ж ён будзе менш залежаць ад ціску з боку іншых зьняволеных. Але праблема ў тым, што яму яшчэ тры гады да заканчэньня тэрміну, і вытрымаць столькі ва ўмовах беларускай турмы вельмі складана. Абарона Жамчужнага і мы, праваабаронцы, бачым падставы зьвяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН наконт зьняважлівых мэтадаў, якімі зь ім абыходзяцца. Наша лінія на абарону Жамчужнага ў судзе ўжо выпрацаваная, але пакуль ня буду яе раскрываць», — сказаў Андрэй Бандарэнка.

Частка беларускіх праваабаронцаў лічыць Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем і дамагаецца ягонага вызваленьня ды перагляду крымінальнай справы ў адкрытым судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG