Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная амністыя заклікала ліставаць уладам Беларусі, каб вызваліць палітвязьня Паліенку


Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выказвае заклапочанасьць станам здароўя 23-гадовага палітвязьня Зьмітра Паліенкі, які адбывае 2-гадовае пакараньне ў Бабруйскай калёніі.

У кастрычніку 2016 году грамадзкаму актывісту Зьмітру Паліенку, якога абвінавачвалі ў нападзе на міліцыянта падчас роварнай акцыі «Крытычная маса», прысудзілі 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Празь некалькі месяцаў Паліенку зноў арыштавалі і асудзілі ўжо на рэальны тэрмін за тое, што нібыта парушаў правілы адбыцьця пакараньня. Доказам сталі затрыманьні актывіста на пратэставых акцыях.

Сярод абвінавачаньняў фігуруе таксама «распаўсюджаньне парнаграфіі», заснаванае на публікацыі відэа ў «Вконтакте».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Зьміцер цярпіць на астму, але, нягледзячы на гэта, працуе на пыльнай вытворчасьці ва ўмовах, якія пагаршаюць стан ягонага здароўя. Апрача гэтага, ён таксама мае рану на назе і не атрымлівае належнай мэдычнай дапамогі.

Акрамя таго, Зьміцер, паводле інфармацыі Amnesty International, па 10 дзён кожны месяц праводзіць у адзіночцы, а ягонае грашовае ўтрыманьне скарочанае адміністрацыяй калёніі на траціну. Лісты да вязьня і ад яго на волю практычна не даходзяць.

Ягоныя сябры ў рамках кампаніі салідарнасьці масава дасылалі яму віншаваньні на Новы год, але ён не атрымаў ніводнай паштоўкі. Зьмітру чыняцца перашкоды ў ягоных кантактах з бацькам і адвакатамі, бо ўся ягоная перапіска цэнзуруецца і кантралюецца.

Amnesty International заклікае дасылаць беларускім уладам звароты з патрабаваньнем вызваліць Зьмітра Паліенку, паколькі ягоны прысуд быў зьвязаны з рэалізацыяй права на мірны пратэст. А ў чаканьні вызваленьня патрабаваць для вязьня належнай мэдычнай дапамогі і права карыстацца ўсімі прававымі гарантыямі ў месцах пазбаўленьня волі.

Amnesty International прыводзіць у сваім звароце адрасы службовых асобаў, да якіх можна накіроўваць лісты.


Ці мае палітвязень Зьміцер Паліенка праблемы са здароўем у Бабруйскай калёніі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG