Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае палітвязень Зьміцер Паліенка праблемы са здароўем у Бабруйскай калёніі

абноўлена

Зьміцер Паліенка ў судзе, архіўнае фота 2016 году
Зьміцер Паліенка ў судзе, архіўнае фота 2016 году

Бацька палітвязьня Зьмітра Паліенкі, які адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі, днямі атрымаў ліста ад сына, у якім той расказаў пра «​нармальны»​ стан здароўя. Паводле іншых дадзеных, інфармацыя ў лісьце састарэлая: хлопец мае праблемы са здароўем.

«З нагой у яго цяпер нармальна. Сам піша, што рана на назе ўжо загаілася», — расказаў Свабодзе пра стан зьняволенага сына Аляксандар Паліенка.

Бацька паведаміў, што паводле ліста ад сына, Зьмітра перавялі з вырабу кардонных каробак, дзе шмат пылу, на пашыўку рукавіц.

«Ён сам папрасіўся, каб перавялі. У яго ж астма была, нельга дыхаць гэтым пылам. Дык цяпер лепш, бо пылу там няма. Хоць там і там амаль нічога не плацяць, можа, за год які рубель атрымае, недзе так. Але на рукавіцах яму лепей», — паведаміў Паліенка-старэйшы.

Аляксандар Паліенка пацьвердзіў, што сына ў калёніі пэрыядычна зьмяшчаюць у карцэр.

«Можа, ня кожны месяц, але бывае. Ён там у іх на асаблівым рахунку, таму жоўтую бірачку на грудзях носіць. Як было ў нас спатканьне, дык быў з гэтай біркай, якая азначае, што ён неаднаразовы парушальнік рэжыму. Прыдзіраюцца да яго, безумоўна, ды і ён сам такі, вы ж ведаеце, запальчывы. Таму па-рознаму бывае».

Мікалай Паліенка паведаміў, што днямі адправіў сыну ў калёнію пасылку.

«Сабралі зь ягонымі сябрамі пасылку на 30 кіляграмаў. Харчы, якія ён прасіў, сухафрукты. Напісаў яму пра пасылку і цяпер чакаю паведамленьня, што ён пасылку атрымаў. Неўзабаве мусіць адказаць. У траўні ў яго будзе дзень нараджэньня, дык зьбіраюся на спатканьне», — сказаў бацька палітвязьня.

[Абноўлена ў 16:20] Нібыта мае праблемы з нагой, перавялі на старую працу

Паводле іншай, «больш актуальнай» інфармацыі, якой са Свабодай падзяліся сябры палітвязьня. Зьміцер Паліенка ўсё ж можа мець праблемы з ранай на назе. Апроч гэтага, яго нібыта перавялі на ранейшую працу, ад якой у яго можа абвастрацца астма.

«Я не магу сказаць, ці праўда гэта, але ёсьць інфармацыя, што ў яго [Зьмітра Паліенкі] нага не загойваецца, і лекар мясцовы кажа, што ня ведае, што з гэтым рабіць. Гэта я пачуў ад яго прыяцеляў», — пракаментаваў Свабодзе новыя зьвесткі Аляксандар Паліенка.

У калёніі зь сярэдзіны 2017 году

Зьмітра Паліенку трымаюць у Бабруйскай калёніі зь сярэдзіны мінулага году. Ён мае выйсьці на волю сёлета ў кастрычніку.

У кастрычніку 2016 году грамадзкаму актывісту Зьмітру Паліенку, якога абвінавачвалі ў нападзе на міліцыянта падчас акцыі «Крытычная маса», прысудзілі 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Празь некалькі месяцаў Паліенку зноў арыштавалі і асудзілі ўжо на рэальны тэрмін за тое, што нібыта парушаў правілы адбыцьця пакараньня. Доказам сталі затрыманьні актывіста на пратэставых акцыях.

Беларускія праваабаронцы і «Міжнародная амністыя» прызналі Зьмітра Паліенку палітвязьнем.

Amnesty International ініцыявала кампанію салідарнасьці з палітвязьнем Зьмітром Паліенкам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG