Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьня сумленьня Паліенку пасадзілі на 7 сутак у штрафны ізалятар


Зьміцер Паліенка. Архіўнае фота.

Зьмітра Паліенку пасадзіла на сем сутак у ШЫЗА. Пра гэта 23-гадовы вязень сумленьня напісаў у паштоўцы свайму сябру, актывісту анархісцкага руху Вячаславу Касінераву, які даслаў паштоўку «Свабодзе».

Сёлета ў жніўні ў лісьце сябрам Паліенка распавядаў, што трапіў у штрафны ізалятар на 4 дні ў тым ліку за адмову мыць санвузел. Цяпер Паліенка піша, што яго пакаралі сярод іншага за тое, што не павесіў прасьціну «на шканар».

Паштоўка Зьмітра Паліенкі Вячаславу Касінераву.
Паштоўка Зьмітра Паліенкі Вячаславу Касінераву.

У кастрычніку 2016 году прыхільнік анархісцкага руху Зьміцер Паліенка быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся раней у Менску. Міліцыянты брутальна спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

Пасьля суду Зьміцер Паліенка браў удзел у пікетах салідарнасьці ды іншых пратэставых акцыях. Увесну 2017 году актывіста зноў арыштавалі і на пачатку красавіка прысудзілі яму адбываць тэрмін ва ўмовах зьняволеньня. Суд толькі залічыў 5 месяцаў, якія Паліенка ўжо адбыў за кратамі падчас сьледзтва па справе «Крытычнай масы». Пасьля новага суду над Зьмітром Паліенкам беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Сёлета ў жніўні міжнародная праваабарончая арганізацыі Amnesty International прызнала Зьмітра Паліенку вязьнем сумленьня і заклікала беларускія ўлады «неадкладна і без умоваў вызваліць» хлопца, які «быў зьняволены выключна за мірнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG