Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Каталёніі дзясяткі тысяч чалавек выступілі за стварэньне незалежнай рэспублікі


Архіўнае фота. Пратэсты ў Каталёніі ў кастрычніку 2017 году

У Барсэлёне дзясяткі тысяч чалавек выйшлі ў нядзелю, 11 сакавіка, на вуліцы, патрабуючы незалежнасьці Каталёніі ад Гішпаніі. Паводле дадзеных паліцыі, у шэсьці, да якога заклікаў нацыяналістычны рух «Каталёнская нацыянальная асамблея» (КНА), прынялі ўдзел каля 45 тысяч мітынгоўцаў.

Пратэстоўцы, якія выступілі пад лёзунгам «Рэспубліка цяпер», настойвалі на фармаваньні ўраду, які пачаў бы прымаць практычныя крокі для аддзяленьня аўтаноміі ад Гішпаніі, паведамляе DW.

«Больш за два мільёны жыхароў Каталёніі абсалютна дакладна хочуць рухацца ў напрамку каталёнскай рэспублікі», — падкрэсьліў віцэ-прэзыдэнт КНА Агусты Алькабэра.

Урад Гішпаніі ў пачатку лістапада 2017 году адправіў у адстаўку каталёнскую адміністрацыю і пазбавіў паўнамоцтваў рэгіянальны парлямэнт. Нагодай паслужыла арганізацыя мясцовымі палітыкамі рэфэрэндуму аб незалежнасьці рэгіёну і абвяшчэньне «сувэрэннай каталёнскай рэспублікі». Канстытуцыйны суд у Мадрыдзе прызнаў падобныя дзеяньні незаконнымі.

Адначасова судовыя органы Гішпаніі распачалі справы супраць 28 каталёнскіх палітыкаў за мяцеж, растрату бюджэтных сродкаў і іншыя правапарушэньні. Карлэс Пудждэмон, кіраўнік распушчанай адміністрацыі, якому пагражае да 50 гадоў пазбаўленьня волі, схаваўся у Бэльгіі. Між тым пераможцамі пазачарговых парлямэнцкіх выбараў у Каталёніі, якія адбыліся 21 сьнежня 2017 году, зноў апынуліся прыхільнікі яе незалежнасьці. Яны настойваюць на аднаўленьні звольненай адміністрацыі на чале з Пудждэмонам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG