Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пудждэмон адмовіўся ізноў узначаліць Каталёнію, заклікаў падтрымаць зьняволенага паплечніка


Карлэс Пудждэмон

Былы кіраўнік ураду Каталёніі Карлэс Пудждэмон адмовіўся зноў узначаліць рэгіён. Пра гэта ён заявіў у відэазвароце з Брусэлю. Пудждэмон заклікаў падтрымаць Жорзі Санчэса — іншага прыхільніка незалежнасьці Каталёніі.

У цяперашні час Санчэс знаходзіцца ў турэмным зьняволеньні. Яму выстаўленыя абвінавачваньні ў мяцяжы.

На датэрміновых парлямэнцкіх выбарах 21 сьнежня мінулага году перамогу атрымалі прыхільнікі незалежнасьці рэгіёну на чале з Пудждэмонам. Яго перавыбраньне ўскладняецца тым, што ён хаваецца ў Бэльгіі.

Калі экс-кіраўнік Каталёніі вернецца ў Гішпанію, то будзе арыштаваны. Згодна з заканадаўствам, перад пачаткам першага раунду галасаваньня кандыдат на пасаду кіраўніка Каталёніі павінен зьявіцца ў парлямэнт, каб прадставіць сваю праграму і прыняць удзел у дэбатах. Дыстанцыйнай прысутнасьці па відэасувязі рэглямэнт не прадугледжвае.

Датэрміновыя выбары ў парлямэнт Каталёніі прызначылі пасьля таго, як рэгіён абвясьціў аб незалежнасьці па выніках мясцовага рэфэрэндуму ў кастрычніку мінулага году. Мадрыд назваў галасаваньне незаконным і ўвёў у Каталёніі прамое кіраваньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG