Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы парлямэнт Каталёніі выбраў сьпікера — прыхільніка незалежнасьці


Ружэ Турэн.

Новы парлямэнт Каталёніі на першым устаноўчым пасяджэньні выбраў сваім сьпікерам прыхільніка незалежнасьці аўтаноміі Ружэ Турэна.

За прадстаўніка партыі «Левыя рэспубліканцы» прагаласавалі 65 дэпутатаў са 135. Да канца студзеня парлямэнт павінен будзе выбраць кіраўніка адміністрацыі Каталёніі.

На датэрміновых парлямэнцкіх выбарах 21 сьнежня летась перамогу атрымалі прыхільнікі незалежнасьці рэгіёну на чале з былым лідэрам Каталёніі Карлэсам Пудждэмонам. Пераабраньне Пудждэмона ўскладняецца тым, што ён хаваецца ў Бэльгіі. Калі ён вернецца ў Гішпанію, то будзе арыштаваны. Згодна з заканадаўствам, перад пачаткам першага раўнду галасаваньня кандыдат на пасаду кіраўніка Каталёніі павінен зьявіцца ў парлямэнце, каб прадставіць сваю праграму і прыняць удзел у дэбатах. Дыстанцыйнай прысутнасьці па відэасувязі рэглямэнт не прадугледжвае.

Датэрміновыя выбары ў парлямэнт Каталёніі прызначылі пасьля таго, як рэгіён абвясьціў аб незалежнасьці па выніках мясцовага рэфэрэндуму ў кастрычніку летась. Мадрыд назваў галасаваньне незаконным і ўвёў у Каталёніі наўпроставае кіраваньне, якое будзе доўжыцца да інаўгурацыі новага ўраду аўтаноміі. Адхілены ад улады кіраўнік Каталёніі Карлэс Пудждэмон зьехаў у Бэльгію. Нацыянальны высокі суд Гішпаніі выдаў міжнародны ордэр на яго арышт. У пачатку сьнежня Мадрыд адклікаў міжнародны ордэр, аднак гішпанскі застаецца ў сіле.

XS
SM
MD
LG