Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у парлямэнт Каталёніі перамаглі прыхільнікі незалежнасьці


Ілюстрацыйнае фота

Пасьля падліку 99,8% бюлетэняў з галасаваньня на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах у Каталёніі вынікі такія: 70 са 135 месцаў займуць прадстаўнікі партыяў, што выступаюць за аддзяленьне Каталёніі ад Гішпаніі.

Гэта яшчэ не афіцыйныя канчатковыя вынікі — афіцыйныя абвесьцяць у бліжэйшыя дні. Але, як перадае El Espanol, адпраўлены Мадрыдам у адстаўку кіраўнік Каталёніі Карлэс Пудждэмон (цяпер знаходзіцца ў Бэльгіі) назваў вынікі выбараў «перамогай Каталёнскай Рэспублікі над манархіяй» — каталёнцы, кажа ён, «адваявалі права быць пачутымі».

Карлэс Пудждэмон, архіўнае фота
Карлэс Пудждэмон, архіўнае фота

Для бальшыні ў парлямэнце патрэбныя 68 месцаў, у прыхільнікаў незалежнасьці хутчэй за ўсё будзе сумарна 70. Але лідэр галасаваньня — не адна зь «незалежніцкіх» партыяў, а партыя «Грамадзяне», што выступае за захаваньне Каталёніі ў складзе Гішпаніі. Яна атрымае, верагодна, 37 мандатаў — на 12 больш за тое, што атрымала ў 2015 годзе.

Яўка выбарнікаў на гэтых выбарах была рэкорднай: амаль 82%. Прыхільнікі незалежнасьці ўспрымалі іх як «другі раўнд рэфэрэндуму, які ім усё роўна не дазволілі б правесьці на законных падставах».

Датэрміновыя выбары прызначылі пасьля таго, як Каталёнія абвясьціла аб незалежнасьці па выніках рэфэрэндуму, што Мадрыд намагаўся сарваць з удзелам паліцыі. Пасьля абвяшчэньня Каталёніяй незалежнасьці Мадрыд увёў у аўтаноміі прамое кіраваньне і адправіў тамтэйшы ўрад у адстаўку, а мясцовы парлямэнт распусьцілі.

Новы ўрад маюць сфармаваць да 23 студзеня, а новага кіраўніка Каталёніі маюць абраць да 7 красавіка.

У чым Каталёнія падобная да Беларусі

XS
SM
MD
LG