Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Эўракамісіі палічыў «катастрофай» сытуацыю ў Каталёніі


Жан-Клёд Юнкер

Кіраўнік Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер у гутарцы з газэтай El Pais параіў каталёнскаму кіраўніцтву не недаацэньваць тую шырокую падтрымку, якую мае старшыня ўраду Гішпаніі Марыяна Рахой па ўсёй Эўропе, а сытуацыю ў аўтаноміі ён назваў «катастрофай», якая стварыла праблемы «ўнутры сем’яў, сярод сяброў».

Юнкер падкрэсьліў, што «нацыяналізм — гэта атрута». «За межамі Эўропы ў мяне пытаюцца, ці Гішпанія цяпер у стане распаду. Я кажу, што не, што большасьць гішпанцаў супраць незалежнасьці Каталёніі. Як кіраўнік ЭК я падтрымліваю пазыцыю гішпанскага ўраду. Я прыхільнік таго, хто паважае закон», — дадаў кіраўнік Эўракамісіі.

Пры гэтым палітык прызнаў, што сытуацыя ў Каталёніі — гэта «катастрофа», «вялікая і велізарная праблема», якая спарадзіла ўнутраны «раскол у гішпанскім і каталёнскім грамадзтве».

«Мне не падабаецца сытуацыя, якая ўтварылася. Гэтага ніколі не павінна было здарыцца», — сказаў на заканчэньне Юнкер.

1 кастрычніка ў Каталёніі прайшло галасаваньне ў пытаньні аб выхадзе з складу каралеўства. У ім узялі ўдзел 2,28 млн каталёнцаў, 90,18% удзельнікаў плебісцыту выказаліся за незалежнасьць. Мадрыд палічыў рэфэрэндум нелегітымным і адмовіўся прызнаваць яго вынікі.

27 кастрычніка парлямэнт Каталёніі зацьвердзіў рэзалюцыю аб абвяшчэньні незалежнай рэспублікі. Сэнат Гішпаніі ўхваліў просьбу Мадрыду аб увядзеньні ў дзеяньне 155-га артыкулу канстытуцыі каралеўства, які дазваляе абмежаваць самакіраваньне Каталёніі. Пасьля яе ўхваленьня старшыня ўраду Гішпаніі Марыяна Рахой заявіў, што было прынятае рашэньне адхіліць ад пасадаў Карлеса Пудждэмона і міністраў ягонага ўраду. Прэм’ер распусьціў парлямэнт Каталёніі і прызначыў на 21 сьнежня выбары ў аўтаноміі.

Адхілены ад улады Пудждэмон і некалькі дарадцаў ягонага ўраду зьехалі ў Бэльгію, дзе працягваюць заставацца да гэтага часу. Вярхоўны суд Гішпаніі 3 лістапада выдаў эўрапейскі ордэр на іх арышт. Бэльгійскі суд на працягу 15 дзён мае вынесьці рашэньне па гэтым ордэры.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG