Мадрыд забараніў кіраўніку парлямэнту Каталёніі сустракацца з Карлэсам Пудждэмонам у Брусэлі.
Старшыня каталёнскага парлямэнту Ружэ Турэн 24 студзеня накіраваўся з візытам у Брусэль, дзе знаходзіцца былы прэзыдэнт Каталёніі Карлэс Пудждэмон. Як паведамляе AFP, Мадрыд забараніў Турэну сустракацца з Пудждэмонам, які знаходзіцца пад следзтвам у Гішпаніі.
Пра рашэньне каталёнскага парлямэнту зноў вылучыць Пудждэмона на пасаду кіраўніка Каталёніі стала вядома 22 студзеня. Кандыдатуру Карлэса Пудждэмона вылучыў новы лідэр парлямэнту Ружэ Турэн пасьля кансультацыі з прадстаўнікамі палітычных партыяў, што прайшлі ў парлямэнт.
Тады ж Турэн казаў, што зьбіраецца абмеркаваць становішча дэпутатаў, якія знаходзяцца пад вартай, з прэмʼер-міністрам Гішпаніі Марыяна Рахоем. Сам жа Пудждэмон у панядзелак выступаў на канфэрэнцыі ў Капэнгагене, дзе сказаў, што плянуе неўзабаве пачаць стварэньне ўраду Каталёніі, «нягледзячы на пагрозы з Мадрыду».
Аднак юрыдычная служба парлямэнту Каталёніі мяркуе, што дэбаты аб абраньні Пудждэмона прэзыдэнтам безь яго асабістай прысутнасьці будуць лічыцца незаконнымі.
Карлэс Пудждэмон хаваецца ў Бэльгіі з канца леташняга кастрычніка, пасьля таго як Сэнат Гішпаніі прызнаў незаконным аднабаковае абвяшчэньне незалежнасьці Каталёніі. У Гішпаніі Пудждэмону можа пагражаць арышт, бо ён абвінавачваецца ўладамі краіны ў мяцяжы і растраце бюджэтных сродкаў падчас рэфэрэндуму 1 кастрычніка 2017.