Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, хто пагадзіўся выступіць на канцэрце ў Дзень Волі


Ілюстрацыйнае фота

Лявон Вольскі, «Крама», Neuro Dubel і «Дзецюкі» пагадзіліся выступіць на канцэрце ў гонар стагодзьдзя Беларускай народнай рэспублікі.

Пра гэта паведаміў у жывым эфіры Радыё Свабода​ адзін з арганізатараў мерапрыемства Павал Белавус ​.

«Канчатковае рашэньне па праграме мы будзем прымаць, калі ўжо будзем мець паперу. Дакладна будзе Лявон Вольскі (у фармаце «Крамбамбулі» ці з музычным складам, пакуль вырашаем). Дамоўлена з «Крамай», «Дзецюкамі», Neuro Dubel. Вядуцца перамовы зь Міхалком», — заявіў Белавус.

Напрыканцы студзеня ў камэнтары Радыё Свабода Лявон Вольскі назваў ідэю адзначаць 100 год БНР канцэртам ён назваў «безумоўна выдатнай».

«І ня толькі музычным канцэртам! — кажа Вольскі. — Трэба яшчэ нейкім балем адзначаць. Не скажу, што як дзень сьвятога Патрыка, але ўсё мае быць вельмі станоўча, бяз гэтых нотак вечнага беларускага суму-смутку».

Лявон Вольскі, верасень 2017
Лявон Вольскі, верасень 2017

Арганізатары канцэрту вядуць перамовы наконт выступу на сьвяточным канцэрце Сяргея Міхалка. На 25 сакавіка ў гурта Brutto быў заплянаваны канцэрт у Мазыры. У гастрольным туры Brutto па Беларусі гэтая дата вольная. Ці будуць выступаць музыкі 25 сакавіка, пакуль не паведамляецца.

«Мы хочам, каб Міхалок у фармаце пад гітару тры песьні, з Brutto ці „Ляпісамі“ прысутнічаў. Бо гэта чалавек, чые песьні на беларускай мове сталі гімнамі», — кажа Павел Белавус.​

Паводле Паўла Белавуса, у Менгарвыканкам ня трэба будзе падаваць гастрольнае пасьведчаньне са сьпісам музыкаў, бо канцэрт будзе бясплатным. Музыкі, зь якімі былі перамовы, ня хочуць каб канцэрт на Дзень Волі пераўтварыўся ў палітычную акцыю.

«Мы цудоўна ведаем, калі палітыкі ня бралі адказнасьць, музыкі пагаджаліся ў 2006 годзе ці раней выступаць на іх мерапрыемствах, а яны пераўтвараліся ў палітычнае. У выніку яны (музыкі — РС) зьнікаюць з эфіраў на 5-10 гадоў. Яны гэтым зарабляюць на жыцьцё. Яны зьнікаюць, і мы пачынаем вінаваціць уладу, а не палітыкаў», — сказаў Белавус.

26 лютага Менгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў арганізатарам сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР замест шэсьця праз цэнтар гораду правесьці мітынг і сьвяточны канцэрт у Купалаўскім парку або каля Опэрнага тэатру.

Прапанова выклікала хвалю дыскусій і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР 27 лютага. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка — за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG