Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маё жыцьцё пад пагрозай». Родчанкаў распавёў пра ролю ФСБ у допінгавай сыстэме Расеі


Грыгорый Родчанкаў

Міжнародны Алімпійскі камітэт не павінен дазваляць расейскім спартоўцам выходзіць пад нацыянальная сьцяг на цырымоніі закрыцьця Алімпіяды Ў Пхёнчхане. Пра гэта заявіў Грыгорый Родчанкаў.

У засакрэчаным месцы BBC сустрэлася з Грыгорыем Родчанкавым — былым кіраўніком антыдопінгавай лябараторыі. У рамках праграмы абароны сьведак нельга выдаваць месца жыхарства Родчанкава. Падчас інтэрвію Родчанкаў быў у масцы: яму нельга паказваць твар праз мяркаваную пагрозу з боку Масквы.

Пасьля заяваў Родчанкава, якія ўвайшлі ў даклад Сусьветнай антыдопінгавай агенцыі (ВАДА) пра допінг у расейскім спорце, МАК забараніў расейскім спартоўцам удзельнічаць у Алімпіядзе ў Пхёнчане пад нацыянальным сьцягам. Замест гэтага расейцы спаборнічаюць пад сьцягам алімпійскага руху.

Аднак на цырымоніі закрыцьця скандал, магчыма, вычарпае сябе. У суботу, 24 лютага, МАК можа дазволіць расейцам выйсьці на закрыцьцё пад сьцягам Расеі.

«Расейскія чыноўнікі аспрэчваюць усе абвінавачваньні сьцьвярджаючы, што я хлус. Яны зьняважылі ўсіх выкрывальнікаў, яны хлусілі перад судом, і калі сьцяг дазволяць падняць, гэта будзе найгоршым рашэньнем», — кажа Родчанкаў.

«Людзі разумеюць, чым займаецца МАК: фальсыфікацыяй барацьбы з допінгам. Гэта [дазвол падняць сьцяг РФ] перакрэсьліць усе мінулыя посьпехі», — лічыць ён.

Па гісторыі Родчанкава быў зняты дакументальны фільм «Ікар», які атрымаў намінацыю на «Оскар».

У аснову фільма ляглі паказаньні Родчанкава пра арганізацыю прыёму допінгу на Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы. Як сьцьвярджае Родчанкаў, там была арганізавана сыстэма падмены аналізаў мачы.

Мача спартоўцаў, якія прынялі допінг, замянялася на «чыстую», падрыхтаваную загадзя.

Урад Расеі адмаўляе існаваньне допінг-схемы, аднак Родчанкаў настойвае, што пра яе было вядома ўсім.

«Гэта была камандная праца. Калі патрэбна была каардынацыя, падключалася ФСБ. [Мутко — міністар спорту Расеі на той час] ведаў абсалютна ўсё, і ён паведамляў пра ўсё прэзыдэнту. Я ведаю, што ён меў зносіны наўпрост з Пуціным. Ён казаў мне пра гэта. Пуцін усё адмаўляе. Звычайная сытуацыя», — кажа Родчанкаў.

Родчанкаў упэўнены, што рашэньне стаць інфарматарам ВАДА паставіла пад пагрозу ягонае жыцьцё.

У адказ на пытаньне, пра тое дзе б ён цяпер знаходзіўся, калі б не пакінуў Расею, Родчанкаў адказвае: «У магіле, вядома. Мне прыйшоў бы канец».

«Ёсьць дакладныя сьведчаньні таго, што маё жыцьцё пад пагрозай. Я не хачу недаацэньваць небясьпеку. [Калі б я вярнуўся], яны маглі б знайсьці іншы, абходны шлях. Напрыклад, пакласьці мяне ў псыхіятрычную клініку. У іх шмат плянаў. Гэта было б для мяне катаваньнем. Так вярнуцца ў Расею я не магу — гэта вельмі вялікая пагроза майму жыцьцю і бясьпецы », — дадаў Родчанкаў.

XS
SM
MD
LG