Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родчанкаў: Пуцін ведаў пра допінгавыя схемы


Грыгорый Родчанкаў, былы кіраўнік маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін мусіў ведаць пра допінгавыя схемы ў расейскім спорце, якія былі створаны, каб забясьпечыць перамогі расейскіх спартоўцаў на Алімпійскіх гульнях 2008 і 2012 гадоў. Пра гэта паведамляе нямецкі тэлеканал ARD, цытуючы Грыгорыя Родчанкава, былога кіраўніка маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі.

На яго думку, рашэньне карыстацца допінгам ішло з самага верху, ад прэзыдэнта. «Таму што толькі прэзыдэнт можа прызначыць сакрэтную службу ФСБ для выкананьня такой канкрэтнай задачы», — заявіў Родчанкаў у дакумэнтальным фільме «Сакрэтны выпадак допінг — алімпійскі змова», які выйдзе ў эфір нямецкага тэлеканалу сёньня.

Цэнтар допінг-кантролю падчас Алімпіяды ў Сочы ў 2014 годзе
Цэнтар допінг-кантролю падчас Алімпіяды ў Сочы ў 2014 годзе

Родчанкаў, які цяпер хаваецца ў ЗША, летась расказаў амэрыканскаму выданьню The New York Times, што ФСБ арганізавала схемы, якія ўключаюць падмену допінгавых пробаў на Гульнях у Сочы ў 2014 годзе, каб схаваць практыку выкарыстаньня допінгу спартоўцамі з расейскай зборнай. Ён таксама пацьвердзіў зьмест сакрэтных дакумэнтаў, якія, паводле ARD, сьведчаць, што дзяржаўная допінгавая практыка існавала для Алімпіяды 2008 году ў Пэкіне і Лёндане ў 2012 годзе.

Мы зьмянілі стратэгію паміж Пэкінам 2008 і Лёнданам 2012 году.

«Перад Пэкінам ўсё было вельмі лёгка. Вы маглі зрабіць усё, што захацелі, і ўсе расейскія спартоўцы ў зборнай выкарыстоўвалі допінг. Мы зьмянілі стратэгію паміж Пэкінам 2008 і Лёнданам 2012 году, наконт таго, як схаваць допінг. Мы ўсе кантралявалі», — сказаў Родчанкаў. Міжнародны алімпійскі камітэт правёў паўторныя пробы алімпійскіх узораў з 2008 і 2012 гадоў, у выніку якіх было выяўлена, што 37 расійскіх спартоўцаў, у тым ліку 20 мэдалістаў, яго выкарыстоўвалі. Другая частка дакумэнтальнага фільму, якая таксама будзе трансьлявацца сёньня, 29 студзеня, павінна паказаць, як можна было маніпуляваць бутэлечкамі для збору і захоўваньня аналізаў мачы, якія здаюцца пры тэстах на ўжываньне допінгу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG