Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Алімпіядзе сёньня пройдзе заключная біятлённая эстафета. Ці падхопяць мужчыны посьпех жанчын?


Біятляністка Дар'я Домрачава з афіцыйным беларускім сьцягам пасьля перамогі беларускай каманды ў эстафэце 4 на 6 кілямэтраў. 22 лютага 2018 году
Біятляністка Дар'я Домрачава з афіцыйным беларускім сьцягам пасьля перамогі беларускай каманды ў эстафэце 4 на 6 кілямэтраў. 22 лютага 2018 году

Беларусь узьнялася на 13-ю пазыцыю ў агульнамэдальным заліку на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане пасьля залатога фінішу беларускіх біятляністак. Гэта найвышэйшае месца сярод краін-суседзяў — наперадзе Расеі, Украіны, Польшчы, Латвіі і Літвы.

Такім чынам, да ўзнагароды найвышэйшай вартасьці фрыстайлісткі Ганны Гуськовай і срэбра Дар’і Домрачавай у мас-старце дадалося агульнакаманднае золата квартэту эстафэтніц: усё тая ж Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава.

23 лютага, калі ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны, у аналягічных спаборніцтвах будуць удзельнічаць мужчыны — біятлённая эстафэта завершыць праграму Алімпіяды-2018. За беларускую каманду выступяць Антон Смольскі, Раман Ялётнаў, Сяргей Бачарнікаў і Ўладзімер Чапелін. Пачатак а 14.15.

Адрозна ад жаночай каманды, адмыслоўцы нават авансам не даюць беларускім удзельнікам высокіх месцаў, добрым вынікам будзе пападаньне ў топ-10.

Апроч біятлёну, сёньня ў алімпійскай праграме таксама значыцца канькабежны спорт. Адзіны беларускі прадстаўнік Ігнат Галавацюк паспаборнічае на дыстанцыі 1000 мэтраў. У відзе, дзе цалкам дамінуюць галяндцы, 20-гадовы спартовец можа пазмагацца хіба за месца ў дваццатцы. Пачатак а 13.00.

Цырымонія закрыцьця ХХІІІ Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі пройдзе 25 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG