Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як мяркуеце, дадуць Аньцы кватэру?» Алімпійская чэмпіёнка Гуськова жыве ў адным пакоі з бацькамі


Ганна Гуськова з залатым алімпійскім мэдалём падчас цырымоніі ўзнагароджаньня, 17 лютага
Ганна Гуськова з залатым алімпійскім мэдалём падчас цырымоніі ўзнагароджаньня, 17 лютага

25-гадовая алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхану Ганна Гуськова дзеліць адзін пакой на менскай вуліцы Ўсходняй з маці і айчымам. Сям’я спадзяецца, што паўднёвакарэйскі трыюмф дапаможа ім вырашыць кватэрнае пытаньне. Пра гэта сямейнікі спартоўкі распавялі Свабодзе.

«Кушніру і Цупер кватэры далі, Ганна ня горшая»

Ганна са спартовай сям’і. Яе дзед Іван паходзіць з Арлоўшчыны, шматразовы чэмпіён РСФСР па лёгкай атлетыцы. Вучыўся і працаваў у Менску і ў Гомлі, быў камандзіраваны ў Якуцк, а пасьля з жонкай яны вярнуліся на радзіму.

Ягоны сын Андрэй застаўся ў Беларусі, скончыў Інстытут фізкультуры, працаваў трэнэрам па веславаньні на байдарках і каноэ. Падчас вучобы пазнаёміўся са студэнткай Аленай, яна займалася мастацкай гімнастыкай. Пабраліся шлюбам, нарадзілася дачка Ганна.

Дзяўчынка яшчэ да школы пачала займацца лыжамі, потым акрабатыкай. Урэшце бацька прывёў яе ў фрыстайл. Першымі, хто прыклаў руку да яе прафэсійнага станаўленьня, былі трэнэры Ўладзімер Дашчынскі і Юры Купрацэвіч.

Адзін з палётаў Гуськовай ў Пхёнчхане
Адзін з палётаў Гуськовай ў Пхёнчхане

Пяць гадоў таму тата Андрэй памёр. Мама Алена яшчэ раней разьвіталася са спортам і цяпер працуе ў аддзеле радыё- і тэлетавараў у менскім ГУМе.

Пасьля сьмерці мужа Алена Георгіеўна сышлася зь Ігарам Падгайскім, які да спорту непасрэднага дачыненьня ня мае. Зь ёй самой скантактавацца не ўдалося, яна на бальнічным пасьля бытавой траўмы.

Айчым, у сваю чаргу, расказаў Свабодзе, што спаборніцтвы не глядзеў — баяўся, што «спыніцца сэрца». Пра залаты скачок падчаркі даведаўся постфактум. І не хавае надзеі, што круты паварот лёсу дапаможа вырашыць, бадай, самае надзённае для іх пытаньне.

«Мы зь Ленкай пазнаёміліся, пачалі жыць разам, яе дачку выхоўваю як родную, — кажа ён. — Усе ў адным пакоі — Лена, я, Анька, а яшчэ сабака і кот. Запрасілі будаўнікоў, яны зрабілі нам перагародку, усё як мае быць. Сама кватэра двухпакаёвая, але ў другім пакоі жыве сястра Лены з мужам, то бок цётка Ганны. А мы, адпаведна, у суседнім».

Паводле Ігара Фёдаравіча, у цеснай кватэры няма нават годнага кута, куды павесіць залаты алімпійскі мэдаль Ганны — усё занята вешалкамі ды паліцамі.

«Як мяркуеце, дадуць Аньцы кватэру?» — шукае падтрымкі айчым чэмпіёнкі. — Гэта ж, мяркуючы па ўсім, будзе адно золата гэтай Алімпіяды, няма ўжо больш каму адзначацца. Антона Кушніра, Алу Цупер за мінулыя гульні жыльлём забясьпечылі. Дык Анька ж ня горшая, правільна разважаю? Галоўнае, каб не падманулі, бо той выпадак, калі сапраўды вельмі патрэбна».

«Начапіў Боньку мэдаль, хай ведаюць нашых»

Ігар Падгайскі кажа, што сам ён інвалід, не працуе. Асноўны ягоны абавязак у адсутнасьць падчаркі — выгул сабакі Бонькі, хатняй любіміцы Ганны.

«Магу пахваліцца, што хаджу ў „сабачы загон“ у Аньчынай куртцы, усе зайздросьцяць, — кажа ён. — Надпіс кажа сам за сябе — „Беларусь. Фрыстайл“. Боні таксама пачапіў мэдаль, які Анька атрымала яшчэ па юніёрах. Стужачка знасілася, адарвалася, то завязаў на ашыйнік, хай ведаюць, хто ідзе» (сьмяецца).

Таксама ён разьлічвае, што дзяржава пойдзе насустрач і ня стане абкладаць падаткам прэміяльныя Ганны Гуськовай — за залатую ўзнагароду Беларусь абавязалася выплочваць 150 тысяч даляраў.

«Ведаеце, колькі грошай ужо адабралі, хоць яна нават у руках яшчэ не патрымала? — кажа ён. — Падаходны, яшчэ нейкая трасца. Калі кватэру дадуць, яшчэ куды ні ішло. А як не, ды яшчэ 13 ці колькі там працэнтаў вылічаць, то ні ў якія вароты. Вось хачу праз журналістаў пытаньне ўзьняць».

З галоўным трэнэрам Мікалаем Казекам
З галоўным трэнэрам Мікалаем Казекам

Ігар Фёдаравіч кажа, што з Аленай Георгіеўнай трымаюць дачку ў «дысцыпліне». Перадусім праца дзеля выніку, асабістыя адносіны пачакаюць, кажа ён.

«Мы на Аньку сварымся, — прызнаецца ён. — Ну як сварымся? Каб нікуды ня ўлезла, каб нічым непатрэбным не захапілася. Гэта, натуральна, перастрахоўка, бо яна ў нас і так залатая. Ва ўсіх сэнсах. Мама Ані пакуль ня можа быць на людзях, на працу ня ходзіць — котка нечага ашалела, падрапала ўвесь твар, ледзь вока не зачапіла. Таму за ўсіх даводзіцца аддувацца мне» (сьмяецца).


«Марыла быць журналісткай, стала лыжнай акрабаткай»

Ганьне Гуськовай 25 гадоў, нарадзілася ў Менску. У фрыстайл прывялі бацькі, калі дачцэ споўнілася 7 гадоў. Да таго марыла стаць журналісткай ці фатографам.

На міжнародных спаборніцтвах пачала выступаць 10 гадоў таму, прызэрка этапаў Кубка Эўропы сярод юніёраў. У 17-гадовым узросьце адабралася на першы этап Кубка сьвету ў катэгорыі юніёраў, у 2012-м стала срэбнай прызэркай юніёрскага чэмпіянату сьвету.

Сёлетні сэзон у яе кар’еры стаў самым пасьпяховым. Спачатку выйграла этап Кубка сьвету ў Кітаі, а пасьля была другой на аналягічным этапе ў ЗША.

На вышэйшай прыступцы алімпійскага п'едэсталу
На вышэйшай прыступцы алімпійскага п'едэсталу

На Алімпійскіх гульнях дэбютавала ў 2014 годзе ў Сочы. Тады Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту дала Беларусі дзьве дадатковыя жаночыя ліцэнзіі, але Ганна не прайшла нават кваліфікацыю. Але ўжо другія па ліку Гульні ў Пхёнчхане сталі трыюмфальнымі.

Увесь мінулы сэзон спартоўка прапусьціла з прычыны траўмы. Падчас адной з трэніровак няўдала прызямлілася і пашкодзіла мэніск — давялося класьціся на апэрацыю. А да гэтага было сур’ёзнае хірургічнае ўмяшаньне — парвалася пярэдняя крыжападобная зьвязка калена.

У ранейшых інтэрвію Ганна Гуськова прызнавалася, што любіць татуіроўкі, яе цела ўпрыгожваюць некалькі малюнкаў. Казала, што тату раскрывае яе характар і дапаўняе ўнутраны сьвет. Іншае захапленьне — шыцьцё. Пасьля заканчэньня спартовай кар’еры марыць папрактыкавацца ў дызайне моднага адзеньня.

Першы трэнэр чэмпіёнкі Ганны Гуськовай: Яна задаволеная сабой і вельмі стомленая

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG