Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я безь біятлёну не магу». Маці і першая трэнэрка Дзінары Алімбекавай пра яе алімпійскі посьпех


Дзінара Алімбекава

22-гадовая Дзінара Алімбекава зь вёскі Каменка, што ў Чавускім раёне, сёньня стала алімпійскай чэмпіёнкай у складзе біятлённай зборнай Беларусі. Дзінара самая маладая ў квартэце спартовак. Яна бегла трэці этап у пераможнай гонцы і сэнсацыйна вывела беларусак зь пятай пазыцыі на трэцюю. Спудлаваўшы тры разы на двух рубяжах, яна перадала эстафэту Дарʼі Домрачавай з адставаньнем ад лідэра меней за 20 сэкундаў.

У Чавусах спадзяюцца, што посьпех выхаванкі тутэйшай школы алімпійскага рэзэрву Дзінары Алімбекавай дапаможа скончыць будоўлю біятлённай трасы і стрэльбішча.

Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дарʼя Домрачава сьвяткуюць перамогу ў эстафэце
Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дарʼя Домрачава сьвяткуюць перамогу ў эстафэце

«Яна паспрабавала, і ёй спадабалася»

Дзінара нарадзілася 5 студзеня 1996 году ў Казахстане. Калі ёй было тры гады, з маці Ірынай Аляксандраўнай вярнулася ў Беларусь, на радзіму крэўных па матчынай лініі. У Каменцы, якая за пятнаццаць кілямэтраў ад райцэнтру, пайшла ў школу зь беларускай мовай навучаньня. Тры гады адхадзіла ў музычную школу. Іграла на фартэпʼяна. Займалася танцамі. Ірына Аляксандраўна прызналася, што была супраць таго, каб дачка займалася яшчэ і біятлёнам.

«Яна паспрабавала, і ёй спадабалася, — сказала Свабодзе Ірына Аляксандраўна. — Я забараняла, але дачка прасіла, пераконвала, што будзе сумяшчаць музыку і танцы са спортам. Я нібы і дазволіла, бо пабачыла, што ў яе атрымліваецца. Дзінара спрабавала пасьпець за ўсім, але як тут пасьпець! А потым неяк сказала: „Мама, я безь біятлёну не магу“».

Ірына Аляксандраўна кажа, што прасілі за дачку і трэнэры, бо ўгледзелі ў ёй задаткі пасьпяховай спартоўкі. Зь вясковай школы яе забралі ў Чавускую спэцыялізаваную школу алімпійскага рэзэрву, а адтуль — у Магілёўскую вучэльню алімпійскага рэзэрву.

У тое, што Дзінара стане алімпійскай чэмпіёнкай, маці верыла. Кажа, што было прадчуваньне.

«Калі ўжо Дзінара адстралялася другі раз, я была ўпэўненая, што мэдаль будзе. Пытаньне толькі, які. А калі пабегла Дарʼя, то зьявілася перакананьне на 99 працэнтаў, што будзе золата», — сказала Ірына Аляксандраўна.

Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дарʼя Домрачава
Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дарʼя Домрачава

Талент выявіўся ў пераможнай гонцы

Посьпеху Дзінары радуюцца і яе настаўнікі з спэцыялізаванай школы алімпійскага рэзэрву. Сярод гадаванцаў гэтай школы — і сярэбраны прызэр Алімпійскіх гульняў 2010 году Сяргей Новікаў. У Дзінары, згадвае ў размове са Свабодай адна зь яе трэнэрак Марыя Шыпікава, была лёгкасьць у рухах, яна добра бегала крос. Паводле характару дзяўчына мэтанакіраваная, сумленная, вясёлая — і мае талент.

«Вось гэты талент і выявіўся ў пераможнай гонцы. Яна трымалася да апошняга, хоць ёй было дужа цяжка. Цяпер усе Чавусы радуюцца», — кажа Марыя Іванаўна.

Пасьля алімпійскага срэбра, здабытага Новікавым, у Чавусах узяліся ўзводзіць стрэльбішча і лыжаролерную трасу, але неўзабаве ўсё кінулі. Спартоўцы-пачаткоўцы ўлетку трэніруюцца на ролерах на плошчы Леніна.

«Цяпер, можа, Дзінара возьмецца ды да ладу давядзе. Наагул у нас Ялоўскі лес — кузьня пераможцаў. Там цір, біятлённае стрэльбішча, асноўная траса. Там трэніруемся», — кажа першая трэнэрка алімпійскай чэмпіёнкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG