Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым рэктарам ЭГУ стаў былы баўгарскі міністар, які звольніўся праз карупцыйны скандал


Сяргей Ігнатаў
Сяргей Ігнатаў

Рэктарам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту прызначаны экс-міністар адукацыі Баўгарыі Сяргей Ігнатаў.

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, Сяргей Ігнатаў быў абраны рэктарам у сьнежні 2017 году. Імя новага рэктара не называлася да завяршэньня працэсу акрэдытацыі ЭГУ.

Ігнатаў вучыўся на эгіптоляга ў Санкт-Пецярбурскім дзяржаўным унівэрсытэце. З 1994 году — доктар гістарычных навук. Двойчы ў 1990-х стажыраваўся ў Оксфардзе. Ігнатаў падрыхтаваў больш за 40 акадэмічных публікацый, прысьвечаных праблемам лінгвістыкі, гісторыі і рэлігіі Старажытнага Эгіпту. Працаваў у Акадэміі навук Баўгарыі. На пасадзе рэктара Ігнатаў не ўпершыню — у 2002–2009 гадах прафэсар узначальваў прыватны Новы баўгарскі ўнівэрсытэт. У 2009–2013 гадах быў міністрам адукацыі, моладзі і навукі.

Сяргей Ігнатаў падаў у адстаўку зь міністэрскай пасады ў 2013 годзе пасьля публікацыі справаздачы ўраду Баўгарыі аб карупцыі пры прыёме на працу і выдачы грантаў. Адстаўцы Ігнатава папярэднічалі пратэсты баўгарскіх навукоўцаў, выкліканыя карупцыйным скандалам. За месяц да сваёй адстаўкі Ігнатаў адмаўляў абвінавачваньні ў карупцыі.

Паводле баўгарскага выданьня «Сега», у лістападзе 2012 году міністэрства адукацыі абвясьціла конкурс грантаў для баўгарскіх навукоўцаў. У выніку 95 заявак з 1200 атрымалі агулам 14,8 мільёнаў баўгарскіх леваў (звыш 980 тысяч даляраў на лістапад 2012 году) ад Фонду навуковых дасьледаваньняў. Навуковая супольнасьць Баўгарыі сьцьвярджала, што адбор заявак праводзіўся не празрыста, а гранты атрымалі навукоўцы Новага баўгарскага ўнівэрсытэту, якім Ігнатаў кіраваў да міністэрскай пасады.

ЭГУ могуць пазбавіць ліцэнзіі

У сьнежні 2017 году літоўскі Цэнтар ацэнкі якасьці навучаньня нэгатыўна ацаніў дзейнасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, што ёсьць фармальнай падставай, каб адклікаць ліцэнзію. Дырэктарка Цэнтру Нора Скабурскене заявіла, што ЭГУ ўжо не ўпершыню атрымлівае нэгатыўныя ацэнкі і што яму патрэбныя радыкальныя перамены.

31 студзеня 2018 году на нарадзе ўраду Літвы, у якой удзельнічалі ўсе 15 міністраў і прэм’ер, пастанавілі адтэрмінаваць адкліканьне дзейнай ліцэнзіі ЭГУ да 1 ліпеня 2019 году. Гэта рашэньне дазволіць унівэрсытэту працягваць працу ў штатным рэжыме і падаць заяву на атрыманьне новай ліцэнзіі.

«Наш унівэрсытэт чакае, што новая ліцэнзія будзе выдадзена да пачатку новага навучальнага году (2018–2019), то бок летам. Такім чынам, навучальны працэс у ЭГУ будзе ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з графікам, які быў зацьверджаны раней», — сказаў тады Свабодзе кіраўнік аддзелу па камунікацыях і сувязях з грамадзкасьцю ЭГУ Максім Мільто.

Фінансавыя скандалы і паўтара году бяз рэктара

Цягам апошніх некалькіх год ЭГУ перасьледуе шэраг скандалаў.

У 2014 годзе завяршылася выкладчыцкая рэформа ЭГУ, афіцыйнай мэтай якой было абвешчана павышэньне якасьці выкладаньня і навуковых дасьледаваньняў. Прафэсарам, нязгодным з гэтымі захадамі, адмовілі ў працягу кантрактаў. Старшыня Сэнату ЭГУ Павал Церашковіч быў звольнены яшчэ да завяршэньня кантракту. З ЭГУ вымушаныя былі таксама сысьці выкладчыкі Максім Жбанкоў, Вольга Шпарага, Андрэй Лаўрухін, Аляксей Крывалап, лідэр незалежнага прафсаюзу Канстанцін Ткачоў.

Анатоль Міхайлаў
Анатоль Міхайлаў

30 верасьня 2014 году пасаду рэктара ЭГУ пакінуў акадэмік Анатоль Міхайлаў, які заснаваў унівэрсытэт і кіраваў ім ад самага заснаваньня. Для Міхайлава была ўтворана новая пасада — прэзыдэнта ЭГУ.

Увесну 2015 году адбыліся выбары рэктара, у якіх узялі ўдзел 19 кандыдатаў з 7 краінаў. У шорт-лісьце на кіроўную пасаду засталіся сем прэтэндэнтаў: трое беларусаў — прафэсар-гісторык і колішні прарэктар Горадзенскага ўнівэрсытэту Алесь Краўцэвіч, тагачасны кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч і прафэсар філязофіі, выкладчыца ЭГУ Тацяна Шчытцова, а таксама трое амэрыканцаў (Дэвід Полік, Дарус Удрыс, Эдвард Рослаф) і літовец Шарунас Лекіс.

Дэвід Полік
Дэвід Полік

Перамог амэрыканскі прафэсар Дэвід Полік, які не валодаў ані беларускай, ані расейскай мовамі. Выбары рэктара выклікалі сур’ёзную крытыку грамадзкасьці і донараў унівэрсытэту.

Полік ачольваў ЭГУ з красавіка 2015 да чэрвеня 2016 году. Сыход Поліка зьвязваюць зь фінансавым скандалам.

У траўні 2016 году галоўны донар унівэрсытэту — Рада міністраў Паўночных краінаў (Nordic Council) — прыняла рашэньне прыпыніць фінансаваньне ЭГУ. Штогод Рада выдзяляла ўнівэрсытэту 1,5 мільёна эўра.

У кастрычніку 2016 году выканаўцам абавязкаў рэктара ЭГУ быў прызначаны Ёрген Ёргенсэн з Даніі. Да прыходу ў ЭГУ Ёргенсэн займаў пасаду дырэктара адміністрацыі Оргускага ўнівэрсытэту, другога па велічыні ўнівэрсытэту Даніі.

У лістападзе 2016 году была абвешчаная чарговая кампанія выбараў рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Было пададзена 29 заявак. Імёнаў кандыдатаў не называлі дзеля канфідэнцыйнасьці. Але выбары не адбыліся. У верасьні 2017 году ЭГУ зноў абвясьціў конкурс на пасаду рэктара.

У сьнежні 2017 году Ёргенсэн сышоў з пасады выканаўцы абавязкаў рэктара ЭГУ.

25 гадоў ЭГУ ў фактах: посьпехі, праблемы, скандалы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG