Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 прычын, чаму ня трэба плакаць па ЭГУ. І 5 прычын, чаму яго варта захаваць


Журналіст і выпускнік ЭГУ Сяргей Харытонаў 3 гады расьсьледаваў, як «унівэрсытэт у выгнаньні» апынуўся на мяжы краху. А цяпер тлумачыць, што зь ім добра і што кепска.

Рашэньне пра адкліканьне дзейнай ліцэнзіі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту адтэрмінаванае да 1 ліпеня 2019 году. У сьнежні 2017 году літоўскі Цэнтар ацэнкі якасьці навучаньня нэгатыўна ацаніў дзейнасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Тады дырэктарка Цэнтру Нора Скабурскене заявіла, што ЭГУ ўжо ня першы раз атрымлівае нэгатыўныя ацэнкі і што яму патрэбныя радыкальныя перамены.

Сяргей Харытонаў скончыў у ЭГУ бакаляўрскую праграму «Міжнароднае права», а ў 2014 годзе выпускнікі прагаласавалі за абраньне яго першым прэзыдэнтам асацыяцыі выпускнікоў. На працягу апошніх гадоў публікаваў расьсьледаваньні пра дзейнасьць адміністрацыі ЭГУ, але лічыць, што ўнівэрсытэт зьнішчаюць не ягоныя артыкулы.

Сяргей Харытонаў
Сяргей Харытонаў

«ЭГУ зьнішчаюць людзі з адміністрацыі, якія зрабілі ўсё тое, пра што я пісаў цягам трох год, — тлумачыць Сяргей. — Мяне неаднаразова абвінавачвалі ў тым, што я сваімі артыкуламі зьнішчаю рэпутацыю ЭГУ. Але ніхто ня будзе абвінавачваць журналістаў, якія распавядаюць пра злачынствы публічных асобаў, у тым, што нібыта гэта журналісты вінаватыя ў тым, што робяць гэтыя асобы? Гэтак жа і я пішу пра факты, распавядаю пра тое, што людзі павінны ведаць пра дзейнасьць сучаснага ЭГУ.

Ніводнага рэальнага абвяржэньня неэфэктыўнасьці ЭГУ ці злоўжываньняў з боку адміністрацыі за 3 гады ані беларусы, ані міжнародная супольнасьць не атрымалі».

Радыё Свабода папрасіла Сяргея Харытонава назваць па 5 пунктаў «за» і «супраць» ЭГУ.

«5 прычын, чаму ня трэба плакаць па ЭГУ»

Прычына 1.

Бюджэт унівэрсытэту фармаваўся ў асноўным з донарскіх грошай — гэта грошы ня проста донараў, а падаткаплатнікаў іншых краін. З прычыны адсутнасьці канкурэнцыі ўнівэрсытэту незалежна ад вынікаў працы доўгія гады было дастаткова вымавіць магічную фразу «адзіны ў сьвеце ўнівэрсытэт на выгнаньні» і атрымаць грошы. Але зь цягам часу гэты выраз ператварыўся ў фігавы лісток.

У адміністрацыі ЭГУ зразумелі, што могуць іх зарабляць, проста паразытуючы на статусе «ўнівэрсытэту на выгнаньні» нават без навуковых вынікаў. І менавіта таму ў нейкі момант адміністрацыя проста адарвалася ад рэалій, выйшла ў адкрыты космас і недзе там дагэтуль застаецца.

Як вядома, унівэрсытэт ужо атрымліваў некалькі разоў нэгатыўныя адзнакі ад Цэнтру ацэнкі якасьці навучаньня. Адміністрацыя спрабуе давесьці, што ўнівэрсытэт вельмі эфэктыўны, а гэта насамрэч ня так. Бюджэт не сфармаваны, і ўнівэрсытэт больш не атрымлівае фінансаваньня ад найбольш буйных донараў, якія цягам доўгіх гадоў яго падтрымлівалі. Перш за ўсё гэта Nordic Council, які спыніў фінансаваньне праз паўтара года пасьля таго, як выйшла маё першае расьсьледаваньне.

Прычына 2.

Унівэрсытэт у Вільні цалкам капіюе беларускую сыстэму кіраваньня.

Там цяпер навучаецца 847 студэнтаў, большасьць зь іх беларусы. Але ніякай альтэрнатывы беларускай сыстэме, у якой адміністратар жалезнай рукой аддае загады сваёй вернай камандзе, у ЭГУ не існуе.

Як мы бачым, прызначэньне рэктарам Дэвіда Гары Поліка 4 гады таму і рэструктурызацыя, якая стала правалам унутранай палітыкі ўнівэрсытэту, толькі падтрымліваюць гэты аргумэнт.

Дэвід Полік
Дэвід Полік

Прычына 3.

Вельмі важная інфармацыя наконт будучыні ЭГУ прагучала 4 студзеня, калі ў сэйме Літвы адбылася нефармальная сустрэча палітыкаў і прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі і замежных спраў для абмеркаваньня сытуацыі вакол ЭГУ. Тады дырэктарка цэнтру ацэнкі якасьці адукацыі Нора Скабурскене адзначыла: «Гэта не акадэмічны, а палітычны праект, і таму дзяржава павінная вырашыць, як юрыдычна якасна абгрунтаваць яго існаваньне».

Да ЭГУ ўжо некалькі разоў зьвярталіся з прапановаю вызначыць — яны палітычны праект ці адукацыйны? Адміністрацыя з часу выгнаньня ў Вільню прытрымлівалася пазыцыі, што ЭГУ — выключна адукацыйны праект. А ў снежні 2017 году сама адміністрацыя на сваім сайце адзначыла, што пры ацэнцы ЭГУ «не была прынятая пад увагу палітычная значнасьць праекту».

Калі Анатоль Міхайлаў будуе палітычны праект, дык яму патрэбная палітычная партыя, а не «ўнівэрсытэт на выгнаньні».

Прычына 4.

Падчас амаль 4-гадовага ўнутранага крызісу ЭГУ пабудаваў мадэль адносінаў з вонкавым сьветам па прынцыпе «крэпасьць у аблозе».

На ўсе запыты да ЭГУ ператварыцца ў выключна адукацыйны праект ці палепшыць якасьць выкладаньня адміністрацыя толькі адгаворваецца, быццам бы ўсё ўнутры добра, ніякіх пераменаў не патрэбна і яны зрабілі такія рэформы, якія оксфардам і кембрыджам ня сьніліся. А ўся інфармацыя пра праблемы — гэта фэйк з боку паўсюдных ворагаў вольнай адукацыі.

Па матэрыялах аўдытараў з Deloitte я пісаў пра тое, што Міхайлаў запытваў для Гары Дэвіда Поліка касьмічны заробак амаль у 230 тысяч эўра — гэта амаль 5% бюджэту ЭГУ. Тады там навучалася толькі 500 студэнтаў, і ўсе, хто можа думаць, разумелі, што гэта занадта вялікая кампэнсацыя для кіраўніка рэгіянальнага ўнівэрсытэту, які ня мае высокіх пазыцый у міжнародных рэйтынгах. Але адміністрацыя ЭГУ стаяла на тым, што толькі яна мае рацыю, і нікога не хацела слухаць.

Прэзыдэнт ЭГУ Анатоль Міхайлаў на цырымоніі ўручэньня дыплёмаў у 2016 годзе
Прэзыдэнт ЭГУ Анатоль Міхайлаў на цырымоніі ўручэньня дыплёмаў у 2016 годзе

Прычына 5.

Многія беларусы спадзяваліся, што ЭГУ пасьля крызісу зноў ператворыцца ў выспу свабоды і добры незалежны ўнівэрсытэт. Бачачы, што аніякіх перамен не адбываецца нават у такім праекце, яны трацяць надзею, што перамены ўвогуле патрэбныя ці магчымыя. Гэткім чынам ЭГУ дыскрэдытуе беларускую незалежную адукацыю і грамадзянскую супольнасьць у цэлым і далей стыгматызуе наша грамадзтва.

«5 прычын, чаму ЭГУ трэба захаваць»

Прычына 1.

ЭГУ можа стаць флягманам незалежнай адукацыі. Застаўшыся ў Вільні, у старажытным горадзе, які вельмі важны для беларускай гісторыі і культуры, ЭГУ дае людзям магчымасьць існаваць у іншай культурнай прасторы, зразумець іншыя мадэлі паводзін, прыярытэты, мадэлі адносін да дзяржавы, грамадзтва, сілавых структураў і чынавенства. Проста зразумець, што чалавек можа існаваць у грамадзтве, якое адрозьніваецца ад сучасных беларускіх рэалій — і сапраўды ўплываць на перамены.

Прычына 2.

ЭГУ можа стварыць багатую навукова-акадэмічную базу для іншых унівэрсытэтаў у сфэры гуманітарных навук. Людзям, якія жывуць, працуюць, навучаюцца ў Вільні, значна лягчэй падтрымліваць адносіны з эўрапейцамі, рабіць супольныя праекты з навукоўцамі ЭЗ і іншых краінаў. Гэта важна, бо ўнутры Беларусі складаней гэтым займацца з розных прычын, у тым ліку фінансавых, палітычных, дый проста з пункту гледжаньня лягістыкі і візавага рэжыму.

Прычына 3.

ЭГУ можа стварыць супольнасьць лідэраў — і раней гэта ў яго добра выходзіла. Атрымаўшы статус унівэрсытэту ў Літве ў сакавіку 2006 году, ЭГУ ўжо падрыхтаваў больш за 2000 спэцыялістаў у галінах сацыяльна-гуманітарных навук, мастацтва. І гэта вельмі каштоўныя людзі, мне прыемна падтрымліваць стасункі з абсалютнай большасьцю студэнтаў, зь якімі я навучаўся разам. «Эгушнік» — гэта своеасаблівы культурны код ці пароль, «свой чалавек».

Прычына 4.

Захаваўшыся ў Вільні як навуковая, а не палітычная ўстанова, ЭГУ можа дапамагчы Беларусі палепшыць адносіны з Эўразьвязам. Гэта зьвязана з новай палітыкай Беларусі, умоўнай «новай лібэралізацыяй». Я ўпэўнены, што беларускія ўлады цалкам разумеюць пагрозу, якая паходзіць з боку Расейскай Фэдэрацыі пасьля 2014 году. Усё тое, што МЗС апошнім часам робіць для паляпшэньня адносін Беларусі і ЭЗ, мог бы рабіць ЭГУ на ўзроўні грамадзтва. Гэта не азначае, што ЭГУ павінен быць у якім бы там ні было сэнсе камплімэнтарным да цяперашніх уладаў. Унівэрсытэт не павінен захоўваць ці абараняць палітычныя мэты дзяржавы, ён павінен займацца пашырэньнем ведаў — гэта тычыцца любых унівэрсытэтаў у любой краіне. Унівэрсытэт павінен абараняць інтарэсы людзей і грамадзтва і прапаноўваць якасную адукацыю, якая не залежыць ад палітычнай каньюнктуры.

Прычына 5.

ЭГУ можа спрычыніцца да дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Але толькі тады, калі сам будзе кіравацца тымі ж прынцыпамі, якія прапагандуе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG