Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы «датэрміновы» дзень на мясцовых выбарах: без энтузіязму


13 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне па абраньні дэпутатаў мясцовых саветаў. Карэспандэнты Свабоды пацікавіліся, як гэтае мерапрыемства праходзіць у рэгіёнах Беларусі.

Берасьцейшчына: у Бярозе выбарнікі не ідуць на ўчастак зь незалежным назіральнікам

Бярозаўскі кандыдат у дэпутаты раённага савету ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Кабанаў у першы дзень датэрміновага галасаваньня абышоў некалькі выбарчых участкаў. Яго ўразіла, што на ўчастку, дзе ёсьць незалежны назіральнік, — яўка зусім невысокая, а на іншых ужо прагаласавалі дзясяткі чалавек.

«Я абышоў чатыры ўчасткі. І толькі на адным зь іх заўважыў двух выбарнікаў. Агулам я правёў на ўчастках больш за гадзіну. На адным участку было ўжо каля 30 чалавек, якія прагаласавалі, на другім — яшчэ болей. Але, цікава, што на ўчастку, дзе незалежны назіральнік, да 13 гадзіны прагаласаваў толькі адзін чалавек», — кажа Аляксандар Кабанаў.

Ён мяркуе, што яўку могуць адмыслова «накручваць, каб паказаць карцінку».

«Тут два варыянты. Некаторым катэгорыям выбарнікаў сказалі дзесьці на прадпрыемствах, каб схадзілі прагаласаваць датэрмінова. То людзі, можа, і вырашылі пайсьці „адстраляцца“, каб адчапіліся. А маглі і выбарчыя камісіі нешта нахімічыць. Ярмошына ж сказала, што, на яе думку, яўка будзе больш за 70%. Значыць, участковыя камісіі будуць старацца гэтую яўку „зрабіць“», — разважае кандыдат у дэпутаты.

Аляксандар Кабанаў перакананы, што хоць на гэтых выбарах і няма парогу яўкі, «улады зробяць яе высокай».

На выбарчым участку ў Бярозе
На выбарчым участку ў Бярозе

Віцебск: «спакойна і нават сумна»

У першы дзень галасаваньня на Віцебшчыне запрацавалі 760 выбарчых участкаў, у сьпісы выбарнікаў залічаныя каля 867 тысяч грамадзян.

На ўчастку № 17, які месьціцца ў віцебскай сярэдняй школе № 31, назіральніцай зарэгістраваная Тацяна Севярынец. Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД удзельнічае ў выбарчых кампаніях ужо другое дзесяцігодзьдзе.

Камісія ставіцца збольшага прыязна, адзначае назіральніца, хоць нейкая напруга ўсё ж у паветры лунае.

«Участак для датэрміновага галасаваньня — звычайны кляс. Уздоўж вокнаў — сталы для камісіі, перад дошкай, асобна, сталы для старшыні, намесьніка, сакратаркі. Назіральнікі бачаць іх і частку камісіі. Ня ўсю, бо пасярэдзіне памяшканьня ажно тры кабінкі і скрыні. У кабінках вісіць узор запаўненьня бюлетэня. Кандыдатаў два: прэтэндэнтка ад дэмакратычных сілаў Ірына Захарава ў сьпісе першая, але „птушка“ ва ўзоры стаіць у другім радку — там, дзе прозьвішча праўладнага вылучэнца», — кажа спадарыня Севярынец.

Актывістка напісала заўвагу на імя старшыні камісіі, на што ёй адказалі: «А што ж мы зробім, такі нам далі». Прапанавала павесіць на інфармацыйны стэнд памятку «Жанчыны супраць фальсыфікацый», распрацаваную жаночымі няўрадавымі арганізацыямі. Павесілі без пытаньняў.

Што да актыўнасьці выбарцаў, то яна аніякая, кажа спадарыня Тацяна.

«Галасаваньне пачалося ў 10.00. Апоўдні было трое, хто прагаласаваў, да 14 гадзіны — 8 чалавек. Столькі ж — на суседнім участку № 16. Прыходзяць у асноўным пэнсіянэры. Пытаюцца: „А чаму два бюлетэні?“ Ім адказваюць, што абіраюць і ў гарадзкі, і ў абласны саветы. А яны дзівяцца: ці так можна?» — кажа яна.

Участак № 17 — звычайны гарадзкі, тут панавокал жылыя шматпавярховікі. Севярынец тэлефануе калегу Мікалаю Клімаву, назіральніку на ўчастку № 6 у політэхнічным каледжы. Той кажа, што выбарнікаў таксама няшмат — усяго 3 чалавекі прыйшлі да 12:00.

З асабістага досьведу назіральнікаў вядома, што навучэнцаў і студэнтаў звычайна заганяюць галасаваць датэрмінова бліжэй да канца тыдня — да дня выбараў. Пакуль на выбарчых участках спакойна і нават сумна, кажа Тацяна Севярынец.

Гомель: «Сказалі прыйсьці — прыйшоў прагаласаваў»

У ДК культуры «Гомсельмашу» па праспэкце Касманаўтаў — адразу два выбарчыя ўчасткі: 41 і 42. У першым — толькі тры чальцы ўчастковай камісіі ды двое назіральнікаў ад сельмашаўскага калектыву. Выбарнікаў нямашака.

«На тэрыторыі ўчастку дамы даўняй пабудовы, адпаведна, і выбарнікі сталага веку. Яны любяць прыходзіць галасаваць у асноўны дзень, калі ў ДК працуе буфэт, ладзіцца канцэрт», — кажа старшыня ўчастковай камісіі Сьвятлана Разуванава.

На ўчастку № 42
На ўчастку № 42

На суседнім участку № 42 за першыя паўгадзіны прыйшлі трое выбарнікаў. Жанчына нават рада, што трапіла ў абʼектыў. Двое мужчын сустрэліся на выхадзе.

«Сказалі прыйсьці — прыйшоў прагаласаваў. За каго — не скажу, мая таямніца. За што галасаваў? — мужчына сярэдніх гадоў задумаўся, ды так і не сфармуляваў, зь якімі спадзяваньнямі зьвязанае абраньне новых мясцовых саветаў. Урэшце рэзка махнуў рукою: — А за што тут галасаваць?!»

Старшыня выбарчай камісіі Сяргей Куляшоў зьвяртае ўвагу, што ўчастак абсталяваны празрыстай скрыняй для галасаваньня.

У празрыстай скрыні відаць: прагаласавалі трое
У празрыстай скрыні відаць: прагаласавалі трое

Вельмі насьцярожана сустракаюць журналіста ў камісіі № 43, разьмешчанай у аўтамэханічным каледжы. На ўчастку выбарнікаў няма — толькі чальцы камісіі ды пара назіральнікаў.

Сакратарка камісіі Марыя Блахіна кажа, што да пасьведчаньня патрэбная яшчэ акрэдытацыя. Але ад каго, дакладна сказаць ня можа. Паціскае плячыма і намесьнік старшыні камісіі Ўладзімер Пузікаў.

«Калі былі прэзыдэнцкія выбары, дык прыяжджала тэлебачаньне — у іх былі бэджыкі ад Ярмошынай з ЦВК», — згадвае нарэшце сакратарка ўчастковай камісіі.

«Нельга, нельга фатаграфаваць! — гэтак рэагуюць на фотаапарат і двое чальцоў камісіі на ўчастку № 34, што ў ДК чыгуначнікаў. — Старшыня камісіі на нарадзе, зь ім і вырашайце».

У прасторнай залі ніводнага выбарніка. Толькі двое чальцоў камісіі і двое назіральнікаў ад БРСМ.

На ўчастак № 35 першы выбарнік прыйшоў ужо пасьля адзінаццатай гадзіны. Назваўся Яўгенам, патлумачыў, што ў нядзелю будзе на службе, таму прыйшоў сёньня.

«Мой голас павінен быць улічаны — прыйшоў і прагаласаваў. Лічу, што гэта доўг кожнага грамадзяніна. Я кандыдатаў ня ведаю, інфармацыі ў мяне не было — галасаваў супраць усіх», — кажа Яўген.

За дзьве гадзіны датэрміновага галасаваньня на ўчастак № 35 паступіла 21 тэлефонная заяўка на галасаваньне дома.

«Тэлефануюць інваліды, нямоглыя старыя гараджане, якім ужо за восемдзесят ці дзевяноста гадоў. Будзем езьдзіць са скрынямі ў нядзелю, у асноўны дзень галасаваньня», — кажа намесьніца старшыні камісіі Марына Пытлева.

Пераважна людзі сталага веку ішлі галасаваць у першай палове дня 12 лютага і на ўчастак № 33, што ва Ўнівэрсытэце транспарту. Выключэньнем быў студэнт-трэцякурсьнік: «На выходныя зьбіраюся зьяжджаць, таму галасую сёньня».

Горадня: «Пакуль ідэолягам па шапках не дадуць, на ўчастках будзе цішыня...»

У першы дзень датэрміновага галасаваньня на Горадзеншчыне ніякага ажыятажу. Да абеду на ўчасткі наведаліся ўсяго па некалькі чалавек.

На ўчастку № 14 у Цэнтральнай акрузе Горадні даводзіцца больш за паўгадзіны чакаць, пакуль хоць нехта выйдзе з участку.

«Ды я амаль заўсёды хаджу датэрмінова галасаваць, такая ўжо звычка», — кажа пэнсіянэрка. На пытаньне, ці вызначыла свайго кандыдата загадзя, ці на месцы знаёмілася з праграмай, адказвае: «Асабліва няма з каго выбіраць, мала сёлета кандыдатаў, але я свой доўг выканала».

На адным з участкаў у Агінскай выбарчай акрузе назіральнік незалежнага кандыдата — Сяргей Верамеенка. Паводле яго, хоць участак і немалы — болей за 1800 чалавек, але руху сёньня пакуль ніякага.

«Да абеду прыйшлі сем чалавек, пяцёра зь іх — міліцыянты і супрацоўнікі МНС. Адзін хлопец сьпешна забег і сказаў, што адʼяжджае на працу ў Расею. Карацей, сёньня пакуль строем нікога ня водзяць».

На ўчастку № 66 па Азёрскай шашы назіральнік Анатоль Мышкевіч кажа, што ніякіх парушэньняў выбарчага заканадаўства не зафіксаваў. Паводле яго, у першы дзень галасаваньня, хоць колькасна ўчастак — каля 1900 чалавек, прыйшлі толькі адзінкі.

«Мне здаецца, што на гэтыя выбары асабліва ніхто і ня пойдзе. Бо нават пэнсіянэры ніякай цікавасьці не праяўляюць. Зрэшты, наперадзе некалькі дзён датэрміновага галасаваньня, пабачым», — кажа назіральнік.

Падобная сытуацыя з актыўнасьцю ў першы дзень датэрміновага галасаваньня і ў Слоніме. Назіральнік за выбарамі Іван Бедка зьвярнуў увагу на тое, што на гэтых выбарах нават агітацыйных плякатаў у горадзе менш, чым звычайна:

«Прыйшло толькі некалькі чалавек рознага ўзросту. Некаторыя казалі, што адʼяжджаюць на працу ў Расею. А так людзі нават і гаварыць нічога ня хочуць. Моўчкі возьмуць той бюлетэнь, кінуць у скрыню і моўчкі адыходзяць», — кажа ён.

Назіральнік за выбарамі ад БХК Раман Юргель кажа, што выбары ў мясцовыя саветы — гэта ня той узровень, каб ужо зь першага дня на іх вялі выбарнікаў строем.

«Звычайная практыка нават на парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах, калі ў першы дзень вельмі мала людзей галасуе. А вось калі палічаць вынікі за дзень, то потым пачынаюць прымаць меры. Карацей, пакуль ідэолягам па шапках не дадуць, на выбарчых участках будзе цішыня», — заключае праваабаронца.

Магілёў: Старыя галасуюць датэрмінова, бо да гэтага прывыклі

За першыя тры гадзіны датэрміновага галасаваньня ў Магілёве на 11 і 12 участках, што ў адным з найвялікшых мікрараёнаў гораду «30 год Перамогі», аддалі свае галасы за вылучэнцаў у мясцовыя саветы больш за пяцьдзясят чалавек.

Гэтыя два ўчасткі — у прафэсійным ліцэі № 1. На ўваходзе ў невялікі пакой для датэрміновага галасаваньня стэнд з партрэтамі кандыдатаў на дэпутацтва. У аблсавет па Тэкстыльнай выбарчай акрузе жадаюць трапіць трое прэтэндэнтаў. У гарсавет па Кіраўскай — пяцёра.

Прадстаўніца ўчастковай камісіі на пытаньне пра актыўнасьць выбарнікаў у першыя гадзіны адказвала кароткімі сказамі: «Галасаваць ідуць. І людзі сталага веку. І моладзь».

Суразмоўніца выказала думку, што на выбары прыйдзе ня меней за 65 працэнтаў выбарцаў. Тут жа адзначыла, што на ўчастках зарэгістраваныя сямёра назіральнікаў. Сярод іх прадстаўнік Магілёўскага праваабарончага цэнтру і Беларускага Хэльсынскага камітэту.

На заўвагу журналіста, што ніводнага назіральніка няма на месцы, прадстаўніца камісіі адрэагавала: «Яны прысутнічалі падчас апячатваньня урнаў».

Першымі выбарнікамі, зь якімі ўдалося пагутарыць, былі людзі сталага веку: 80-гадовая кабета і яе 83-гадовы муж.

Мы такія старыя, што прывыклі падначальвацца

«Мы такія старыя, што прывыклі падначальвацца і выконваць усё, што прапаноўвае нам наша кіраўніцтва», — патлумачыла жанчына сваё жаданьне прыйсьці прагаласаваць раней.

Прозьвішча свайго кандыдата суразмоўцы прыгадаць не змаглі, але адзначылі, што ім ён спадабаўся, бо ў яго за плячыма служба ў праваахоўных органах і прэтэндэнт ведае, як падтрымліваць парадак.

Наступны суразмоўца, 94-гадовы мужчына, на пытаньне, ці ня мог ён не пайсьці на выбары, адрэагаваў так: «За сваё жыцьцё я на ўсе выбары хадзіў».

На ягоную думку, паўнамоцтваў у дэпутатаў дастаткова, каб вырашаць мясцовыя праблемы. Усё залежыць ад асабістай актыўнасьці дэпутата, сказаў ён. Тое, што ў Беларусі засталіся саветы, як было ў Савецкім Саюзе, выбарніку імпануе, бо яны даказалі «сваю эфэктыўнасьць». Галасаваў стары за тых вылучэнцаў, якія яму «прыйшліся па душы і якія будуць прымаць правільныя рашэньні».

Моладзь таксама пасьпела зрабіць свой выбар. Разгаварыць яе на тэму іх жаданьня прагаласаваць датэрмінова было няпроста. Пачуўшы пытаньне, маладзёны рэагавалі жартамі і сьмехам.

Некаторыя з навучэнцаў ліцэю ўсё ж прызнаваліся, што галасаваць пайшлі, бо «ім падказалі». Свой голас, нібы згаварыўшыся, усе аддавалі за намесьніка дырэктара па вучэбнай працы ліцэю. На пытаньне, што было б ліцэісту, каб ён адмовіўся галасаваць, суразмоўцы не адказвалі.

Ці будзе новы рэкорд датэрміновага галасаваньня?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG