Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе новы рэкорд датэрміновага галасаваньня?


Лідзія Ярмошына на датэрміновым галасаваньні, выбары ў Палату прадстаўнікоў, 2016 год

Датэрміновае галасаваньне на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі пачынаецца 13 лютага. Традыцыйна яно зойме пяць дзён і скончыцца 17 лютага, напярэдадні асноўнага дня галасаваньня.

Кажуць, сям-там некаторыя жартаўнікі ўжо зрабілі свае выбарчыя стаўкі. Гульня ідзе на тое, колькі адсоткаў выбарнікаў, паводле афіцыйных зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, прагаласуе датэрмінова. Пакуль жа статыстыка сьведчыць, што выбарчая актыўнасьць насельніцтва Беларусі нібыта ўзрастае з кожнай выбарчай кампаніяй.

  • Студзень 2007 году — датэрмінова прыйшлі на ўчасткі 24,9% выбарнікаў.
  • Красавік 2010 — 29,3%.
  • Сакавік 2014 — 32,04%.

А вось якая была дынаміка штодзённага датэрміновага галасаваньня на апошніх мясцовых выбарах:

  • 1 дзень — 3,82%.
  • 2 дзень — 9,8%.
  • 3 дзень — 16,79%.
  • 4 дзень — 24,92%.
  • 5 дзень — 32,04%.

То бок на апошніх выбарах датэрмінова «адзначылася» траціна выбарнікаў. Тады — як, дарэчы, і раней — незалежныя назіральнікі і праваабаронцы заяўлялі пра масавыя парушэньні заканадаўства падчас выбарчай кампаніі. Самыя распаўсюджаныя зь іх: прымус да датэрміновага галасаваньня, завышэньне яўкі выбарнікаў, стварэньне перашкод у працы незалежных назіральнікаў.

Ярмошына заявіла, што перад выбарамі ўзмацніўся «сацыяльны шантаж»

Асноўны дзень галасаваньня па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 18 лютага. Выбарчыя ўчасткі адкрыюцца ў 8.00 і будуць працаваць да 20.00.

Выбары праходзяць у 1309 мясцовых саветаў дэпутатаў па 18 111 выбарчых акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістраваныя 22 278 чалавек. Зь іх:

  • 14 886 вылучаліся шляхам збору подпісаў,
  • 5 340 — працоўнымі калектывамі,
  • 699 — палітычнымі партыямі.

А таксама:

  • 49,13% кандыдатаў у дэпутаты — жанчыны,
  • 5,25% — маладыя людзі да 30 гадоў,
  • 46,51% — дэпутаты папярэдняга скліканьня,
  • 33 чалавекі — грамадзяне Расеі.

Агульная яўка на мясцовых выбарах 2014 году склала, паводле зьвестак Цэнтравыбаркаму, з улікам датэрміновага галасаваньня 77,27% (5 325 922 чалавекі). У 2010 годзе яўка склала 79,1%, у 2007 годзе — 79,2%.

Экспэрт: парогу яўкі няма, навошта тады гэтае датэрміновае галасаваньне?

Сяргей Альфер, архіўнае фота
Сяргей Альфер, архіўнае фота

Сяргей Альфер, спэцыяліст у галіне выбараў, адзначае, што на мясцовых выбарах у Беларусі парогу яўкі ўжо не існуе. То бок дэпутатам становіцца той кандыдат, які набірае простую большасьць галасоў выбарнікаў. Нават калі ў скрынцы ўсяго два бюлетэні, але абодва за аднаго і таго ж прэтэндэнта, то і гэтага хопіць, каб ён стаў уладальнікам дэпутацкага мандата. У такой сытуацыі датэрміновае галасаваньне наагул не патрэбнае, лічыць экспэрт:

«На мясцовыя выбары прыходзіць мала насельніцтва. І гэта зразумела, збольшага мясцовых дэпутатаў ніхто ня ведае. Яны амаль нічога не вырашаюць. Таму рэальная яўка на такіх выбарах вельмі нізкая. Але кіраўнік дзяржавы патрабуе, каб лічбы на выбарах сьведчылі пра падтрымку ягонага курсу. Таму выбарчыя камісіі і робяць усё, каб паказаць нібыта высокую яўку».

Альфер упэўнены, што адмена парогу яўкі выбарнікаў прынцыпова нічога не зьмяніла:

«Як лічылі раней, так і лічаць цяпер. Паглядзіце на вынікі папярэдніх выбараў у 2014 і 2010 гадах. Усюды яўка большая за 70%. Рэальна так не бывае. Але і сёлета, я ўпэўнены, вынікі будуць прыкладна такія самыя».

«У Беларусі на выбарах ужываецца прынцып: пераможца атрымлівае ўсё, — падсумоўвае Альфер. — То бок пераможца ёсьць пераможца, а ўсё астатняе адкідаецца. Пры такім падыходзе ніякага сэнсу ў датэрміновым галасаваньні няма. Але калі ўлада ад гэтага не адмаўляецца, значыць, у яе ёсьць свой інтарэс. Інтарэс гэты мне зразумелы — праз датэрміновае галасаваньне, вынікі якога нашмат прасьцей змахляваць, чым галасаваньне ў апошні дзень, „намаляваць“ лічбы на карысьць праўладных кандыдатаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG