Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётар Машэраў — сівая легенда беларускай сьвядомасьці


13 лютага спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Пятра Машэрава. Паводле розных сацыялягічных апытаньняў, ён самы вядомы і папулярны гістарычны дзяяч Беларусі. Той пэрыяд 1960–1970-х гадоў, які ўвайшоў у гістарычную памяць савецкіх людзей як эпоха Брэжнева, у беларусаў лічыцца эпохай Машэрава. Мы маем справу з фэномэнам масавай сьвядомасьці, які патрабуе свайго тлумачэньня.

Найперш варта адзначыць, што Пётар Машэраў кіраваў БССР больш за ўсіх папярэднікаў — цэлых 15 гадоў.

Але важней тое, што гэты пэрыяд (1965–1980 гг.) быў самы эфэктыўны і спрыяльны ў сацыяльна-эканамічным сэнсе ў савецкай гісторыі Беларусі. Гэта быў завяршальны этап індустрыяльнай рэвалюцыі ў рэспубліцы, якому спадарожнічалі зьмены ўсяго ладу жыцьця беларусаў у лепшы бок. За кароткі час зьмянілася сацыяльная структура грамадзтва, адбылася ўрбанізацыя, вялікая частка сельскага насельніцтва перасялілася ў гарады, атрымала там кватэры, далучылася да вышэйшых спажывецкіх стандартаў, гарадзкой культуры.

Адбылася мэханізацыя сельскай гаспадаркі, калгасьнікі пачалі жаць жыта не сярпамі, а камбайнамі. Сёньня грамадзкасьць вельмі адмоўна ставіцца да мэліярацыі, але для палешукоў яна зьмяніла ўвесь лад жыцьця, яны перасталі быць «людзьмі на балоце». Забесьпячэньне прадуктамі харчаваньня ў Беларусі было такое, пра якое не магла марыць большасьць грамадзян СССР.

Тут не было такой карупцыі, як у Маскве, Закаўказьзі або Сярэдняй Азіі. Захоўвалася вера насельніцтва ў справядлівасьць тагачаснага ладу.

Таму той пэрыяд у жыцьці беларускага соцыюму ўспрымаецца сёньняшнім старэйшым пакаленьнем ледзь як не «залаты век», а зусім не як час таталітарызму і застою. Цалкам зразумела, што ўсё гэта зьвязвалася з прозьвішчам Машэрава.

На гэтым тле выявіліся і асабістыя якасьці Машэрава. Ягоная біяграфія (герой-партызан), ягоны вобраз добра адлюстроўвалі свой час, чаканьні людзей. Думаю, ён не ўпісаўся б у сталінскую эпоху, якая спараджала попыт на «жалезных наркомаў».

Падчас гарбачоўскай перабудовы, Алесь Адамовіч назваў яго «рамантычным сталіністам»

Ужо пасьля, падчас гарбачоўскай перабудовы, Алесь Адамовіч назваў яго «рамантычным сталіністам». У тым сэнсе, што ў той «пэрыяд застою», які вызначаўся цынізмам, двудушшам, Машэраў увасабляў у вачах людзей шчырую веру ў ідэалы савецкага ладу, якія прапаведаваліся афіцыйна.

Кажучы сёньняшняй мовай, ён валодаў харызмай. Машэраў быў выдатным прамоўцам, ягоныя афіцыйныя выступы былі заўсёды натхнёныя. Кантраст з Брэжневым, які цяжка бэкаў і мэкаў, чытаючы па паперцы просты тэкст, моцна ўражваў.

Ён хацеў падабацца людзям, умеў камунікаваць зь імі — што на той час выглядала пэўным нонсэнсам. Машэраў быў зусім не падобны да тагачасных партыйных бонзаў, напрыклад, застылых як муміі чальцоў Палітбюро, якія глядзелі на народ з вышыні прэзыдыюмаў партыйных форумаў. Ягоныя формы камунікацыі з аўдыторыяй хутчэй былі падобныя да стылю амэрыканскіх палітыкаў. Сёньня яго б назвалі папулістам. Машэраў стыхійна авалодаў тымі прыёмамі, якія цяпер называюцца паліттэхналёгіямі. Я чуў некалькі аповедаў, як Машэраў адхіляўся ад стандартных правілаў і дэманстратыўна дапамагаў асобным людзям. Ён добра разумеў, што пагалоска пра ягоныя «добрыя справы» шырока распаўсюдзіцца, абрасьце чуткамі. То бок першы сакратар ЦК сам ствараў міталёгію пра сябе.

Машэраў цалкам адпавядаў тагачасным уяўленьням беларусаў пра добрага цара

На фоне герантакратыі, якая панавала ў цэнтральным кіраўніцтве СССР, гэта моцна яго выдзяляла. Машэраў цалкам адпавядаў тагачасным уяўленьням беларусаў пра добрага цара. Тое, чым была незадаволеная інтэлігенцыя (русыфікацыя, разбурэньне гістарычных помнікаў, мэліярацыя), масавую сьвядомасьць амаль не чапляла. А трагічная сьмерць дадала вобразу завершаныя штрыхі, стварыла легенду пра народнага кіраўніка.

Не выпадкова найбольшая папулярнасьць Машэрава прыпадае на 1990-я гады, калі пасьля распаду СССР і разбурэньня звыклага ладу жыцьця грамадзтва перажывала псыхалягічны шок. Узьнікла настальгія па стабільнасьці і «парадку», якія зьвязваліся ў масавай сьвядомасьці з «машэраўскім часам».

І гэта ня толькі чыста беларуская зьява. Зьвярніце ўвагу, што ў некаторых рэспубліках СССР у 1990-я гады пры падтрымцы народу вярнуліся да ўлады былыя партыйныя кіраўнікі (Эдуард Шэварднадзэ ў Грузіі, Гейдар Аліеў у Азэрбайджане).

Зразумела, што палітыкі ня раз спрабавалі выкарыстаць вобраз Машэрава, каб атрымаць палітычныя дывідэнды. Вячаслаў Кебіч спрабаваў стварыць вобраз палітычнага нашчадка партыйнага кіраўніка БССР.

Не прайшоў міма гэтай постаці і Аляксандар Лукашэнка. На пачатку сваёй дзейнасьці ён імкнуўся абапірацца на аўтарытэт Пятра Машэрава, пазыцыянаваў сябе як прадаўжальніка ягонай справы. Гэта быў адзіны беларускі дзяржаўны дзяяч, зь якім цяперашні беларускі лідэр сябе параўноўваў. Маўляў, Лукашэнка — гэта Машэраў сёньня.

Але хутка вобраз Машэрава зьнік зь беларускага афіцыйнага ідэалягічнага дыскурсу. І таму былі дзьве прычыны. Па-першае, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году дачка партыйнага кіраўніка Натальля Машэрава ўступіла ў выбарчую кампанію і адразу ж, безь вялікіх высілкаў, а толькі за кошт гучнага прозьвішча набрала вялікі рэйтынг. І Лукашэнку давялося прыкласьці вялізныя намаганьні, каб зьняць яе з выбараў. Зразумела, што пасьля гэтага культ Машэрава зьнік зь дзяржаўных мэдыяў.

Па-другое, на той час Лукашэнка вырашыў, што перарос свайго куміра, што ён ужо гістарычная фігура большага маштабу, чым Машэраў. А двух герояў у адной краіне быць ня можа. Таму ў 2005 годзе Лукашэнка выдаў указ аб перайменаваньні менскага праспэкту Машэрава ў праспэкт Пераможцаў і прысваеньні імя былога партыйнага кіраўніка адной са звычайных вуліц сталіцы. Гэтае рашэньне інакш, чым прыніжэньнем памяці Машэрава, назваць нельга. Яно выклікала неразуменьне ў большасьці менчукоў. Тым ня менш Лукашэнка пайшоў на гэты непапулярны крок. Бо езьдзіць кожны дзень на працу па праспэкце імя свайго гістарычнага канкурэнта, напэўна, было для яго непераносным зьдзекам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пяшчаныя буры, карузьлік зь вялікай галавой, асуджаныя хутары. Чым адзначылася эпоха Машэрава

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG