Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Машэраў уратаваў маю бараду», — Яўген Коктыш, які фатаграфаваў кіраўніка кампартыі Беларусі


Пятро Машэраў перад будынкам Дома ўраду ў Менску. Фота Яўгена Коктыша

Адзін з вядомых беларускіх фотакарэспандэнтаў Яўген Коктыш засьпеў толькі фінальны этап кар’еры першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Але гэтага хапіла, каб стварыць галерэю вобразаў папулярнага палітыка камуністычнай Беларусі.

«Любіў журналістаў, да прэсы ставіўся вельмі прыхільна»

Ад сярэдзіны 1970-х і практычна да развалу СССР Яўген Коктыш працаваў у агульнасаюзным Агенцтве друку «Новости» (АПН). Трапіў туды на запрашэньне калегі Юры Іванова, дапамагаў фіксаваць падзеі ў БССР. Адным з абавязкаў было суправаджэньне на афіцыйных мерапрыемствах і ў рабочых паездках кіраўніка ЦК КПБ. Так працягвалася да кастрычніка 1980 году, калі Пятро Машэраў загінуў у аўтакатастрофе блізу павароту на Смалявіцкую птушкафабрыку.

Пятро Машэраў з савецкім генэралітэтам
Пятро Машэраў з савецкім генэралітэтам

«Была магчымасьць кантактаваць, — успамінае Яўген Коктыш. — Наогул ён любіў нас, да прэсы ставіўся вельмі прыхільна. Заўсёды падыходзіў, вітаўся; многіх ведаў, называў па імі ці па бацьку, без аніякай паблажлівасьці, з павагай. Цёплыя стасункі меў з Алесем Бачылам (франтавік, рэдактар выдавецтва „Мастацкая літаратура“. — РС). Яны сябравалі: яму першаму руку пацісьне, потым ужо нам. Пасьля гэтага доўга яшчэ ходзіш ва ўзьнёслым настроі, руку ня мыеш (сьмяецца). Чалавек вялікай дабрыні — неверагодная інтэлігентнасьць, цудоўная аўра...»

Паводле суразмоўцы, Пятро Машэраў ніколі не стараўся напусьціць на сябе штучную сур’ёзнасьць намэнклятурніка, застаючыся простым і даступным у зносінах. Прыгадвае, як падчас адной з службовых выпраў той «абараніў» фатографа ад закідаў Івана Палякова — тагачаснага старшыні прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР.

«Канфліктная» барада Яўгена Коктыша
«Канфліктная» барада Яўгена Коктыша

«Так, аднойчы за мяне нават заступіўся, — са сьмехам успамінае фатограф. — Падчас афіцыйнай імпрэзы да Дня Перамогі падымаемся на Курган Славы, усе разам — і чыноўнікі, і журналісты. Раптам Іван Яўцеевіч Палякоў прычапіўся да маёй барады — маўляў, што гэта за „куст“, трэба тэрмінова згаліць. На што Пятро Міронавіч неадкладна адрэагаваў: „Ды пасуе яму барада, што ты хочаш ад чалавека?“ Разам пасьмяяліся, на гэтым усё і скончылася... Добра тады паздымаў, Машэраў якраз быў з унучкамі, зусім яшчэ тады малымі».

Яўген Коктыш кажа, што доступ да першай асобы БССР быў не такі складаны працэсуальна, як цяпер, — Пятро Машэраў ахвотна ішоў на кантакт з усімі.

Сярод вэтэранаў вайны
Сярод вэтэранаў вайны

«Пра ўсе „фатасэсіі“ дамаўляўся наш шэф, загадчык аддзелу Анатоль Іванавіч Стук, — кажа суразмоўца. — У яго стаяла „вяртушка“, ён узгадняў, калі тое ці іншае мерапрыемства. Ці не найбольш з Машэравым працаваў мой калега Юры Іваноў — у літаральным сэнсе і на зямлі, і ў паветры, бо шмат было рэпартажаў з борту самалёта, верталёта. Скажам, топіць Палесьсе, Машэраў пасьля афіцыйнай імпрэзы сядае ў машыну і перад ад’ездам у аэрапорт кідае кліч — хлопцы, хто са мной? Юра адразу крок наперад... У яго архівах шмат цудоўных здымкаў Пятра Міронавіча, асабліва зь яго 60-годзьдзя».

«Каб яшчэ пажыў, зусім іншае было б разьвіцьцё Беларусі»

Падчас наведваньня Хатыні
Падчас наведваньня Хатыні

На перакананьне Яўгена Коктыша, каб не дачасная сьмерць Пятра Машэрава, Беларусь мела б іншае разьвіцьцё. Асобы такога ўзроўню адукаванасьці і інтэлігентнасьці пасьля яго так і не зьявілася, лічыць суразмоўца.

«Стаўленьне да яго было неверагоднае, — канстатуе Яўген Коктыш. — Гэта паказала і пахаваньне — узьнялася, без перабольшаньня, уся Беларусь. Прычым шчыра, без аніякага прымусу. Праводзілі, плакалі, шкадавалі. Мы гэта ўсё фатаграфавалі — на вялікі жаль, не магу знайсьці тыя нэгатывы, недзе згубіліся падчас шматлікіх пераездаў... Страта, безумоўна, вялізная. Каб ён яшчэ пажыў, пакіраваў, думаю, зусім інакшае было б разьвіцьцё. Хоць і цяжка супрацьстаяць Маскве, але ён умеў адстойваць інтарэсы Беларусі, заступаўся за сваіх супляменьнікаў. Зрэшты, пра гэта шмат хто згадваў».

Тым ня меней, прызнае Яўген Коктыш, Пятро Машэраў таксама быў небязгрэшны. Перадусім гэта тычыцца назойлівай ідэі асушыць балоты, увёўшы «ўратаваныя» землі ў сельгасабарот.

Ускладаньне кветак да мэмарыялу
Ускладаньне кветак да мэмарыялу

«Мабыць, самая вялікая яго памылка — гэта мэліярацыя, — лічыць Коктыш. — Колькі наш празаік Віктар Казько біўся галавой аб сьцяну, каб зьберагчы дубы на Палесьсі, і ўсё марна. Машэраў лічыў так. Дакладней, як мне здаецца, у неабходнасьці глябальнага асушэньня яго пераканалі да такой ступені, што ўсе іншыя пункты гледжаньня проста не ўспрымаў. Падпаў пад магутны ўплыў навукі. У астатнім відавочных праколаў не было. І дагэтуль, калі людзі бачаць у мяне фатаздымкі, рэакцыя практычна адна: „О, Пятро Міронавіч, вялікі чалавек!“ Асабліва людзі маёй генэрацыі, старэйшае пакаленьне, згадваюць амаль з захапленьнем. Ну і дару, раздаю на памяць».

Пяшчаныя буры, карузьлік зь вялікай галавой, асуджаныя хутары. Чым адзначылася эпоха Машэрава

Пятро Машэраў нарадзіўся 13 лютага 1918 году ў вёсцы Шыркі на Сеньненшчыне. У вайну быў камандзірам партызанскага атраду, камісарам партызанскай брыгады, сакратаром падпольнага абкаму ЛКСМ Беларусі. Ад 1965 году — старшыня ЦК кампартыі БССР. Герой Савецкага Саюзу, Герой Сацыялістычнай працы.

Пятро Машэраў на трыбуне XXV зьезьду КПСС, 1976 год
Пятро Машэраў на трыбуне XXV зьезьду КПСС, 1976 год

Загінуў у аўтамабільнай катастрофе 4 кастрычніка 1980 году. Сьмерць Пятра Машэрава дагэтуль выклікае шмат спрэчак. Некаторыя лічаць, што аварыя не была выпадковай — ён быў адным з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду старшыні Савету Міністраў СССР. Маўляў, такім чынам Масква пазбавілася ад занадта папулярнага палітыка, які выгадна вылучаўся на фоне шэрай масы тагачаснай партыйнай намэнклятуры.

Пакінутая хата і занядбаныя палеткі. Рэпартаж з радзімы Пятра Машэрава

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG