Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паралізавалі працу прафсаюзу» — сьледзтва ў справе прафсаюзу РЭП працягнулі


Старшыня РЭП Генадзь Фядыніч

Яшчэ на 3 месяцы, да 1 траўня 2018 году, працягнулі сьледзтва ў справе кіраўнікоў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.

Пра гэта фігурантам справы стала вядома ў Сьледчым камітэце, дзе расьсьледуюць справу. Таксама там пацьвердзілі ранейшыя зьвесткі пра абнаўленьне сьледчай групы.

«Замест былых трох сьледчых цяпер працуюць два новыя», — паведаміў Свабодзе старшыня РЭП Генадзь Фядыніч.

Паводле Фядыніча, сьледчыя патлумачылі неабходнасьць падоўжыць сьледзтва вялікім аб’ёмам працы, якая яшчэ не зробленая.

«У нашых структурах яны забралі 17 кампутараў і кажуць цяпер, што патрэбна іх экспэртыза. Плюс дапыталі больш за 250 сяброў прафсаюзу і актывістаў у розных рэгіёнах — таксама кажуць, што трэба гэты масіў інфармацыі апрацаваць. А тое, што фактычна паралізавалі працу нашага прафсаюзу, іх гэта не цікавіць. Ну сьпішыце інфармацыю з тых кампутараў, а іх аддайце, людзям жа трэба працаваць! Але не, трымаюць», — абураецца Генадзь Фядыніч.

Паводле старшыні РЭП, міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі, у тым ліку расейскія, зь якімі РЭП знаходзіцца ў партнэрскіх сувязях, плянуюць захады ў падтрымку калегаў зь Беларусі.

«Нам з Ігарам Комлікам пакінулі падпіску пра нявыезд, а гэта таксама перашкаджае працы ўсяго прафсаюзу», — заўважыў Генадзь Фядыніч.

Кіраўніка прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгальтара Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году, на іх была заведзеная крымінальная справа аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У той жа дзень, пасьля ператрусаў у офісах РЭП, кіраўніка прафсаюзу Генадзя Фядыніча вызвалілі, а бухгальтар Ігар Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленьнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго таксама ўзялі падпіску пра нявыезд, а справу працягнулі да пачатку лютага. Цяпер стала вядома, што сьледчым патрэбны яшчэ 3 месяцы, каб завяршыць сьледзтва.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

XS
SM
MD
LG