Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт працягнуў справу лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП


Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь

Справа лідэра незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара прафсаюзу Ігара Комліка працягнутая да 2 лютага 2018 году.

Пра гэта Ігар Комлік паведаміў Радыё Рацыя. Паводле Ігара Комліка, пра падаўжэньні расьсьледаваньня яшчэ на 2 месяцы яму сказаў сьледчы падчас допыту ў Сьледчым камітэце.

2 жніўня пасьля ператрусу ў офісе незалежнага прафсаюзу РЭП былі затрыманыя старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч і галоўны бухгальтар Ігар Комлік. Тады ж стала вядома пра завядзеньне супраць іх крымінальнай справы паводле артыкулу аб ухіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. За гэта актывістам пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Вядома, што справа тычыцца дзейнасьці прафсаюзу ў 2011 годзе. Генадзь Фядыніч у той жа дзень выйшаў на волю пад падпіску, але ягонага калегу Ігара Комліка трымалі пад вартай яшчэ 2 месяцы.

Справу кіраўнікоў РЭП распачаў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, цяпер яе вядзе Сьледчы камітэт Беларусі. Актывістаў рэгулярна выклікаюць на допыты; вядома, што сваёй віны яны не прызнаюць. Ад Ігара Комліка таксама вядома, што сьледчыя цікавяцца сьпісамі незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), што, на думку падсьледных, не тычыцца справы.

Ігар Комлік, архіўнае фота
Ігар Комлік, архіўнае фота

«У нас зьяўляюцца сумненьні, наколькі гэта крымінальная справа? Хутчэй гэта пераводзіць яе ў палітычную», — камэнтуе пытаньні сьледчых Ігар Комлік.

Паводле беларускіх праваабарончых арганізацый, улады запалохваюць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці за іх удзел у акцыях пратэсту супраць дэкрэту № 3 «Аб прадухiленьнi сацыяльнага ўтрыманства». Вядома, што РЭП сабраў больш за 45 000 подпісаў супраць дэкрэту і аказваў юрыдычную дапамогу тым, хто супраць яго пратэставаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG