Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня быць скотам!» Перадвыбарчая акцыя ў Гомлі 


Перадвыбарчы пікет у Гомлі.

10 лютага апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты зладзілі ў цэнтры Гомля агітацыйны мітынг пад лёзунгам «Ня быць скотам».

Кастусь Жукоўскі.
Кастусь Жукоўскі.

«Цяперашняя ўлада, чыноўнікі лічаць просты люд за быдла. Гляньце на ўзровень заробкаў — іх хапае толькі на харчы. Тое ж самае мае карова, сьвіньня, бык. Чыноўнікі забясьпечваюць толькі свой дабрабыт, а ўсе астатнія мусяць працаваць за тры капейкі», — кажа адзін з арганізатараў мітынгу, кандыдат у дэпутаты гарадзкога і абласнога саветаў Кастусь Жукоўскі.

Трыццаць тысяч інвэстыцый прывёз у Беларусь, нават ня будучы дэпутатам.

Жукоўскі перакананы, што звычайныя людзі — не скаціна, а — народ. Паводле яго, народ гэты прачынаецца, бо «лядоўня перамагае тэлевізар». На думку кандыдата, чыноўнікаў трэба прызваць да адказнасьці, бо яны за дваццаць тры гады завялі краіну ў эканамічны тупік. Празь мэгафон Жукоўскі зьвяртаецца да апэратара дзяржаўнага тэлебачаньня, які фіксуе мітынг на відэакамэру:

«Тут вось брахлівае тэлебачаньне, БТ, вяшчае пра абяцаньні прэзыдэнта: кожнаму „па пяцьсот“. А каму „па пяцьсот“? Чыноўнікам — за дзень „па пяцьсот“? Ага, а камусьці „пяцьсот“ за год». «Гомельская праўда» піша, што я не зарабіў аніводнага беларускага рубля. Я зарабіў злотыя. У далярах — гэта амаль 30 тысяч. Трыццаць тысяч інвэстыцый прывёз у Беларусь, нават ня будучы дэпутатам».

Выступае Максім Філіповіч.
Выступае Максім Філіповіч.

Вядомы гомельскі блогер Максім Філіповіч, які таксама балятуецца ў два саветы, распавядае мінакам, чаму ходзіць з відэакамэрай і фіксуе падзеі — у іншым разе нікому нельга даказаць сваю правату, калі патрабуецца. Згадвае гісторыю звычайнага жыхара Хойнікаў, якога міліцыянты зьбілі пры дзецях за флікер.

«Я б гэты сьнег брудны жэр, але ніколі б не працаваў на такія органы», — кажа Філіповіч.

Кірыл Сінельнікаў.
Кірыл Сінельнікаў.

Стаць гаспадарамі ў краіне заклікае мінакоў кандыдат ад АГП Кірыл Сінельнікаў.

Мінакі па-рознаму рэагуюць на мітынг апазыцыйных кандыдатаў. Кабета ў гадах Галіна лічыць такую перадвыбарчую агітацыю «занадта гучнай». Асабіста ёй хацелася б «цішэйшую».

Гомельскі будаўнік Сяргей наадварот, зьдзіўляецца: у паўмільённым Гомлі — сорак выбарчых акруг толькі ў гарадзкі савет, звыш двух дзесяткаў — у абласны, аднак агітацыйны мітынг праходзіць толькі ў цэнтры, у мікрараёнах іх ня ладзяць.

«На выбары я пайду. Мне падабаюцца кандыдаты з народу, якія пабылі ў нашай шкуры. Дэпутатам трэба дбаць, каб людзі мелі добры заробак, каб цэны не скакалі ў космас — на харчы, паслугі, на той жа бэнзін», — дадае будаўнік Сяргей.

У агітацыйным мітынгу ўзялі ўдзел кандыдаты ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду», а таксама некаторыя самавылучэнцы.

Мікалай Новікаў.
Мікалай Новікаў.

Гісторык і эканаміст Мікалай Новікаў, кандыдат у дэпутаты ад АГП у гарадзкі ды абласны саветы, які таксама выступаў на мітынгу, падзяляе думку, што выбараў у краіне няма, а ёсьць палітычная кампанія пад назвай «выбары». Аднак ён ня схільны ў гэтай сытуацыі бязьдзейнічаць.

«Выбараў, канечне, няма. Але калі мы ня будзем дамагацца, то іх ніколі й ня будзе. Трэба, каб выбарцы бачылі, што ёсьць альтэрнатыўныя кандыдаты, а ня толькі ляяльныя да ўлады начальнікі, якія сядзяць у саветах і два, і тры тэрміны, нічога не мяняючы. І людзі павінны зразумець, што за сумленныя выбары трэба змагацца», — падсумоўвае кандыдат Новікаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG