Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснаваная Шагалам мастацкая вучэльня стала самым сучасным віцебскім музэем. ФОТА


Будынак былой мастацкай вучэльні, цяпер музэй
Будынак былой мастацкай вучэльні, цяпер музэй

У Віцебску адчыніўся Музэй віцебскай народнай мастацкай вучэльні — установы, заснаванай Маркам Шагалам.

Адкрыцьцё плянавалася яшчэ ў ліпені 2017 году — калі грамадзкасьць адзначала 130-годзьдзе сусьветна вядомага мастака.

Музэй месьціцца ў будынку, якому ўжо 105 год, а мастацкай вучэльні — 99

Зьвесткі пра музэй
Зьвесткі пра музэй

Віцебская народная мастацкая вучэльня адчынілася 28 студзеня 1919 году. Яна стваралася па ініцыятыве Марка Шагала, які ў той час займаў пасаду ўпаўнаважанага ў справах мастацтваў у Віцебску.

Пад вучэльню, заснаваную «для навучаньня жывапісу і іншым відам мастацтва пралетарыяту» была аддадзена нацыяналізаваная пасьля рэвалюцыі маёмасьць — дом Ізраіля Вішняка, віцебскага банкіра.

Амаль 100 год таму ён меў іншы адрас — вуліца Бухарынская, 10. Вучэльня існавала там да 1923 году, менавіта ў гэтых сьценах на запрашэньне Марка Шагала выкладалі вядомыя мастакі — Казімір Малевіч, Мсьціслаў Дабужынскі, Эль Лісіцкі.

Там арганізавалася творчая суполка УНОВІС ( Утвердители НОВого ИСкусства) , якая аб’яднала прыхільнікаў супрэматызму.

Заснавальнік вучэльні Марк Шагал і ягоныя калегі
Заснавальнік вучэльні Марк Шагал і ягоныя калегі

Гістарычнаму будынку вельмі пашанцавала: ён аніколькі не пацярпеў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ня так даўно яму быў нададзены статус нацыянальнага помніка гісторыі і культуры пачатку XX стагодзьдзя 2-й катэгорыі, хоць у савецкі час будынак перажыў істотную перапляніроўку: тут доўгія гады мясьцілася адміністрацыя будаўнічага трэсту № 9.

Вуліца Марка Шагала
Вуліца Марка Шагала

Сучасны адрас музэю — вуліца Марка Шагала, 5А: да юбілею славутага мастака частка вуліцы «Праўды» была перайменавана ў яго гонар. Рэканструкцыя будынка, распачатая яшчэ — 2013-м, была заклікана аднавіць яго першапачатковы выгляд, і грунтавалася на чарцяжах 1923-га году.

Дакумэнты — музэйныя экспанаты
Дакумэнты — музэйныя экспанаты

Сам будынак — ужо музэй

Паводле дырэктара музэя, мастака Андрэя Духоўнікава, будынак былой народнай мастацкай школы ўжо сам па сабе будзе цікавы экскурсантам.

«Тут ня толькі працавалі, але і жылі вялікія мастакі, якія зьмянілі мастацкую культуру сьвету. Увесь выгляд дому — інтэр’еры, лесьвіцы, ляпніна, паркет, шпалеры — адноўленыя або паводле фотаздымкаў, або грунтуюцца на нашых жа знаходках.

Так, у кабінэце, які займаў Марк Шагал, захаваўся фрагмэнт арыгінальнага паркету, і мы аднаўлялі яго па гэтым узоры. Пад старымі шпалерамі, пераклеенымі безьліч разоў, знайшліся тыя самыя, пачатку мінулага стагодзьдзя. Малюнак на іх таксама ўдалося аднавіць, і мы надрукавалі такія шпалеры для сьцен у музэі.

Падчас рэстаўрацыі былі выяўленыя іншыя цікавыя знаходкі, накшталт аўтографа Заіра Азгура, вучня Шагала. Па сутнасьці, галоўным экспанатам музэю ёсьць сам гэты дом, дзе ў пачатку 1920-х гадоў былі закладзеныя асновы сусьветнага дызайну, якія выкарыстоўваюцца да гэтага часу», — кажа дырэктар Музэю віцебскай мастацкай вучэльні.

Дызайнер Аляксандар Вышка дэманструе арыгіналныя шпалеры
Дызайнер Аляксандар Вышка дэманструе арыгіналныя шпалеры

Але ж мэтай стваральнікаў новай культурніцкай установы было ня толькі захаваньне гістарычных рэалій мінулага. У інтэр’ерах шмат сучасных дызайнэрскіх рашэньняў. Прыкладам, на падлозе ў холе можна ўбачыць знакаміты супрэматычны плякат Эль Лісіцкага «Клином красным бей белых», створаны ў 1919-1920-х гадах — у той час мастак- супрэматыст выкладаў у віцебскай вучэльні.

Плякат Эль Лісіцкага
Плякат Эль Лісіцкага

Навучальнай установе і яе гісторыі прысьвечаны некалькі заляў на першым паверсе будынка. На другім — адноўленыя пакоі, якія належалі самым славутым мастакам — выкладчыкам, альбо асобныя экспазыцыі паводле іх творчасьці. Усе яны — выбітныя асобы. Бо спадчына Віцебскай народнай вучэльні складае сеньня значную частку сусьветнай мастацкай культуры.

Андрэй Духоўнікаў праводзіць першую экскурсію для мясцовых уладаў і менскіх гасьцей
Андрэй Духоўнікаў праводзіць першую экскурсію для мясцовых уладаў і менскіх гасьцей

Галоўная адметнасьць музэю — не гістарычныя экспанаты, а сучасныя тэхналёгіі

Новы музэй — інтэрактыўны. І ня толькі таму, што наведнік сам можа «пагартаць» старонкі гісторыі навучальнай установы на адмысловых электронных стэндах.

Дэманстрацыя відэафільму
Дэманстрацыя відэафільму

Ёсьць тут і сапраўдныя дзівосы. Прыкладам, у пакоі Казіміра Малевіча нічога няма апрача стала і крэсла ў стылі пачатку мінулага стагодзьдзя. Але пры адмысловым асьвятленьні гледачы бачаць на сьценах выслоўі мастакЀ — «ідэоляга супрэматызму», і ягоныя накіды, нанесеныя «сакрэтнай» фарбай.

Сьцяна ў пакоі Малевіча
Сьцяна ў пакоі Малевіча

У кабінэце Марка Шагала, апрача адноўленых па старых узорах паркету ды шпалераў, таксама ёсьць даўняя мэбля — шафа, канапа, маленькі столік. Але галоўны цуд — гэта люстэрка. Дакладней, ператвораны ў люстэрка экран, у якім «адлюстроўваюцца» розныя малюнкі.

Вось нябачная рука стварае накід партрэту, а вось зь люстэрка ўжо глядзіць на наведнікаў і сам Марк Шагал. Вось ягоная жонка Бэла, знакамітыя карціны, краявіды Віцебску і Парыжу, дзе Шагал завяршыў свой зямны шлях.

Люстэрка-экран у кабінэце Шагала
Люстэрка-экран у кабінэце Шагала

Звычайная экскурсія па новым музэі разьлічана на 40 хвілін. Але ня менш за гэты час можна правесьці ў кожнай залі, разглядаючы розныя экспанаты — як гістарычныя, так і супэрсучасныя.

З экспазыцыі музэю
З экспазыцыі музэю

Працяг будзе

Яшчэ ня ўсе ідэі стваральнікаў увасобіліся ў жыцьцё: праца над напаўненьнем музэю будзе працягвацца. Ён станецца ў пэўным сэнсе і навуковым цэнтрам, дзе будуць акумулявацца зьвесткі пра мастацтва ХХ -ХХІ стагодзьдзяў.

Незанятая прастора будзе задзейнічана пад новыя экспазыцыі. Тым больш, што нагодаў для іх адкрыцьцяў вельмі шмат: у 2019-м годзе споўніцца 140 год Казіміру Малевічу, а таксама адсьвяткуе стагодзьдзе з дня заснаваньня і сама Віцебская народная мастацкая вучэльня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG