Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малевіч у 1920-я гады запачаткаваў 3D мастацтва» — у Віцебску адкрылася выстава «мастака 21-га стагодзьдзя»


Экспанат выставы CONSTRUCTIO.

Паводле шэрагу крыніц, мастак нарадзіўся 23 лютага 1878 году. Аднак Казімір Малевіч быў вядомым містыфікатарам, і дасьледчыкі не выключаюць, што пэўная блытаніна з годам нараджэньня можа быць зьвязаная зь ягоным асабістым памкненьнем нейкім чынам пераасэнсаваць сваю жыцьцё, і нават сам факт нараджэньня.

Зь Віцебскам сусьветна вядомага майстра зьвязвае тое, што ў 1919–1922 гадах ён тут жыў і выкладаў у Народнай мастацкай школе. І тут жа, у Віцебску, у 1920-я гады ім было створана мастацкае аб’яднаньне «УНОВИС» («Утвердители НОВого ИСкусства»). Яго ўдзельнікі, мастакі-авангардысты, спрабавалі знайсьці адказ на выклікі новага часу, адмовіўшыся ад прыёмаў традыцыйнага жывапісу.

Выступае мастак Аляксандар Малей, побач — куратар праекта Галіна Васільева
Выступае мастак Аляксандар Малей, побач — куратар праекта Галіна Васільева

Але «супрэматызм» як мастацкі накірунак, запачаткаваны аўтарам «Чорнага квадрату», — гэта ня проста рознакаляровыя геамэтрычныя фігуры і рыскі, зазначыў на адкрыцьці выставы «CONSTRUCTIO» віцебскі мастак Аляксандар Малей:

«Гэта, па сутнасьці, мастацкае прадказаньне. Можна сьмела казаць пра тое, што Малевіч у 1920-я гады запачаткаваў 3D мастацтва. Ён ствараў у трохмернай прасторы ўжо тады, калі яшчэ не было кампутараў. І ў гэтай прасторы ён імкнуўся ўтрымаць энэргію. А цяпер уявіце — гэты чалавек, пачынальнік супрэматызму, нарадзіўся амаль 140 гадоў таму! Гэта вельмі шмат. І дзе-нідзе ў сьвеце Малевіча ўжо «паклалі на паліцу», «запісалі ў клясыкі» і пачалі забываць... Вось Шагал — так, гэта ўжо клясыка, але Малевіч — гэта сучасьнік, і нават мастак будучыні. 100 гадоў таму ён ужо быў мастаком 21-га стагодзьдзя!"

Аляксандар Малей кіруе віцебскай мастацкай суполкай «Квадрат». Сярод удзельнікаў — тыя, хто працягвае традыцыі знакамітых папярэднікаў, якіх прынята называць «Віцебскай мастацкай школай».

Мастацтвазнаўца Тацяна Катовіч сярод студэнтаў – наведнікаў выставы
Мастацтвазнаўца Тацяна Катовіч сярод студэнтаў – наведнікаў выставы

Аднак «Віцебская мастацкая школа» — гэта ня проста склад мастакоў, якія працавалі ў Віцебску, лічыць мастацтвазнаўца Тацяна Катовіч:

«Гэта толькі тыя мастакі, якія ішлі сьледам за Малевічам, за ягонай мастацкім аб’яднаньнем „УНОВИС“. Тыя мастакі, якія ў 1920-я гады былі нонканфармістамі, адрыналі традыцыйнае мастацтва і спавядалі новае. У Расеі гэтая зьява называецца „другім часам авангарда“, або „пэрыядам майстэрняў“. Дарэчы, месца, дзе мы прысутнічаем, — арт-прастора на вуліцы Талстога, 7 — гэта таксама ўвасабленьне майстэрняў. У гэтай залі няма эўрарамонту, сьцены пашарпаныя, рознага колеру, на іх — мастацкія працы... Тут якраз і адчуваецца дух „пэрыяду майстэрняў“, калі палёт думкі мастака нічым не абмежаваны».

Увасабленьне “пэрыяду майстэрняў” – сама выставачная заля
Увасабленьне “пэрыяду майстэрняў” – сама выставачная заля

Тацяна Катовіч прывяла на адкрыцьцё выставы сваіх студэнтаў. Нехта з хлопцаў і дзяўчат, можа, упершыню ўбачыў сапраўдны пэрформанс, які прадставіла куратар выставы Галіна Васільева. На падлозе была пакладзена выява чорнага квадрату, і мастачка пасыпала яе жвірам — па краях, пакідаючы ў цэнтры пазнавальны відарыс...

Пэрформанс мастачкі Галіны Васільевай
Пэрформанс мастачкі Галіны Васільевай

На выставе шмат гаварылася пра тое, што Віцебск ня мае права забывацца на сваю мастацкую спадчыну пачатку мінулага стагодзьдзя. Гэтага і не адбываецца: у горадзе ўвесь час увасабляюцца праекты культурна-асьветніцкага накірунку, прысьвечаныя Марку Шагалу, Казіміру Малевічу, іншым прадстаўнікам мастацкага асяродку, якія праславілі Віцебск на ўвесь сьвет.

Наведнікі выставы
Наведнікі выставы

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG