Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй не адчынілі, вуліцу не дарабілі. На 130-годзьдзе Шагала ў Віцебску не хапіла грошай


На некаторых дамах ужо год як няма нумароў

Намер надаць адной зь віцебскіх вуліц імя Шагала летась быў сустрэты зь вялікім энтузіязмам. І напрыканцы чэрвеня 2016 году адбылася ўнікальная імпрэза — прэзэнтацыя вуліцы, на пачатку якой на адным з дамоў прымацавана мэмарыяльная дошка: маўляў, вуліца названая ў гонар мастака.

Імпрэза выйшла вельмі маляўнічая — з выступамі самадзейных калектываў і ўладаў гораду, якія дэкляравалі, што ў горадзе нарэшце зьявіўся новы турыстычны абʼект. І нават не адзін, бо імя Шагала атрымала тая самая вуліца, дзе ў 1920-я гады месьцілася мастацкая вучэльня, у якой выкладалі сусьветна вядомыя пазьней мэтры — Марк Шагал і Казімір Малевіч. Будынак былой вучэльні таксама быў задзейнічаны ў прэзэнтацыі. З расчыненых вокнаў гучала музыка. Стоячы на падваконьнях, выступалі сьпевакі і музыкі. А раз-пораз у аконных праёмах зьяўляўся «сам Шагал».

Прэзэнтацыя вуліцы 24 чэрвеня 2016 г., архіўнае фота
Прэзэнтацыя вуліцы 24 чэрвеня 2016 г., архіўнае фота

Самыя цікаўныя змаглі трапіць і ўсярэдзіну будынка. Віцяблянам абяцалі, што ў ім неўзабаве адчыніцца музэй віцебскай мастацкай вучэльні, якая прынесла Віцебску славу «сталіцы мастакоў». Усе, хто ўбачыў інтэрʼеры будучага музэю, былі ўражаныя: парэнчы залачоныя, на падлозе граніт, мармур ды іншыя каштоўныя матэрыялы! Пры абяцаным тэхнічным абсталяваньні высокага ўзроўню гэтая ўстанова культуры павінна была стаць унікальнай ня толькі для Віцебску, а для ўсёй Беларусі.

Будынак так і не адчыненага музэю
Будынак так і не адчыненага музэю

Адкрыцьцё музэю анансавалася да 130-х угодкаў Марка Шагала, якія горад адзначыў 7 ліпеня 2017 году. Аднак музэй не адчынілі, бо на амбітныя пляны не далі фінансаваньня.

Росьпісы «пад Малевіча» засталіся на вуліцы зь мінулага году
Росьпісы «пад Малевіча» засталіся на вуліцы зь мінулага году

Ня будзе адчынены музэй віцебскай мастацкай вучэльні і да сёлетняга «Славянскага базару», які распачнецца праз два дні.

Такім чынам, 129-я ўгодкі Шагала аказаліся нашмат больш пампэзныя, чым 130-я. Сёлета гарадзкі і абласны аддзелы культуры арганізавалі росьпіс платоў на Пакроўскай вуліцы, дзе прайшло дзяцінства сусьветна вядомага мастака.

Дворык на вуліцы Шагала
Дворык на вуліцы Шагала

А на тое, каб на вуліцы імя Марка Шагала пранумараваць дамы, не хапіла ці то фарбы, ці то імпэту, ці то часу — хоць прайшоў цэлы год.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG