Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зьявілася наглядная гісторыя гораду. Па-расейску


Выява княгіні Вольгі. Паводле паданьня, гэта яна заснавала Віцебск

На газонах уздоўж Маскоўскага праспэкту Віцебску зьявіліся адмысловая канструкцыі з выявамі і датамі. Хто зьяўляецца вытворцам, замоўнікам і ініцыятарам гэтага дапаможніка ў гісторыі Віцебску, нідзе не пазначана.

Пачатак «віцебскай гісторыі»
Пачатак «віцебскай гісторыі»

Выбар гістарычных падзей, увасобленых у візуальнай форме, стварае ўражаньне пра горад, гісторыя якога ўклалася ў 7 арт-абʼектаў. Першы — гэта заснаваньне гораду ў 974 годзе, вызначанае паводле пісьмовых крыніц. Другі — наданьне гораду Магдэбургскага права ў 1597 годзе.

У 1597-м Віцебск атрымаў самастойнасьць
У 1597-м Віцебск атрымаў самастойнасьць

Наступныя два арт-абʼекты прысьвечаныя хутчэй зьявам, чым падзеям: запуску ў Віцебску трамвая (а гэта здарылася амаль 120 гадоў таму, прычым упершыню ў Беларусі) і Віцебскай мастацкай школе, якую праславілі імёны Марка Шагала і Казіміра Малевіча.

Пяты арт-абʼект паведамляе, што 26-га чэрвеня 1944 году Віцебск быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў. А наступная інсталяцыя пераносіць гледачоў у сучаснасьць — нагадвае пра фэстываль мастацтваў «Славянскі базар».

«Славянскі базар» у адным шэрагу з атрыманьнем Магдэбургскага права
«Славянскі базар» у адным шэрагу з атрыманьнем Магдэбургскага права

На гэтым, ва ўяўленьнях аўтараў «вулічнага дапаможніка», гісторыя Віцебску заканчваецца: з апошняга стэнда на мінакоў ужо глядзяць ганаровыя грамадзяне гораду. Усяго гэтым тытулам узнагароджаны каля 60 чалавек, але «ў віцебскую гісторыю» трапілі ўсяго пяцёра: першая жанчына-касманаўт Валянціна Церашкова, ляўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў, славуты баксёр Вячаслаў Яноўскі, актор тэатру імя Якуба Коласа, народны артыст СССР і БССР Фёдар Шмакаў і партызанскі камандзер Мінай Шмыроў.

Ганаровыя грамадзяне Віцебску
Ганаровыя грамадзяне Віцебску

Кожны стэнд зьвернуты «фасадам» да ходнікаў.

З адваротнага боку
З адваротнага боку

Стэнды з гарадзкой гісторыяй зьявіліся ў Віцебску напярэдадні 1043-х угодкаў гораду, якія традыцыйна адзначаюцца 26-га чэрвеня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG