Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На роднай вуліцы Марка Шагала зьявіліся ягоныя ўспаміны і вершы


Да 130-х угодкаў мэтра, якія адзначаюцца гэтымі днямі ў Віцебску, платы ўздоўж Пакроўскай вуліцы вырашылі аздобіць незвычайным чынам — напісаць на іх цытаты зь літаратурных твораў славутага мастака.

Тут, на маленькай віцебскай вуліцы, прайшло дзяцінства Марка Шагала. Але ня ўсе ведаюць, што Марк Шагал займаўся і літаратурнай творчасьцю. У кнізе ўспамінаў «Маё жыцьцё» ён згадваў: «Удзень і ўночы я складаў вершы. Іх хвалілі. І я думаў: «Пайду ў паэты...»

Цытаты з кнігі «Маё жыцьцё»
Цытаты з кнігі «Маё жыцьцё»

Розныя цытаты з гэтай кнігі й знайшлі візуальнае ўвасабленьне на вуліцы, дзе сёньня месьціцца дом-музэй Шагала. «Цытавалі» мэтра юныя віцебскія мастакі: расьпісваць платы даверылі студэнтам і вучням мастацкіх школ.

Яны ж зрабілі крэйдай і малюнкі ў «шагалаўскім» стылі — з фантастычнымі жывёламі і краявідамі Віцебску.

На Пакроўскай вуліцы ў дзень народзінаў Шагала
На Пакроўскай вуліцы ў дзень народзінаў Шагала

Што да вершаў, то іх Марк Шагал пісаў на расейскай мове і на ідыш. Самыя раньнія паэтычныя спробы не захаваліся, і з таго, што было напісана па-расейску, да нашага часу дайшло няшмат. А вось на ідыш паэтычныя кнігі выдаваліся. На расейскую мову зь ідыша вершы Шагала перакладалі Леў Бярынскі, Андрэй Вазьнясенскі і віцебскі паэт Давід Сімановіч. На беларускай Шагал прагучаў у перакладах Рыгора Барадуліна. Праўда, па-беларуску Марка Шагала на Пакроўскай вуліцы не прачытаеш — толькі па-расейску.

Удзельнікі тэатралізаванага шэсьця
Удзельнікі тэатралізаванага шэсьця

7 ліпеня, у дзень народзінаў Шагала, адбылася ня толькі прэзэнтацыя росьпісаў. Па Пакроўскай вуліцы прайшло тэатралізаванае шэсьце, а на падворку дома-музэя Марка Шагала было арганізавана і традыцыйнае штогадовае сьвята «Ў гасьцях у Марка і Бэлы». У гэты дом бацькі будучага мастака пераехалі ў 1900 годзе, і маляваць юнак пачаў менавіта тут — седзячы каля вакна ў сваім пакоі альбо на печы ў кухні.

Тэатралізаваная пастаноўка каля дома-музэя
Тэатралізаваная пастаноўка каля дома-музэя

У 1999 годзе ў двары дома-музэя адкрылі ці ня самы рамантычны помнік Марку Шагалу. Віцебскі скульптар Валеры Магучы паказаў яго юнаком са скрыпкай у выглядзе палітры, на якой вобразы Віцебску плаўна пераходзяць у вобразы Парыжа — горада, дзе Марк Шагал правёў наступныя гады. З гэтым помнікам зьвязаная яшчэ адна мясцовая традыцыя: у ягоны дзень народзінаў скульптурнаму Шагалу заўжды надзяюць на галаву валошкавы вянок — як знак прыналежнасьці да беларускай зямлі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG