Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ня хочуць быць нацыяй


Сяргей Дубавец

Ім нармальна — расейская школа, расейская царква і расейская прапаганда. Нельга ўявіць сабе такую рэакцыю літоўцаў ці палякаў ці французаў — каго заўгодна, каго б мы назвалі нацыяй.

Стась Карпаў у фэйсбуку піша, што мне можна запярэчыць двойчы, бо няясна, што такое нацыя, па-першае, па-другое, ён зьезьдзіў у Камаі, дзе зь беларушчынай усё ok.

Запярэчыць можна і тройчы. Толькі аналёгіі не запярэчыш — з тымі, каго мы б назвалі нацыяй. Беларускі ўзровень абыякавасьці да сябе — як адметнай у сьвеце супольнасьці — бясконцы, нібы беларускі далягляд.

Што такое нацыя? Асабіста мяне задавальняе дэфініцыя вікіпэдыі ці мудрага Браўэра («супольнасьць людзей, якія праз адзіны лёс здабываюць адзіны характар»). Я згодны, што «нацыя — найвышэйшая форма грамадзкага адзінства». І гэтага дастаткова. Але я ўвогуле не пра нацыю. Я пра — ня хочуць.

Вядома, у нас была зьнішчана ўся нацыянальная інтэлігенцыя. Але калі тое было? Хіба можна тлумачыць нехаць сёньняшняй моладзі толькі той катастрофай? Калі б было можна, нешта б мянялася. Але нічога не мяняецца. Сотні маладых людзей вучацца ў Літве і Польшчы, тысячы езьдзяць па сьвеце. І нічога.

Тлумачэньне катастрофай не спрацоўвае — таксама і па аналёгіі. Як і тлумачэньне неспрыяльнымі ўмовамі (антыбеларускі рэжым, няма беларускіх ВНУ). Што, напрыклад, прымушае шматлікі бізнэс называць свае фірмы ня толькі па-расейску, а ўвогуле — ніяк. Уражваюць назвы менскіх гандлёвых цэнтраў, пераважна новых: «Титан», «Импульс», «Спектр», «Магнит», «Базис», «Силуэт»… Тое, што на вачах кожны дзень.

Напраўду агульная млявасьць і абыякавасьць да жыцьця. Вы кажаце, што прадукты не падпісваюць па-беларуску. Мне трапляліся і ўвогуле дзіўныя ўзоры «маркетынгавых» хадоў, якія нельга ўявіць сабе ні ў якой іншай краіне.

Выглядае, што беларусам нармальна — як асколку цывілізацыі паразытаваць на барбарскай Масковіі, якая паразытуе на цывілізаваным Захадзе.

Вядома, тут як тут у дыскусію набеглі «літвіны». Нагадалі мне пра наш з Сагановічам артыкул, дзе мы прапаноўвалі разьвесьці тэрміны гістарычнай Літвы і сучаснай Летувы. Артыкул пісаўся ў пачатку 1990-х, калі Беларусь і Літву яшчэ не дзяліла мяжа. Называць рэчы сваімі імёнамі ніколі ня позна. Але пераназваць сучасную Беларусь у Літву і тады і сёньня было і ёсьць або глупствам або раскольніцкай правакацыяй, якая мала таго, што ня мае ніякай пэрспэктывы ў рэальнасьці, дык наўпрост скіраваная на зьнішчэньне беларускай дзяржаўнасьці і парасткаў беларускай нацыі. Ідэя «літвінства» мае той самы пасыл, што ў мітрапаліта — пра Бога. Слушна заўважыў Вінцук Вячорка — мы, шматканфэсійныя, спрадвеку і трымаемся разам толькі на тым, што Бог адзін. Гэта «скрэпа» нашай беларускай рэлігійнасьці і сьветапогляду ўвогуле.

Беларусы ня хочуць быць нацыяй, а тыя, што хочуць, далучаюцца не да нацыі, а да культуры. То бок, вылучаюцца з масы, адмаўляючы яе галоўны закон — не высоўвацца. Маса падсьвядомасьцю адчувае, што высоўвацца небясьпечна. Адсюль і ніякія назвы гандлёвых цэнтраў і псыхалягічны фільтар на беларушчыну, які ставіцца ў мазгах ад нараджэньня самімі бацькамі. Гэта з аднаго боку.

З другога, з боку дзяржавы, усё пакрытае заслонаю сакрэтнасьці.

Я добра пераканаўся ў гэтым, цэлы год адсочваючы суд над Алесем Юркойцем і іншымі мытнікамі. Вось высунуўся чалавек на правінцыі, далучыўся да культуры, ажывіў сваю Астравеччыну… Мабыць, «занадта» ажывіў. Цяпер там надоўга ціш ды гладзь.

Эпізод, пра які я не згадаў у «Юркойцевым судзе». Алесь распавядаў мне, як на «прафіляктычнай гутарцы» з раённым кагэбістам пасьля ўстаноўкі помніка паўстанцам Каліноўскага, той сказаў яму: «Тебе что, других героев нет?» — «Напрыклад?» — «Например, Суворов».

«Беларусы ня хочуць быць нацыяй» — я ня ведаю, якія праграмы распрацоўваюцца ў шматлікіх аналітычных цэнтрах, каб выйсьці на такі менавіта вынік. Але мне дастаткова таго, што ўсё засакрэчана. Як засакрэчаная база дармаедаў. Як засакрэчаная база выбарнікаў — колькі разоў чуў, што чалавеку прыходзіць запрашэньне на выбары, а чалавек даўно памёр.

Беларусы «жывуць» у шматлікіх засакрэчаных базах саміх сябе і калектыўным несьвядомым адчуваюць гэта. А нацыяй «у базе» і ня станеш, і быць не захочаш.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG