Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайскоўцы сэпаратысцкай Паўднёвай Асэтыі будуць служыць у расейскім войску


Паўднёваасэтынскія вайсковыя падразьдзяленьні ў Цхінвалі.

Савет Фэдэрацыі Расеі на пасяджэньні ў сераду ўхваліў ратыфікацыю пагадненьня паміж Расеяй і Паўднёвай Асэтыяй. Яно дазваляе вайскоўцам сэпаратысцкага рэгіёну Грузіі (у дакумэнце яны названы «грамадзянамі Рэспублікі Паўднёвая Асэтыя») праходзіць службу «на законных падставах і ў добраахвотным парадку» у складзе чацьвёртай расейскай ваеннай базы, якая разьмешчана ў Паўднёвай Асэтыі. Гэта значыць у сутнасьці — служыць у войсках Расеі.

Гаворка ідзе пра тых жыхараў рэгіёну, у каго ёсьць расейскі пашпарт. Аднак, як раней заяўляў кіраўнік Паўднёвай Асэтыі Анатолій Бібілаў, «на сёньняшні дзень пераважная большасьць грамадзян рэспублікі ўжо зьяўляюцца грамадзянамі РФ».

Пагадненьне было падпісана ў сакавіку 2017 году, у Савеце Фэдэрацыі лічаць, што яно «не парушае сувэрэнітэт Рэспублікі Паўднёвая Асэтыя і не мяняе статус яе ўзброеных сіл».

Згодна з дакумэнтам, Мінабароны РФ будзе заключаць з паўднёваасэтынскімі вайскоўцамі кантракт аб праходжаньні вайсковай службы. Пры гэтым на вайсковы ўлік гэтыя вайскоўцы будуць станавіцца ў камісарыятах расейскай паўночнакаўкаскай рэспублікі Паўночная Асэтыя.

У тэксьце падпісанай дамовы Мінабароны РФ таксама абавязалася рыхтаваць кадры для сэпаратысцкага рэгіёну ў сваіх сярэдніх і вышэйшых ваенных ВНУ і паабяцала паэтапна падняць паўднёваасэтынскім вайскоўцам заробкі да ўзроўню расейскай арміі.

Вярхоўны Савет Рэспублікі Паўднёвая Асэтыя абвясьціў незалежнасьць ад Грузіі 29 траўня 1992 году ў часе ўзброенага канфлікту з Грузіяй. У 2006 годзе два сэпаратысцкія рэгіёны Грузіі — Абхазія і Паўднёвая Асэтыя — прызналі незалежнасьць адзін аднаго, а акрамя таго, іх незалежнасьць была прызнана непрызнанымі Прыднястроўем і Нагорна-Карабаскай Рэспублікай. Пасьля ўзброенага канфлікту Расеі і Грузіі, вайны ў Паўднёвай Асэтыі ў жніўні 2008 году незалежнасьць абедзьвюх «рэспублік» была прызнана Расеяй. Грузія лічыць сэпаратысцкія Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае РФ у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны.

XS
SM
MD
LG