Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік грузінскага МЗС: «Мы ўдзячныя Беларусі за падтрымку цэласнасьці Грузіі»


Міхаіл Джанэлідзе, архіўнае фота

Міністар замежных спраў Грузіі Міхаіл Джанэлідзе выказаў падзяку Беларусі за падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці яго краіны.

Пра гэта ён заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем.

Віцэ-прэмʼер, міністар замежных спраў Грузіі Міхаіл Джанэлідзэ, які знаходзіцца з двухдзённым візытам у Менску, пасьля завяршэньня сёньняшніх перамоваў са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем заявіў журналістам:

«Яшчэ раз хачу падзякаваць Беларусі за падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Урад Грузіі няўхільна прытрымліваецца мірнага шляху ўрэгуляваньня канфлікту на падставе прынцыпаў міжнароднага права».

Са словаў кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Грузіі можна зразумець, што ягоная краіна ня мае намеру адмаўляцца ад сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці. Так, расказваючы пра тэматыку перамоваў з Уладзімерам Макеем, ён сказаў: «Абмяркоўвалася цяжкая сытуацыя з правамі чалавека, якая склалася ў акупаваных раёнах Грузіі».

Стасункі Менску і Тбілісі актывізаваліся

«Менавіта непрызнаньне кіраўніцтвам Беларусі Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі як сувэрэнных, незалежных ад Грузіі рэспублік вельмі моцна зблізіла афіцыйныя Тбілісі і Менск», — падкрэсьлівае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«Нездарма ў абедзьвюх сталіцах адзначаюць высокі ўзровень узаемаразуменьня і даверу. А ў апошнія два гады ў дадатак да гэтага канстатуецца яшчэ і значная актывізацыя кантактаў на ўсіх узроўнях. Нельга не адзначыць, што ў Грузіі нядаўна адкрылася амбасада Беларусі. І гэта пацьвярджае згаданыя тэндэнцыі.

Нават пасьля вайны ў жніўні 2008 году паміж Расеяй і Грузіяй у Беларусі з Грузіяй захоўваліся дыпляматычныя дачыненьні. Гэта наўрад ці было б магчымым, калі б Беларусь прызнала сэпаратысцкія рэжымы Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Да таго ж, нягледзячы на афіцыйны выхад Грузіі з СНД, у яе зь Беларусьсю працягваў функцыянаваць бязьвізавы рэжым. Кіраўніцтва дзьвюх краінаў бязь лішняга шуму хутка абнавіла і падпісала адпаведныя дакумэнты».

Аднак паміж Грузіяй і Беларусьсю, на думку экспэрта, існуюць і істотныя адрозьненьні:

«Мне давялося апошнім часам некалькі разоў быць у Грузіі. Магу сказаць, што ўмовы дзейнасьці апазыцыі там намнога прасьцейшыя, проста не супастаўныя з беларускімі рэаліямі. Так, у Грузіі наогул адсутнічае інстытут акрэдытацыі любых (грузінскіх і замежных) журналістаў. Там заканадаўча забаронена дзяржаўным органам мець свае СМІ. Ёсьць і іншыя грузінскія прыклады дэмакратыі, якія ў сучаснай Беларусі проста немагчыма сабе ўявіць. У Грузіі не працуе нейкі аналяг беларускай прэзыдэнцкай вэртыкалі. Там парлямэнцкае праўленьне.

Ні ў якое параўнаньне зь беларусамі ня можа ісьці і стаўленьне грузінаў да NATO. Па выніках усенароднага рэфэрэндуму за сяброўства Грузіі ў NATO прагаласавала больш за 70%».

XS
SM
MD
LG