Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць крывавых дзён грузінска-расейскай вайны


Мэмарыял грузінскім вайскоўцам, якія загінулі ў ходзе канфлікту

Угодкі расейска-грузінскага ваеннага канфлікту 2008 году ў Грузіі традыцыйна пачынаюць адзначаць 7, а не 8 жніўня.

Згодна з грузінскай афіцыйнай вэрсіяй тых трагічных падзей, узброены канфлікт пачаўся ня 8-га, а ў ноч на 7 жніўня: не з абстрэлу грузінскай артылерыяй гораду Цхінвалі, а маштабнага абстрэлу артылерыяй асэтынскіх узброеных фармаваньняў грузінскага сяла Аўневі, дзе цяжкія раненьні атрымалі два грузінскія міратворцы з складу грузінскага кантынгенту трохбаковых (расейска-асэтынска-грузінскіх) міратворчых сіл, уведзеных у зону канфлікту летам 1992 году.

У дакладзе камісіі Эўразьвязу (так званым «дакладзе Хайдзі Тальявіні») гаворыцца, што «кульмінацыяй» доўгага пэрыяду правакацый і росту напружанасьці стаў артылерыйскі абстрэл Цхінвалі ў ноч на 8 жніўня. У тым ліку з установак «Град».

Грузінскі бок ніколі не адмаўляў відавочнае — устаноўкі «Град» ужываліся. А Расея на афіцыйным узроўні дагэтуль адмаўляе, што менавіта расейскае войска 12 жніўня абстраляла горад Горы (недалёка ад Цхінвалі) ракетай SS-26 «Іскандэр» з касэтнай баявой часткай. Ракета разарвалася ў цэнтры Горы, зусім побач ад знакамітага помніка Іосіфу Сталіну, які цяпер ужо зьнесены ўладамі.

Яміна, пакінутая расейскім снарадам на цэнтральнай плошчы Горы
Яміна, пакінутая расейскім снарадам на цэнтральнай плошчы Горы

У выніку абстрэлу цэнтральнай плошчы Горы, загінулі дзясяткі мірных жыхароў, у тым ліку галяндзкі тэлеапэратар. Абломкі ракеты «Іскандэр» да гэтага часу захоўваюцца ў МУС Грузіі. Як і ўсе матэрыялы, якія даказваюць выкарыстаньне касэтных боепрыпасаў.

Зь іншага боку грузінская армія таксама выкарыстоўвала «касэтнае ўзбраеньне», але міністэрства абароны Грузіі сьцьвярджае, што касэтныя снарады ўжываліся толькі дальнабойнай артылерыяй для бамбаваньня аўтадарогі ад Рокскага тунэлю да Цхінвалі, па якой з 8 жніўня рухаліся калёны расейскай вайсковай тэхнікі.

Адкрыцьці былога галоўнакамандуючага

Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі да гэтага часу спрабуе растлумачыць грамадзкасьці, чаму ў ноч на 8 жніўня ён аддаў арміі загад аб маштабным наступе для «аднаўленьня канстытуцыйнага парадку» ў Паўднёвай Асэтыі. Апошняе яго інтэрвію на гэты конт было нядаўна паказана ў эфіры тэлекампаніі «Руставі-2».

У гэтым інтэрвію Міхэіл Саакашвілі сказаў (прычым ўпершыню) шмат цікавага аб сваіх матывах у тыя дні. Былы прэзыдэнт нагадаў, што ўвечары 6 жніўня ўжо зьбіраўся ляцець у Пэкін для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў, але яму паведамілі, што паўднёваасэтынскія ўзброеныя фармаваньні пачалі маштабны абстрэл грузінскіх сёлаў Паўднёвай Асэтыі. У тым ліку сяла Аўневі і найбуйнейшага ў рэгіёне сяла Тамарашэні з так званага «грузінскага анкляву», які прылягае да Цхінвалі з поўначы.

Паводле Саакашвілі, прэзыдэнт Паўднёвай Асэтыі Эдуард Какойты да таго часу адкрыта заявіў аб рашучасьці «ачысьціць Ліяхвскую цясьніну».

Абараніць Тамарашэні і Ліяхвскую цясьніну, якая прымыкае да Цхінвалі з поўначы, з вайсковага пункту гледжаньня можна было толькі маштабнай атакай з поўдня на сам Цхінвалі. Ва ўсякім выпадку, менавіта так свае дзеяньні тлумачыць экс-прэзыдэнт. Але значна цікавейшая і больш характэрная іншая фраза Міхэіла Саакашвілі.

Міэіл Саакашвілі ў зоне канфлікту з Абхазіяй, 30 кастрычніка 2007
Міэіл Саакашвілі ў зоне канфлікту з Абхазіяй, 30 кастрычніка 2007

У згаданым інтэрвію ён так змадэляваў верагодны ход падзей: грузінская армія бязьдзейнічае; асэтынскія і паўночнакаўкаскія добраахвотніцкія фармаваньні атакуюць грузінскія сёлы Ліяхвскай цясьніны з боку Цхінвалі і з поўначы, з боку Джавы; грузінскія ўцекачы масава пакідаюць дамы і прыбываюць у Тбілісі; у сталіцы пачынаюцца хваляваньні — апазыцыя абвінавачвае прэзыдэнта ў няздольнасьці і бязвольлі абараніць грузінскае насельніцтва Паўднёвай Асэтыі; скарыстаўшыся масавымі беспарадкамі ў сталіцы і разгубленасьцю арміі, у Тбілісі урываюцца асэтынскія і паўночнакаўкаскія фармаваньні; пры гэтым Захад «паціскае плячыма», паколькі вайна набывае характар грузіна-асэтынскага, а не расейска-грузінскага канфлікту, гэта значыць, не канфлікту паміж «вялікай Расеяй і незалежнай Грузіяй», а паміж грузінскай дзяржавай і асэтынскай нацыянальнай меншасьцю.

«У гэтым выпадку стаўленьне Захаду да канфлікту было б зусім іншым», — заявіў Міхэіл Саакашвілі. Ён даў зразумець, што менавіта загад аб бамбаваньні Цхінвалі і маштабная атака на Паўднёвую Асэтыю прымусілі Расею і расейскае войска выйсьці з камфортнага становішча назіральніка за грузіна-асэтынскім канфліктам і актыўна ўключыцца ў баявыя дзеяньні. «Як наступства, Захад актыўна ўмяшаўся, мы выратавалі Тбілісі, а таксама нашу дзяржаўнасьць», — падкрэсьліў Міхэіл Саакашвілі.

Раней, у іншым сваім выступе, кажучы пра прычыны і магчымыя наступствы «пяцідзённай вайны», былы прэзыдэнт вымавіў дзіўную фразу: «У тыя дні была небясьпека, што над Тбілісі мог залунаць асэтынскі сьцяг, а Захад паціснуў бы плячыма і сказаў, каб мы разьбіраліся з асэтынамі, а не з Расеяй, якая тут нібыта ні пры чым».

Факты і інтэрпрэтацыі

У трагічнай статыстыцы «пяцідзённай вайны» ёсьць адна дзіўная на першы погляд асаблівасьць: у першыя гады пасьля канфлікту было дакладна ўстаноўлена, што з 8 па 12 жніўня з расейскага боку загінулі 67 вайскоўцаў. У тым ліку расейскія міратворцы.

Акрамя таго, скрупулёзна падлічана, што ў пэрыяд з 8 па 12 жніўня загінулі 170 грузінскіх вайскоўцаў (у тым ліку грузінскіх міратворцаў), 14 супрацоўнікаў МУС Грузіі і 224 мірных жыхароў — грузінаў. Колькасьць параненых мірных жыхароў і вайскоўцаў складае 2 232 чалавекі.

Гэтак жа дакладна вядома, колькі асэтынскіх мірных жыхароў загінула з 8 па 12 жніўня: сьледчы камітэт пры пракуратуры РФ праз год апублікаваў афіцыйныя зьвесткі: за пяць дзён канфлікту загінулі 162 мірных жыхараў Паўднёвай Асэтыі.

А няяснасьць у тым, што да гэтага часу не вядома, колькі за той самы пэрыяд (гэта значыць, з 8-га па 12 жніўня 2008 году) загінула вайскоўцаў паўднёваасэтынскай арміі. Афіцыйна такога войска не існавала, але яно праводзіла вайсковыя парады ў Цхінвалі і мела на ўзбраеньні цяжкую артылерыю, якой і былі абстраляныя сяло Аўневі, Тамарашэні і іншыя.

Адразу пасьля пачатку баявых дзеяньняў, паўднёваасэтынская армія ў інтарэсах інфармацыйнай вайны была перайменаваная ў «апалчэньне». Але зноў узьнікае пытаньне: няўжо сярод паўднёваасэтынскага апалчэньня ніхто не загінуў з 8 па 12 жніўня 2008 году? Чаму ёсьць дакладныя зьвесткі аб колькасьці загіблых мірных жыхароў Паўднёвай Асэтыі, але няма ніякіх дакладных зьвестак аб колькасьці загінулых сярод байцоў асэтынскага апалчэньня?

Многія грузінскія экспэрты робяць выснову, што практычна ўсе з 162 «мірных жыхараў» Паўднёвай Асэтыі, згаданых у выніковым дакладзе кіраўніка сьледчага камітэту расейскай генпракуратуры Аляксандра Бастрыкіна, якраз і былі байцамі апалчэньня, але афіцыйна мелі статус «мірнага жыхара».

Вайсковы марш уздоўж Паўднёвай Асэтыі

У дні дзявятых ўгодкаў канфлікту ў Грузіі адбываюцца самыя маштабныя за ўсю гісторыю краіны вайсковыя манэўры дзяржаў-удзельніц NATO, у тым ліку ЗША, Нямеччыны, Турэччыны, Вялікабрытаніі і Славеніі. Акрамя таго, у вучэньнях удзельнічаюць падразьдзяленьні арміі самой Грузіі, а таксама Ўкраіны і Армэніі. Усяго 2 800 вайскоўцаў і сотні адзінак вайсковай тэхнікі — амэрыканскія танкі «Абрамс», бронетранспартэры і баявыя машыны пяхоты нямецкай і нідэрляндзкай вытворчасьці.

Велізарная калёна бранятэхнікі і асабістага складу 1-га жніўня накіравалася з порту Поці праз усю Грузію на былую расейскую вайсковую базу Вазіяні, недалёка ад Тбілісі. Значная частка маршруту вайсковай калёны праходзіла ўздоўж мяжы з Паўднёвай Асэтыяй. На некаторых участках, гэтая мяжа знаходзіцца ўсяго 400 мэтраў ад аўтамагістралі Поці-Тбілісі.

Вучэньні NATO 2017 году ў рэгіёне Поці
Вучэньні NATO 2017 году ў рэгіёне Поці

Палітоляг Георгій Нодзія робіць выснову, што з 2008 года, асабліва на фоне падзей у Крыме і на Данбасе, ўспрыманьне дзеяньняў Расеі з боку захаду кардынальна зьмянілася:

«2008 год усё-ткі шмат зьмяніў у міжнародных адносінах. Гэта быў першы выпадак пасьля Другой сусьветнай вайны, калі адна эўрапейская дзяржава гвалтоўна зьмяніла межы іншай, суседняй дзяржавы. Затым анялагічная інтэрвэнцыя адбылася ва Ўкраіне. Па сутнасьці адбываецца супрацьстаяньне Расеі і Захаду. У 2008 годзе гэта не было ясна шмат каму. Тады некаторыя спрабавалі усё растлумачыць суб’ектыўнымі прычынамі — асабістым стаўленьнем паміж Саакашвілі і Пуціным. Але цяпер ужо ўсім ясна: менавіта ў 2008 годзе адкрылася новая разьдзел адносін паміж Расеяй і Захадам».

Цалкам матэрыял карэспандэтна Свабоды Георгія Кабаладзе чытаць тут.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG