Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр першы касманаўт Украіны Каданюк. «Хай беларус ляціць зь беларускім сьцягам» — казаў ён Свабодзе


Першы касманаўт незалежнай Украіны Леанід Каданюк памёр на 68 годзе жыцьця. Ён раптоўна памёр у парку Царскае Сяло ў Кіеве да прыезду хуткай дапамогі, паведамляе УНН.

Першы касманаўт незалежнай Украіны нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Клішкаўцы Чарнавіцкай вобласьці. З 1976 году працаваў у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына, быў членам атрада касманаўтаў СССР, а пазьней — Расеі.

У 1995 годзе прыняў украінскае грамадзянства і прайшоў падрыхтоўку NASA да касьмічнага палёту па праграме Space Shuttle як спэцыяліст у справе карыснай нагрузкі. У 1997 годзе ўдзельнічаў у місіі STS-87, палёт працягваўся амаль 16 сутак.

У 2002 годзе стаў дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны, у 2011 годзе — дарадцам прэм’ер-міністра па пытаньнях авіяцыі і касманаўтыкі.

Леанід Каданюк неаднаразова даваў інтэрвію і камэнтары беларускай Свабодзе. Вось што ён казаў у 2012 годзе ў інтэрвію Сяргею Навумчыку.

— Юрыдычна я першы ўкраінскі касманаўт, як чалавек, які ўпершыню прадстаўляў у космасе ўкраінскую дзяржаву. Але першы ўкраінец, які пабываў у космасе — гэта наш легендарны Павал Раманавіч Паповіч, але ён ляцеў як грамадзянін Савецкага Саюзу. А як чалавек, які прадстаўляў Украіну, выконваў заданьне ўкраінскага ўраду, які ляцеў з украінскім сьцягам, з украінскім гімнам — гэта быў я.

— У Беларусі такога (як ва Ўкраіне — РС) вытворчага касьмічнага патэнцыялу няма, але мы бачым пэўныя касьмічныя амбіцыі. І калі ёсьць такія касьмічныя амбіцыі — як, на Ваш погляд, магла б іх рэалізаваць Беларусь у цяперашняй сытуацыі? Дый ня толькі ў цяперашняй — нават калі адкінуць эканамічны крызыс, і гэтак далей. Скажам гэтак — пры нармальным эканамічным рэжыме.

— Вы ведаеце, касьмічнымі тэхналёгіямі трэба займацца абавязкова. Але паколькі Беларусь ня мае такога патэнцыялу, навукова-тэхнічнага і асабліва вытворчага, дык хай лятаюць касманаўты. Цудоўна, што паляціць трэці беларус. Я цудоўна ведаю першых двух — Клімука і Кавалёнка, і мне прыемна, што будзе яшчэ адзін касманаўт зь Беларусі. Хай яму шчасьціць і хай будзе ўсё ў яго добра. (Размова адбывалася напярэдадні палёту ў космас ураджэнца Беларусі і расейскага грамадзяніна Алега Навіцкага — РС).

— А як Вы думаеце, Беларусь магла б па такой праграме, як тады ў Вашым выпадку, калі супрацоўнічалі Ўкраіна і Амэрыка, з амэрыканцамі нешта зрабіць, каб ужо паляцеў ня проста этнічны беларус, а са сьцягам беларускім на скафандры?

— Ну, я думаю, што мог бы паляцець і ў праграме ЗША, але ж Вы ведаеце, што цяпер амэрыканцы прыпынілі свае палёты на шатлах. Зараз яны робяць новы касьмічны карабель, але ён будзе ня хутка зроблены. І расіяне зараз робяць новы касьмічны карабель. Так што хай беларус ляціць з расейцамі — зь беларускім сьцягам. Але каб ляцець зь беларускім сьцягам, яму трэба мець грамадзянства Беларусі. Напэўна, трэба, я так сабе ўяўляю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG