Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня партыі БСДП (Грамада) будзе лічыць сваіх магчымых дэпутатаў прызначэнцамі ўлады


Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард

«Нават калі адзін-два ці некалькі нашых партыйцаў і стануць дэпутатамі мясцовых саветаў, я буду лічыць іх прызначэнцамі ўлады», — заявіла 24 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.

Сваю пазыцыю яна тлумачыць тым, што «ў краіне няма выбараў, а дэпутатаў прызначаюць улады».

Між тым БСДП (Грамада) — адзіная з апазыцыйных партый, якая сёлета вылучыла кандыдатаў у дэпутаты болей, чым на папярэдніх выбарах 2014 году. Першы намесьнік старшыні партыі Ігар Барысаў на пытаньне Свабоды, чым гэта тлумачыцца, сказаў, што два гады таму Грамада зьмяніла выбарчую тактыку.

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

«Мы пачалі сур’ёзна рыхтавацца да выбараў у Палату прадстаўнікоў. І ў 2016 годзе ў нас было аж 27 кандыдатаў. На наступныя парлямэнцкія выбары іх будзе яшчэ болей. А мясцовыя выбары — гэта трэніроўка перад парлямэнцкімі. Зараз мы прагледзелі нашы рэсурсы, вызначыліся з рэзэрвам, далі магчымасьць людзям павучыцца правільна зьбіраць подпісы, запаўняць дэклярацыі, камунікаваць з выбарцамі», — сказаў Ігар Барысаў.

Ён дадаў, што тры дні таму выпадкова ляцеў у Менск адным самалётам з адмысловым прадстаўніком Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Ўсходняй Эўропе Кентам Гэрстэтам.

«Я прывёў каардынатару АБСЭ лічбы, аб колькасьці ўключаных у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў дэмакратычных партый, а таксама распавёў пра сытуацыю з нерэгістрацыяй кандыдатаў ад апазыцыі. Кент Гарстэт адзначыў, што вельмі крытычна ставіцца да арганізацыі і правядзеньня выбараў і будзе пра гэта казаць апэлюючы атрыманай інфармацыяй на ўсіх афіцыйных сустрэчах, у тым ліку з Лукашэнкам і Ярмошынай», — сказаў Ігар Барысаў.

Першы намесьнік старшыні БСДП таксама адзначыў, што нават паводле афіцыйных дадзеных, за кандыдатаў партыі ў 2016 годзе прагаласавалі 66 тысяч чалавек. І калі б выбары ў Беларусі праходзілі не па аднамандатных акругах, а па партыйных сьпісах, альбо нават па зьмяшанай сыстэме, то БСДП мела б ў Палаце прадстаўнікоў двух-трох сваіх дэпутатаў.

Аб’ядноўваліся дзьве партыі, а на выхадзе стала тры

Журналісты пыталіся ў кіраўніцтва БСДП (Грамада): чаму сацыял-дэмакратычныя партыі Беларусі ня могуць дагэтуль аб’яднацца ў адну моцную партыю? Згадвалі, што існуюць яшчэ зарэгістраваныя Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці, «Зялёныя», якія падзяляюць сацыял-дэмакратычныя погляды. Існуюць яшчэ і аргкамітэты ў справе стварэньня трох партый, якія стаяць на сацыял-дэмакратычных пазыцыях.

Гісторык Анатоль Сідарэвіч, які ўваходзіць у кіраўніцтва БСДП (Грамада), сказаў, што ягонай партыі не выпадае аб’ядноўвацца з тымі, хто яшчэ не прызнаны ў якасьці афіцыйна зарэгістраванай партыі.

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

«Мы прапанавалі ім увайсьці ў склад нашай партыі, няхай пішуць заявы. А як нам аб’ядноўвацца з партыяй Народнай Згоды? Яны ж у 1996 годзе пасьля так званага другога рэфэрэндуму перабеглі да ўлады. У нас зь імі абсалютна розныя шляхі», — сказаў ён.

А Ірына Вештард згадала пра сумны досьвед аб’яднаньня.

«Памятаю, праводзілі мы такі зьезд дзьвюх партый. Усе перасварыліся. І скончылася тым, што раскалоліся ўжо на тры партыі».

Ёсьць яшчэ адна праграма беларускай сацыял-дэмакратыі

Афіцыйна падставай для прэсавай канфэрэнцыі стала прэзэнтацыя новай праграмы дзеяньняў БСДП (Грамада). Гэта 120 тэзісаў пра тое, як партыя бачыць разьвіцьцё Беларусі.

Прэзэнтавалі новую праграму дзеяньняў некалькі зь яе складальнікаў — згаданыя Барысаў і Сідарэвіч, а таксама генэральны сакратар партыі Мечыслаў Грыб.

Спадар Грыб прызнаў, што падобных праграмаў у беларускай апазыцыі і без таго багата. Успомніў пра праграму 2000 году, над якой ён таксама працаваў.

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

«Тады мы разаслалі яе і прэзыдэнту, і прэм’еру, і ў іншыя ўладныя структуры. Аднак адказу за 17 год няма. Час ад часу бачу, што ўлады адтуль нешта бяруць. Аднак на нас не спасылаюцца. Перажывём мы гэта. Хай бяруць, нам не шкада», — сказаў кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня.

Аўтары праграмы заўважылі: у іхных распрацоўках прапануецца аблягчэньне візавага рэжыму для грамадзянаў як мага большага ліку дзяржаў, якія хочуць наведаць Беларусь.

«Бачыце, нешта ўлада ўсё ж робіць з таго, што мы прапануем. Што будзе наступнае, не бяруся прагназаваць. Але ж жыцьцё прымусіць зьвяртацца да нашай праграмы», — упэўнены Ігар Барысаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG