Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталічнае тэлебачаньне (СТВ) адмовілася ад расейскага складніка ў сваёй праграме! Такую навіну нядаўна актыўна абмяркоўвалі недзяржаўныя інфармацыйныя рэсурсы і сацсеткі. У чаканьні новай эпохі БТ ды рэвалюцыі ў дзяржаўнай мэдыяпрасторы.

Нехта прыгадваў нядаўнюю зьмену міністра інфармацыі й незадаволенасьць працай беларускай тэлевізіі ў адміністрацыі прэзыдэнта — як сваім асноўным рупарам пад час восеньскіх вучэньняў Захад 2017.

Паўставалі адпаведныя пытаньні: чым будуць замяняцца праграмы РЕН ТВ, наколькі сур'ёзныя памкненьні канала да новага кроку ў сваёй праграмнай палітыцы і як гэтыя абставіны паўплываюць увогуле на канцэпцыю разьвіцьця ўсёй беларускай тэлевізіі, маўляў, гэты крок СТВ — як пробны шар, такім чынам высьвятляюць рэакцыю расейскага боку, спрабуюць надаць прыярытэт свайму кантэнту, правяраюць свае магчымасьці, што мусіць пацягнуць за сабой творчае разьвіцьцё і зрух у новую эпоху.

Але, як той казаў, фокус ня ўдаўся. Празь непрацяглы час выявілася, што РЕН ТВ з усім сваім кантэнтам, разьлічаным на падлеткаў і пэнсіянэраў, вяртаецца ў праграму Сталічнага тэлебачаньня.

Верыць у тое, што ўся разам узятая так званая беларуская тэлевізія ў тых умовах і з тым адміністрацыйным і творчым патэнцыялам, што яна цяпер мае, можа дазволіць сабе «новую эпоху» і разьвіваць нешта цікавае і сваё, прынамсі цяжка. Бо калі, напрыклад, прагледзець праграму СТВ, то збольшага стане зразумелай генэральная лінія каналу — ніякіх праблем не існуе, а калі існуюць, то па-за межамі сінявокай краіны, пра тое ў розных праграмах якраз і распавядае нашым гледачам расейскае РЕН ТВ.

Тут і «Территория заблуждений», дзе «кожны дзень прыносіць навуковыя сэнсацыі, якія супярэчаць нашым звыклым ведам» і «Военные тайны», дзе «ваенных таямніц зь цягам часу не становіцца менш, іншы раз яны набываюць усё больш складаны, заблытаны, злавесны характар», і «Загадки человечества», дзе «гледачоў чакаюць падарожжы ў месцы, якіх няма на карце, загадкі небясьпечных рэліквій і таямнічых прароцтваў» і «Тайны Чапман», дзе прапануюцца «гісторыі пра тое, як насамрэч уладкаваны сьвет і чаму колькасьць прыродных катастроф за апошнія гады вырасла ў некалькі разоў», і «Самые шокирующие гипотезы», дзе «пошук заканамернасьцяў і паралеляў у самых неверагодных зьявах нашага жыцьця і загадкі патаемных куткоў нашай падсьвядомасьці».

Увесь гэты кантэнт, па-першае, мае мала агульнага зь беларускай рэальнасьцю і з рэальнасьцю ўвогуле, па-другое, усе гэтыя тэорыі змоваў і навязаная эзатэрыка падаецца з расейскага пункту гледжаньня, дзе нас няма як нацыянальнага суб’екту.

І калі першае не перашкаджае існуючай канцэпцыі беларускай тэлевізіі, то другое, асабліва пасьля Крыму й Данбасу, выклікае лёгкую насьцярожанасьць чыноўнікаў, адказных за тэлевізійнае вяшчаньне і мэдыяпрастору.

Але чым замяніць увесь гэты «опіюм для народу», які складае добрую палову вяшчаньня СТВ і вывальваецца ў галовы нашага гледача?

Адказ: на сёньня праграмы РЕН ТВ замяняць няма чым і няма з кім.

Па-першае, дадатковай нагрузкі бюджэт СТВ не прадугледжвае.

Па-другое, за столькі гадоў да гэткай сытуацыі прызвычаіліся ня толькі тэхнічна, але й творча, то бок Сталічнаму тэлебачаньню для таго, каб быць сталічным, хапае цалкам праграмы навінаў і яшчэ адной аўтэнтычнай праграмы з красамоўнай назвай «Студыя добрага настрою». Усё, на гэтым творчы патэнцыял, калі гэта можна назваць творчым патэнцыялам, падкрэсьліваю «сталічнага» тэлебачаньня, вычарпаны.

Ня надта адрозьніваецца ад СТВ і вяшчаньне іншых беларускіх каналаў, дзе «Студыя добрага настрою» замяняецца праграмамі пра спорт ці звычайнай кандовай прапагандай, якая, між тым, паводле напору й якасьці безумоўна саступае расейскім аналягам, а на месцы РЕН ТВ — якое-небудзь НТВ.

Тыя, хто пільнуе дзейнасьць тэлевізіі РБ, безумоўна, падпарадкоўваюцца загадам улады, а ўлада ў нас — сама квінтэсэнцыя правінцыйнасьці, у якой слова «творчасьць» выклікае сапраўдныя душэўныя пакуты. Яе прыярытэты не хаваюцца, гэта вайсковыя парады й «Дажынкі».

Калісьці ў краіне перамоглага нямецкага сацыялізму — ГДР — выдалялі апэндыкс ва ўсіх нованароджаных немаўлятаў. Прыкладна тое самае робіцца з творчым пачаткам тых супрацоўнікаў, хто прыходзіць працаваць на СТВ ці іншую беларускую тэлевізію, дзе што ні робіцца, але на выхадзе маем праграму «Студыя добрага настрою».

Такім чынам праграмы РЕН ТВ разглядаюцца ня ў якасьці канкурэнта, але ў якасьці дармовай халявы, якая дапамагае трымацца на плыву, але душыць творчае разьвіцьцё. Прысутнасьць РЕН ТВ у сетцы нашага вяшчаньня можна акрэсьліць як адзнаку й таўро правінцыі.

Больш за тое, атмасфэра, якая прадукуецца такімі пакетамі вяшчаньня, наўпрост зьнішчае не адно творчы патэнцыял нашае тэлевізіі, але й творчы патэнцыял народу.

Мы сталіся закладнікамі гэтай гнятлівай атмасфэры, дзе чалавек перастае быць асобай, дзе няма творчых авантураў, драйву й свабоды.

Кола замыкаецца, пакуль такая атмасфэра будзе існаваць, ніякае сапраўднае ці ўмоўнае РЕН ТВ ня выціснуць з нашай інфармацыйнай і проста прасторы, а «сталічнае» тэлебачаньне будзе сталічным толькі ў назьве.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG