Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэдафілія: добрая страшная статыстыка


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Колькасьць фактаў пэдафіліі ў Беларусі, паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, за апошнія пяць гадоў вырасла ў 15 разоў. Гучыць страшна, але я ўпэўнена, што гэта добры статыстычны паказчык.

Лічбы ў статыстыцы самі па сабе ня значаць ні добрага, ні кепскага, — усё залежыць ад кантэксту. Як можна патлумачыць гэтую лічбу? Альбо ў нас рэзка вырасла колькасьць і ўзровень актыўнасьці пэдафілаў, альбо пра злачынствы супраць палавой недатыкальнасьці малалетніх сталі больш паведамляць у міліцыю, і такія справы сталі часьцей раскрывацца. І ў адной, і ў другой вэрсіі мусяць быць свае прычыны. Каб у краіне так рэзка пагаршалася крымінальная сытуацыя з пэдафіліяй, мусіць адбыцца штосьці надзвычайнае: рэзкая зьмена маральных нормаў альбо прыняцьце законаў, якія абараняюць пэдафілаў. Але ні таго, ні іншага ў нас не адбылося.

Лічбы ў статыстыцы самі па сабе ня значаць ні добрага, ні кепскага.

Злачынцы натхніліся справай Давыдовіча, які атрымаў напраўду сьмешнае пакараньне за незаконныя дзеяньні сэксуальнага характару зь непаўналетнім? Гэтая вэрсія выглядае ня вельмі лягічнай, бо надта шмат ёсьць падазрэньняў, што ў справе Давыдовіча ключавую ролю сыграла ягонае імя. Шараговы пэдафіл — прадавец побытавай тэхнікі ў супэрмаркеце альбо сантэхнік наўрад ці зможа абысьціся ў аналягічнай сытуацыі наймякчэйшай часткай адпаведнага артыкулу крымінальнага кодэксу.

Мне слаба верыцца ў тое, што беларускія пэдафілы вырашылі, што вось цяпер яны дакладна застануцца без пакараньня, і настолькі моцна актывізаваліся.

Нарэшце мы перасталі рабіць выгляд, што ўсё добра, і сталі прызнаваць праблему.

Той факт, што міліцыя фіксуе больш злачынстваў супраць палавой недатыкальнасьці дзяцей, хутчэй нагода радавацца, — нарэшце мы перасталі рабіць выгляд, што ўсё добра, і сталі прызнаваць праблему. Нарэшце адказныя дарослыя сталі заступацца за дзяцей і дабівацца, каб пэдафілаў каралі паводле закону. Нарэшце губляе сілу спрадвечны аргумэнт «на тым сьвеце яму ўсё вернецца», бо вяртацца павінна не ў мітычным «тым сьвеце», а тут і зараз.

І рэч ня толькі ў помсьце і жорсткім пакараньні, «каб больш не захацелася паўтараць». Прыцягваючы пэдафілаў да адказнасьці, дзяржава абараняе іншых дзяцей.

Прыцягваючы пэдафілаў да адказнасьці, дзяржава абараняе іншых дзяцей.

У барацьбе з пэдафіліяй шмат нюансаў: ці караць за захоўваньне дзіцячага порна? Ці складаць адзіную адкрытую базу пэдафілаў альбо «даваць людзям другі шанец»? Ці прымяняць прымусовае лячэньне і (ці) хімічную кастрацыю? Наўрад ці калі-небудзь мы прыйдзем да сапраўдных кампрамісаў па гэтых пытаньнях, і я думаю, што адказы на іх будуць пэрыядычна зьмяняцца ва ўсіх краінах свету. І гэта нармальна.

Заканадаўцам цяжка паставіць апошнюю кропку ў тых пытаньнях, дзе, з аднаго боку, ідзе гаворка пра сэксуальную недатыкальнасьць дзяцей, а зь іншага — пра правы чалавека, якія ёсьць і ў пэдафілаў у тым ліку.

Самае страшнае — наяўнасьць сапраўднага пэдафільскага лобі, пра якое цяпер у Беларусі кажуць ужо і чыноўнікі.

Але ж самае страшнае — гэта не маральныя дылемы пры пошуку кампрамісаў, а наяўнасьць сапраўднага пэдафільскага лобі, пра якое цяпер у Беларусі кажуць ужо і чыноўнікі. Дзмітры Цаюн, намесьнік кіраўніка Галоўнага кіраваньня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС кажа, што сёньня больш жорсткі закон па барацьбе з пэдафіліяй не прымаецца, бо «шэраг зацікаўленых дзяржорганаў не ўзгадняюць праект закону».

Але хай статыстыка робіцца яшчэ горшай — гэта непазьбежны працэс на шляху да паляпшэньня сытуацыі. Як людзям, якія жывуць разам з алька- ці нарказалежнымі, раяць перастаць «ратаваць» сваіх родных і дазволіць ім убачыць самае дно, так і нам варта перастаць верыць у прыгожыя статыстычныя лічбы, у адпаведнасьці з якімі ўсё добра.

Хопіць верыць у тое, што пэдафілаў — мізэрная колькасьць, і што іх відаць за кілямэтар. Людзей, якія працуюць у МУС, шакуе, што «ў міліцэйскай зводцы фігуруюць родныя ахвяраў і людзі, чые прафэсіі абавязваюць дапамагаць дзецям і выхоўваць іх». Як усё ж якасна міністэрства змагаецца з пэдафіліяй, што нават зьдзіўляецца базавым фактам! Вітаем у рэальным сьвеце, так сказаць.

Да таго, каб убачыць сапраўднае дно, я баюся, нам яшчэ вельмі далёка.

А да таго, каб убачыць сапраўднае дно, я баюся, нам яшчэ вельмі далёка. «Не выносіць сьмецьце з хаты» — дагэтуль папулярная стратэгія, дый нярэдка дарослыя проста ня хочуць заўважаць таго, што адбываецца зусім побач з імі.

Калі руйнуюцца ідэалы пра справядлівы сьвет і аказваецца, што пэдафіл — гэта ня страшны зьвер з трылера, а ўласны сын, — гэта вельмі балюча. Але чым больш такіх адкрыцьцяў будзе на ўзроўні асобных сем’яў і цэлай дзяржавы, тым хутчэй мы «дасягнем дна», ад якога зможам адштурхнуцца.

Кожны дарослы чалавек — гэта дзіця, якое выжыла. Дык хай цяперашнім дзецям выжываць будзе прасьцей.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG