Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-кіраўнік Нацбанку пра тры прычыны, чаму беларусы летась прадалі валюты значна болей, чым купілі


Станіслаў Багданкевіч

Беларусы ў 2017 годзе засталіся прадаўцамі валюты. Пра гэта сьведчаць дадзеныя Нацыянальнага банку краіны. Летась продаж насельніцтвам валюты склаў каля 8,3 мільярда даляраў, у той час як куплена было яе на 6,5 мільярда. Такім чынам, беларусы прадалі на 1,8 мільярда даляраў болей, чым набылі.

Гэтая тэндэнцыя захоўвалася на працягу 11 месяцаў 2017 году. Толькі ў лістападзе на ўнутраным рынку ўпершыню за два апошнія гады попыт на валюту перавысіў прапанову. Аднак гэта адбылося ў асноўным з прычыны паводзін юрыдычных асоб — рэзыдэнтаў краіны.

Насельніцтва і ў лістападзе заставалася чыстым прадаўцом валюты. А ўжо ў сьнежні ўсё вярнулася на сваё месца. У апошні месяц году беларусы прадалі на 40 мільёнаў даляраў болей, чым набылі.

Галоўная прычына — зьбядненьне насельніцтва

Так званы чысты продаж валюты, калі насельніцтва здае больш валюты, чым купляе, найперш выкліканы зьбядненьнем насельніцтва, камэнтуе сытуацыю Свабодзе былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

«Летась грашовыя прыбыткі насельніцтва не расьлі. У эканоміцы ж поўная стагнацыя. Таму ўсё, што людзі зараблялі, ішло на спажываньне, нават на праяданьне. А каб падтрымаць звыклы ровень жыцьця, давялося браць валюту з загашнікаў, з адкладзеных раней грошай на чорны дзень», — кажа спадар Багданкевіч.

Экс-старшыня праўленьня Нацбанку называе яшчэ дзьве прычыны чыстага продажу валюты. Гэта вымушаная праца часткі беларусаў за мяжой, асабліва ў Расеі і некаторых краінах Эўразьвязу. Яны шлюць грошы ў сем’і, а сямейнікі нясуць іх мяняць. Другая прычына — трывалая палітыка Нацбанку. Абвалу рубля няма, і людзі пачалі верыць, што можна на нейкі час захаваць лішні рубель і ў беларускай валюце.

Прагноз на 2018 год пэсымістычны

Прафэсар Багданкевіч лічыць, што сёлета сытуацыя з продажам і купляй валюты будзе паступова зьмяняцца.

«Запасы ў кубышках, панчохах і гаманцах у людзей за два апошнія гады зьменшыліся. Цяпер знайсьці „лішнія“ грошы на абмен будзе ўсё складаней. Улады, праўда, абяцаюць рост заробкаў. Але адкуль яны возьмуць грошы, я ня ведаю. Бо мая ацэнка стану беларускай эканомікі — стагнацыя. Істотнага павелічэньня прыбыткаў ня будзе адназначна», — кажа ён.

Раней попыт на валюту ў фізычных асобаў перавышаў прапанову. Былі нават такія пэрыяды, апошні раз у сьнежні 2014 году, калі насельніцтва мела жаданьне набыць валюты на паўмільярда болей, чым прапаноўвалі банкі.

«Калі хочаце хутка, то лепш эмігруйце». Кірыл Руды пра тое, як беларусам пабудаваць багатую краіну

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG